Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАНЯДЗЕЛАК ЭЎРА ЎПЕРШЫНЮ СТАЎ КАШТАВАЦЬ БОЛЕЙ ЗА ДАЛЯР


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Адбылася зьмена пазыцыяў. У лютым 2000 году эўра апусьцiўся нiжэй за адзнаку ў адзiн даляр, і гэта было моцным ударам па прэстыжу эўрапейскай валюты. Тады гэта было ўспрынятае як знак перавагi амэрыканскай эканомiкi. Цяпер гэта ўспрымаецца наадварот. Вядомы амэрыканскi стратэг у валютах Дэвiд Блум зазначыў у зьвязку зь цяперашняй рэальнасьцю на рынках, што “гэта апошнi цьвiк у труну “новай эканомiкi” i што нарэшце рынкi расплюшчылi вочы на праблемы ў Амэрыцы”.

І што ж яны ўбачылi на самой справе, расплюшчыўшы вочы?

Па-першае, што эўра памужнеў. Шмат хто з экспэртаў цьвердзiў, што галоўнай прычынай нiзкiх вынiкаў, якiя эўра дасягнуў у першыя два гады, была завялiкая вера ў эканомiку ЗША. Мiжнародныя iнвэстары таксама ня верылi, што даляр так хутка можа ўпасьцi. Прыкладам, паводле некаторых ацэнак, Цэнтральны банк Кiтаю трымае ў эўра ўсяго толькi 5 адсоткаў сваiх рэзэрваў, пры тым, што 20 адсоткаў гандлёвага абароту ажыцьцяўляецца ў эўра. Экспэрты сёньня пiшуць, што банкi могуць пачаць часткова адмаўляцца ад даляру, а вынiкам станецца яшчэ большае падзеньне амэрыканскай валюты.

Другi момант. У зьвязку з карпаратыўнымi скандаламi апошнiх дзён пахiснулася i вера ў сумленнасьць амэрыканскiх карпарацыяў. Мiжнародныя фондавыя мэнэджэры ня хочуць павялiчваць свае долi ў кампанiях ЗША. Да таго ж акцыi амэрыканскiх фiрмаў нятанныя. Таму iнвэстары вымушаныя пакiдаць грошы дома.

Але вiдавочна, што падзеньне любой валюты ёсьць баромэтрам стану эканомiкi. Цi ня сьведчыць падзеньне курсу даляру пра праблемы ў амэрыканскай эканомiцы?

У значнай ступенi гэта так. Сёньня “Washington Post” пiша, што ўчорашняя мiтусьня на бiржах сьведчыць пра хiсткi стан амэрыканскай эканомiкi. Гэта, на думку вядучых эканамiстаў краiны, ня ёсьць крахам, падобным на той, што адбыўся ў 1887 годзе. Але зараз найгоршыя ўмовы для акцыянэраў пасьля 1930-х гадоў. Складанасьцi даляру зьвязаныя i з тым, што расьце дэфiцыт бюджэту. Ад канца 2000 году прафiцыт бюджэту ЗША ў 300 мiльярдаў даляраў хутка пераўтварыўся ў дэфiцыт, аб’ёмы якога наблiжаюцца да 200 мiльярдаў. Гэта, паводле аналiтыкаў, зьвязана зь iстотнымi ўрадавымi выдаткамi.

Эканамiсты лiчаць, што вельмi часта спынiць падзеньне валюты дапамагае яе продаж. Наколькi гэты шлях прымальны сёньня ў дачыненьнi да даляру? Якiя наступствы гэта можа мець i для самой Амэрыкi, i для iншых краiнаў?

Паскораны распродаж даляру можа стацца разбуральным. Незалежны амэрыканскi аналiтык Пол Мэджыэсi перакананы, што “калi даляр будзе падаць хутка, мы можам стаць сьведкамi ня проста нежаданьня купляць, а ўцёкаў iнвэстараў з амэрыканскiх рынкаў”. Актыўны продаж даляру ня толькi парушыць спакой на амэрыканскiх рынках, але перашкодзiць Эўропе i Японii адаптавацца да болей высокiх працэнтных ставак. Аднак палiтыкi спадзяюцца, што тэмпы зьнiжэньня даляру будуць заставацца паступовымi.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG