Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПЛЯН МАРШАЛА ДЛЯ БЕЛАРУСІ”


Валер Каліноўскі, Менск

Ініцыятар гэтай канфэрэнцыі Анатоль Лябедзька называе яе “аналягам пляну Маршала для Беларусі”, які можна рэалізаваць паводле формулы “дэмакратыя і законнасьць у краіне наўзамен міжнароднага прызнаньня ды замежных інвэстыцыяў”.

(Лябедзька: ) “Сёньня мы ўперліся ў сьцяну. Альбо яе трэба руйнаваць, альбо абыходзіць. Мы прапануем варыянт, мэханізм, як абысьці гэтую сьцяну і станоўча вырашыць беларускае пытаньне. Таму што яно не разьвязваецца прадстаўленьнем ці непрадстаўленьнем нацыянальнаму сходу статусу ў той ці іншай міжнароднай арганізацыі.

Міжнародная канфэрэнцыя павінна прапанаваць мэханізм, як вырашыць беларускую праблему. Гэта значыць, што павінныя быць задзейнічаныя ўсе суб’екты, якія праяўляюць цікавасьць да сытуацыі ў Беларусі, усе без выключэньня міжнародныя арганізацыі, Эўразьвяз, Эўрапарлямэнт, Рада Эўропы, АБСЭ, парасонавыя партыйныя арганізацыі накшталт інтэрнацыяналаў, беларуская апазыцыя, улады, магчыма зь нейкім асобным статусам, Расея. З удзелам гэтых суб’ектаў мы павінныя распрацаваць канкрэтны плян, як рухацца да вырашэння беларускага пытаньня”.

На думку Анатоля Лябедзькі, у аснову рашэньняў такой канфэрэнцыі павінныя быць пакладзены ўзаемныя абавязкі ўладаў, апазыцыі, міжнароднай супольнасьці. Гэта канструктыўны падыход, які адпавядае інтарэсам ня столькі ўлады ці апазыцыі, колькі інтарэсам грамадзянаў Беларусі, — лічыць Анатоль Лябедзька.

Прапановы пра ўдзел у арганізацыі такой канфэрэнцыі накіраваны ў шэраг арганізацыяў. Заўтра Каардынацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў разгледзіць варыянт прапановаў на гэты конт на адрас уладаў Беларусі:

(Лябедзька: ) “Такія прапановы накіраваныя Хаўеру Саляну, які адказвае за зьнешнюю палітыку ў Эўразьвязе. Такі ліст перададзены генэральнаму сакратару Рады Эўропы Вальтэру Швімэру падчас сустрэчы з нашай дэлегацыяй у Страсбуры. Лісты перададзеныя прэзыдэнту Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, прэзыдэнту ПАРЭ. Мы сёньня шукаем тых, хто ўзяў бы на сябе ініцыятыву, каб рухаць гэтае пытаньне далей, вырашаць арганізацыйныя праблемы.

Мы маем пэўны досьвед: праводзіліся тры венскія тэхнічныя канфэрэнцыі па Беларусі пад эгідай дзейнага старшыні АБСЭ. Гэта пазытыўны вопыт, але тады пытаньне закранала ўсё ж нейкія тэхнічныя праблемы, вузкія, зьвязаныя з тым, арганізоўваць ці не міжнароднае назіраньне. Мы прапануем больш шырокі кантэкст — мы прапануем паспрабаваць узьняць гэты камень, глыбу, якая называецца беларускім пытаньнем”.

У ідэале, на думку Анатоля Лябедзькі, такую канфэрэнцыю трэба было б правесьці гэтай восеньню, да пачатку выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы, альбо ў наступным годзе, каб мець пазытыўную базу перад парлямэнцкімі і прэзыдэнцкімі выбарамі.

Гэтая ініцыятыва знаходзіць першы пазытыўны водгук. У прыватнасьці, добра яе ацаніла большасьць кіраўнікоў фракцыяў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, ёсьць да яе цікавасьць у рабочай групе ПА АБСЭ па Беларусі.

Як патрэбную ацаніў гэтую ідэю прадстаўнік ПАРЭ, дэпутат літоўскага Сойму Вацлаў Станкевіч:

(Станкевіч: ) “Я хацеў бы сказаць, што абавязкова трэба, па-першае, штосьці рабіць зь Беларусьсю. Гэтая паўза зь беларускай сытуацыяй, калі яе можна так назваць, яна вельмі зацягнулася, і мы, прадстаўнікі дэмакратычных краінаў Эўропы, ня бачым паляпшэньня. Гэта і сытуацыя з АБСЭ, і з Радай Эўропы, дзе Беларусь ня мае ніякага статусу і ня можа супрацоўнічаць з гэтымі галоўнымі інстытуцыямі Эўропы.

Таму мне падаецца, што гэта вельмі пазытыўная прапанова, я вітаю такую ініцыятыву. Магчыма, гэтая канфэрэнцыя на такім міжнародным узроўні дала б магчымасьць дамовіцца, што ж рабіць далей зь Беларусьсю. Гэта даволі-такі, як для нас, літоўцаў, вялікая краіна, у цэнтры Эўропы, якая ня мае сваёй стратэгіі зьнешняй палітыкі”.

Вацлаў Станкевіч упэўнены, што Рада Эўропы адгукнецца на гэтую ініцытыву і будзе ўдзельнічаць у ёй. На ягоную думку, задача такой канфэрэнцыі — як хутчэй дабіцца, каб пачаліся дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі, каб зьнікла ізаляцыя і краіна увайшла ў асноўныя эўрапейскія інстытуцыі ды стала прадказальнай.
XS
SM
MD
LG