Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ ЗАКЛІКАЕ “CПЫНІЦЬ ЗЛО, ЯКОЕ ЗЫХОДЗІЦЬ АД ЧЫРВОНАЙ ДЫКТАТУРЫ Ў БЕЛАРУСІ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле Шушкевіча, ягоная кніга ня столькі пра гістарычныя падзеі, у якіх ён браў удзел, колькі пра дзень заўтрашні, шлях у які вызначае аналіз сучасных падзеяў.

(Шушкевіч: ) “Я пішу у гэтай кніжцы пра нэакамунізм, але спачатку пра камунізм, які быў у нас. Тут ёсьць праграма партыі, дакладней, яе асноўныя лёзунгі, прынятыя на ХХІІ зьезьдзе. Да чаго мы імкнуліся, як усё фармулявалася, як усе падтрымлівалі і што з гэтага атрымалася. Фактычна ў нас сёньня нэакамуністычны варыянт. Фактычна вярнуліся і пануюць старыя камуністычныя парадкі”.

З кнігі Станіслава Шушкевіча вынікае, што чалавекам, які мацней за іншых круціў кола гісторыі назад, ёсьць цяперашні кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Аднак дзейнасьць Лукашэнкі аўтар ня лічыць самастойнай, побач зь ім у кнізе заўсёды фігуруе дзяржаўны апарат з галоўным апірышчам — спэцслужбамі. “Мой лёс як палітыка зьвязаны з КГБ”, — цытуе Шушкевіч Лукашэнку. Кіраўнік краіны згадваецца аўтарам яшчэ на некалькіх старонках.

У прыватнасьці, Станіслаў Шушкевіч не хавае погляду на праблему зьнікненьня вядомых апазыцыянэраў у Беларусі. “Шматлікія факты не пакідаюць сумневу ў тым, што беларускі аўтарытарны рэжым датычны да палітычнага тэрору”, — піша аўтар кнігі “Нэакамунізм у Беларусі”.

На перадапошняй старонцы свайго твору Станіслаў Шушкевіч спрабуе засьцерагчы чытачоў. Ён не выключае, што “чырвоная дыктатура ў Беларусі”, калі даць ёй магчымасьць “разрасьціся ў нэакамуністычны пляцдарм... здольная дэстабілізаваць вялікі рэгіён”. Каб гэтага не адбылося, паводле Шушкевіча, дастаткова, каб Расея спыніла падтрымку дыктатарскага рэжыму ў Беларусі.

Ці прыслухаецца Расея да парадаў былога старшыні Вярхоўнага Савету, невядома, але сваю кнігу Станіслаў Шушкевіч надрукаваў у смаленскім выдавецтве “Скіф”. Кніга выйшла на расейскай мове — такой была ўмова амэрыканскага Фонду Макартураў, які даў грошы на выданьне. Надрукавалі тысячу асобнікаў, прычым, паводле ўмоваў спонсараў, у гандаль яны не патрапілі.

Значная частка накладу ўжо раздадзеная, хаця кнігу не рэклямавалі. “Нават простай прэзэнтацыі я не праводзіў”, — прызнаецца Шушкевіч. Ён перакананы, што цікавасьць да ягонай асобы застаецца вялікай і кніга чытачоў знойдзе сама. “Я на літоўскай мяжы падараваў нашаму мытніку гэтую кнігу, дык ён узяў з захапленьнем, але адразу схаваў у кішэню, каб свае ня бачылі”, — распавядае Станіслаў Шушкевіч пра посьпех свайго твору.

Шушкевіч плянуе выдаць пашыраны варыянт кнігі пра беларускі нэакамунізм і на беларускай мове.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG