Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАБ ЗААШЧАДЗІЦЬ СРОДКІ, ЦЭХІ МЯСНОЙ ВЫТВОРЧАСЬЦІ ЗАБІРАЮЦЬ ЗАЛЯЖАЛЫЯ КАЎБАСЫ НА ПЕРАПРАЦОЎКУ


Ігар Карней, Менск

Кошты на каўбасныя вырабы ў беларускіх крамах цяпер параўнальныя з усясьветнымі. Але надзвычай сьціплыя на гэтым тле заробкі беларускіх спажыўцоў прыводзяць да таго, што звычайнага гатунку каўбасы па 12–14 тысяч за кіляграм сталі па кішэні толькі адзінкам; пераважная ж бальшыня мяснога асартымэнту пералежвае на вітрынах ўсялякія адпушчаныя вытворцамі тэрміны.

Асабліва сумная сытуацыя ў сельскай мясцовасьці, дзе сяляне жывуць галоўным чынам са сваёй гаспадаркі. Да таго ж, кошты ў вясковых крамах з улікам транспартных выдаткаў, розных нацэнак, падаткаў і г.д. часам на 60% перавышаюць кошты ў раённых цэнтрах. Натуральна, што харчаваньне па такіх коштах, кажучы мовай гандляроў, неліквіднае паводле вызначэньня. Але замест сьметнікаў пасінелыя ад часу каўбасы ідуць на паўторную перапрацоўку.

Вось што распавяла мне жыхарка вёскі Капланы, што на Смаргоншчыне, Людміла Савасьцей:

(Савасьцей: ) “Каўбасы завозяць у такой колькасьці, што людзі ня маюць сродкаў іх хутка раскупіць. Якасьць каўбасаў пры тым невысокая, і нават тыя, у каго ёсьць грошы, ня хочуць іх набываць. Таму каўбасы гэтыя застаюцца, іх забіраюць назад. Асабліва гэта практыкуецца ў такіх невялікіх гарадах, як наш, дзе каапэратыўныя цэхі актыўна перапрацоўваюць старыя каўбасы — быццам у новыя віды вырабаў. Ізноў прывозяць у крамы і перапрадаюць. Бывае гэта густа і часта, бо наш гандаль выкінуць сапсаваныя каўбасы чамусьці ня можа. Вось так і йдзе кругазварот каўбас у прыродзе”.

Такім чынам, пэўная частка завозных мясных вырабаў сапсаваная ад самага пачатаку, бо інгрэдыентамі дзеля іх вырабу бярэцца фарш цьвілай ад часу каўбасы. Як на гэтыя факты глядзяць санітарна-эпідэміялягічныя службы? Загадчык аддзелу харчаваньня Навукова-досьледчага інстытуту санітарыі і гігены Васіль Цыганкоў сьцьвярджае, што за сытуацыяй пільна сочаць. Адзінае, што ў рэгіёнах магчымая самадзейнасьць, якая застаецца па-за ўвагай адказных установаў.

(Цыганкоў: ) “Калі там разьвіліся мікраарганізмы, то можа быць толькі зьнішчэньне. Бо ўсё сапсаванае як сьлед — гэта бактэрыяльнае. І калі мы знаходзім зьмены нават аднаго паказчыка (прыкладам, смак не падабаецца, ці пах ня той), адразу ж накіроўваеццца ліст у цэнтар выпрабаваньняў Міністэрства аховы здароўя, і прадукцыя забараняецца дзеля рэалізацыі на тэрыторыі краіны.

Прычым, гэта не азначае, што патрэбна назапасіць мінусавых паказчыкаў па некалькіх парамэтрах. Узялі каўбасу, разрэзалі, прысмак непрыемны — усё, далей нават не правяраем. Альбо нават калі зьнешне ўсё нармальна, можа быць перавышэньне па ртуці, альбо па пэстыцыдах. Адразу забараняем. Гэта паводле закону. Як насамрэч усё адбываецца — ня ведаю. У жыцьці усё магчыма”.

Паводле інфармацыі канцэрну “Бедзяржхарчапрам”, каля 40% харчовай прадуцыі, што завозіцца ў сельскія крамы, не знаходзіць свайго пакупніка з прычыны ці дарагоўлі, ці нізкай якасьці: прынамсі, адпаведнымі дзржаўнымі праверкамі зафіксавана нямала выпадкаў, калі ў вёску адвозяць тое, што не было рэалізавана ў горадзе.
XS
SM
MD
LG