Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СТАРШЫНЯ РАДЫ БНР НАКІРАВАЛА НОТУ НА АДРАС МЗС РАСЕЙСКАЙ ФЭДЭРАЦЫІ


Сяргей Навумчык, Вільня

"У сваім інтэрвію маскоўскай газэце "Известия" 10 ліпеня 2002 года, якое было перадрукаванае са скарачэньнямі ў варшаўскай "Rzeczpospolita" 11 ліпеня 2002 года, – гаворыцца ў Ноце, – міністар замежных справаў Расейскай Фэдэрацыі Ігар Іваноў выказаўся за стварэньне "транзіту", які дасьць магчымасьць свабоднага праезду грамадзянаў РФ у Калінінград праз тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі.

На пытаньне, як разумець паняцьце "транзіт", міністар адказаў: "Рух праз тэрыторыю Літвы ад адной расейскай мяжы да другой".

Аднак міністар замежных справаў Расеі ня можа ня ведаць, што Літва, акрамя мяжы з Калінінградзскай вобласьцю, ня мае другой мяжы з Расеяй — яна мяжуе зь Беларусьсю. Трэба меркаваць, што менавіта гэтую мяжу і мае на ўвазе міністар", -- гаворыцца ў Ноце Старшыні Рады БНР.

Івонка Сурвілла лічыць, што "такая заява кіраўніка расейскага замежнапалітычнага ведамства ня можа быць вынікам звычайнай агаворкі. Гэтыя словы выяўляюць ігнараваньне Масквой Беларусі як незалежнай і сувэрэннай дзяржавы, што абсалютна недапушчальна ў практыцы міждзяржаўных стасункаў", -- адзначаецца ў ноце Івонкі Сурвілы, накіраванай на адрас міністэрства замежных справаў Расеі.
XS
SM
MD
LG