Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МЫ ЖЫВЕМ У КРАІ”


Натальля Судлянкова, Прага

4 ліпеня пачаўся Міжнародны кінафэстываль у Карлавых Варах. Адзіны беларускі фільм, што бярэ ўдзел у праграме фэстывалю, – гэта стужка “Мы жывем у краі” рэжысэра-дакумэнталіста Віктара Асьлюка.

Фільм, што выстаўляўся на Карлаварскім кінафэстывалі, называецца “Мы жывем у краі”. Як кажа сам Віктар Асьлюк, гэта фільм аб Беларусі, аб жыцьці на ўскраіне. На ўскраіне вёскі Дубна на Мастоўшчыне, у Беларусі на ўскраі Эўропы, на ўскраі жыцьця... Гэта фільм аб звычайных жыхарах звычайнае вёскі, што жывуць на беразе Нёмана і два разы на дзень пераплываюць раку, каб падаіць сваіх кароў. Вось што кажа сам Віктар Асьлюк:

(Асьлюк: ) “Яны проста кожную раніцу, гэта яшчэ зусім цёмна, і ўвечары плаваюць цераз рэчку... Плавалі, відаць, а можа яшчэ і плаваюць, таму што гэта было ў мінулым годзе, даіць сваіх кароў, якія зь вясны да восені на тым беразе ў лесе і начуюць. І вось яны туды кожны дзень плаваюць два разы”.

Віктар практычна ня ўдзельнічаў у іхных размовах, не задаваў пытаньняў, а проста дакумэнтаваў, здымаў гэтых старых людзей.

Гаворыць Віктар Асьлюк:

(Асьлюк: ) “Уся мая праблема заключалася ў тым, каб быць непрыкметным. Я кожны ранак і вечар плаваў зь імі ў адной лодцы”.

Апэратары і мікрафон фіксавалі ўсе размовы. Але аб чым размаўляюць людзі, што жывуць на краі Эўропы і на ўскраіне свайго жыцьця?

Распавядае Віктар Асьлюк:

(Асьлюк: ) “На краі свайго жыцьця яны размаўляюць, у асноўным, пра што... у якім стане могілкі, хто калі памёр... вось сусед памёр ня так даўно.. І так было кожны, амаль кожны дзень. Я абсалютна не задаваў ім пытаньняў, якія бы наводзілі на нейкую думку. Я проста слухаў. І потым, калі я праслухаў гэтыя фанаграмы, яны ўсе былі пра адно, пра адно, пра адно... Такое прадчуваньне канца сьвету. Гэта ўражвае”.

Вялікае ўражаньне фільм пакінуў і ў сябраў журы Санкт-Пецярбурскага фэстывалю дакумэнтальнага кіно “Пасланьне да чалавека”. Тры тыдні таму Віктар Асьлюк атрымаў там галоўны прыз “Кентаўр” менавіта за фільм “Мы жывем у краі”. Дарэчы, гэта быў першы за апошнія дванаццаць гадоў прыз беларускаму дакумэнтальнаму фільму на гэтым фэстывалі.

Гаворыць каардынатар праграм фэстывалю “Пасланьне да чалавека” Станіслаў Елісееў:

(Елісееў: ) “Віктар дзіўным чынам знайшоў характэрную рысу і давёў яе да крайнасьці. Мы жывем на ўскраі. Усё. Кропка. Цэлы фільм, усе гэтыя дваццаць хвілінаў – гэта выражэньне гэтае ноты”.

Карлаварскі фэстываль адрозьніваецца ад Санкт-Пецярбурскага. Ужо амаль 60 разоў зьбіралі Карлавы Вары гасьцей з усяго сьвету. Але гэта, усё ж такі, больш фэстываль мастацкага кіно. Тым больш цікава, як успрымала публіка гэты дакумэнтальны фільм беларускага рэжысэра.

Гаворыць Віктар Асьлюк:

(Елісееў: ) “Гэта – вельмі вялікі фэстываль. Тут больш людзей, гледачоў. Таму цікавая была рэакцыя ў залі на фільм, таму што для дакумэнталіста цалкам запоўненая заля – гэта даволі рэдкая зьява. На такіх фэстывалях яны ёсьць. На гэты раз я проста магу парадавацца, што ніводзін чалавек не сыйшоў. Я даволі пільна за гэтым сачыў”.

Віктар, дарэчы, адзначыў, што студыя “Беларусьфільм” дапамагае яму, як можа. Менавіта студыя дапамагла яму ўзяць удзел у Санкт-Пецярбурскім і Карлаварскім фэстывалях.

Але ці багата такіх людзей на Беларусі? Чым адрозьніваецца менавіта Віктар?

Станіслаў Елісееў лічыць, што Віктар Асьлюк – гэта сёньняшняя зорка сучаснага беларускага кінэматографа.

Гаворыць Станіслаў Елісееў:

(Елісееў: ) “Віктар Асьлюк сам па сабе – вельмі цікавы рэжысэр. І да яго трэба ставіцца вельмі ўважліва. Ён – такі рэдкі ў дакумэнталістыцы чалавек, які можа абсалютна радыкальна, палярным чынам мяняць манэру аўтарскага апавяданьня. Кожны раз ягоныя фільмы абсалютна розныя і абсалютна непадобныя адзін да другога. Але кожны раз пры гэтым яны зьяўляюцца вельмі моцнымі і выразнымі. Кожны раз – гэта экспэрымэнты дасьпелага і вельмі цікавага мастака”.

Мы віншуем Віктара Асьлюка зь перамогай на фэстывалі ў Санкт-Пецярбургу і ўдзелам у Карлаварскім кінафэстывалі і жадаем далейшых посьпехаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG