Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЛЬНІ ЧАКАЮЦЬ КРОКАЎ АФІЦЫЙНАГА МЕНСКУ Ў СПРАВЕ ПАЛЯПШЭНЬНЯ БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКІХ СТАСУНКАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Міністэрства замежных справаў Беларусі ўжо кваліфікуе намер літоўскіх уладаў зрабіць больш жорсткім рэжым уезду беларускім грамадзянам на літоўскую тэрыторыю як дзеяньні, што “супярэчаць прынцыпам добрасуседзтва і духу і палажэньням Гельсынскіх ды іншых пагадненьняў”. А як на гэтую праблему глядзяць літоўскія палітыкі?

Многія літоўскія палітыкі лічаць, што беларускае Міністэрства замежных справаў сваёй заявай апярэджвае падзеі. Гаворыць старшыня Камітэту замежных справаў парлямэнту Літвы Гедымінас Кіркілас:

(Кіркілас: ) “Я магу сказаць: мы ня ворагі Беларусі. Калі я чытаю некаторыя выступы прадстаўнікоў вашых міністэрстваў — і даволі недружалюбныя ў адносінах да Літвы, я зьдзіўляюся: чаму так адбываецца? Літва якраз гатовая супрацоўнічаць як мага больш. Тыя патрабаваньні, што вам вылучае, дарэчы, не Літва, а Эўразьвяз, я думаю, што яны мінімальныя. Іх няцяжка выканаць. І гэтыя патрабаваньні, дарэчы, карысныя Беларусі, беларускаму народу, людзям найперш. Іх выкананьне дазваляе пашырыць супрацоўніцтва на розных узроўнях, ня толькі на рэгіянальным. Чаму гэтага не зрабіць? Давайце зробім усе разам. І тады адкрыюцца большыя магчымасьці.

Літва цяпер, калі параўнаць Беларусь і Калінінград, ёсьць асноўным інвэстарам у Калінінградзе. Мы ўкладаем туды мільёны даляраў. Там працуюць амаль паўтысячы літоўскіх фірмаў. І добра працуюць, спытайцеся ў калінінградцаў. Ёсьць вельмі вялікія магчымасьці, але ёсьць і пэўныя правілы, паводле якіх цяпер жыве Эўропа, і якіх ніхто ня можа пазьбегнуць. Іх няцяжка выканаць, але патрэбныя намаганьні з вашага боку”.

Літва нават пасьля ўступленьня ў Эўразьвяз не зьбіраецца адгароджвацца ад Беларусі. Пра гэта кажа і былы прэм’ер краіны, а цяпер сябра парлямэнту Андрус Кубілюс:

(Кубілюс: ) “Мы заўжды намагаемся садзейнічаць дэмакратызацыі Беларусі. На ўзроўні палітычных арганізацыяў мы маем шэраг плянаў дзеля разьвіцьця нашых адносінаў — напрыклад, выкарыстаньня нашых ведаў у справе арганізацыі выбараў альбо нейкіх іншых палітычных кампаніяў. І, я думаю, што гэта будзе разьвівацца на яшчэ больш інтэнсіўным узроўні”.

Што ж тычыцца новых правілаў перасячэньня літоўскай мяжы, дык спадар Кубілюс ня бачыць у гэтым нечага надзвычай складанага.

(Кубілюс: ) “Канечне, праблема ёсьць. Нязручнасьці нейкія ўзьнікаюць. Але не ў такой ступені, каб тут трэба было ламаць коп’і і змагацца. Урэшце, Літва таксама мела нязручнасьці. Некалькі гадоў нам былі патрэбныя візы ў краіны Эўразьвязу. Але ўрэшце мы дамагліся таго, што едзем туды безь візаў. Нашая прапанова і для калінінградцаў, і для Беларусі, і для Расеі — не скарыстоўваць усе сілы на нейкія фантастычныя праекты пра нейкія калідоры і нешта падобнае, а пачаць вельмі сур’ёзныя перамовы пра бязьвізавы рэжым паміж Беларусьсю, Расеяй і Эўразьвязам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG