Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“ДРУГІ БУНТ ЭВЫ”


Кастусь Бандарук, Прага

Як вядома, у каталіцкай і праваслаўнай цэркваў не існуе сьвятарства жанчынаў. Жанчыны дапускаюцца да службы ў якасьці пастараў у Англіканскай Царкве, у Стара-каталіцкай і ў некаторых адгалінаваньнях пратэстантызму. Аднак і ў Рымска-каталіцкай царкве здаўна гучаць патрабаваньні з боку сьвецкіх, каб жанчыны маглі адыгрываць раўнапраўную ролю ў Царкве, у тым ліку быць сьвятарамі. Наколькі гэта магчымае і ці ня зьменіць Ватыкан сваёй пазыцыі што да сьвятарства жанчынаў? – гэтаму пытаньню прысьвечаны чарговы выпуск “Сымбалю веры”. У перадачы ўдзельнічае каталіцкі тэоляг, прафэсар Папскай Тэалягічнай Акадэміі ў Кракаве Тадэвуш Кабэрэк.

(Бандарук: ) “Як паведаміла агенцтва Associated Press, у суботу 29 чэрвеня на борце карабля “ Пассаў” з удзелам каля 200 чалавек зь некалькіх краінаў адбылося высьвячэньне на каталіцкіх ксяндзоў сямі жанчынаў. Гэта чатыры немкі і тры аўстрыйкі: Іда Рамінг, Гізэля Форстэр, Пія Брунэр, Крысцінэ Майр-Люмэцбэргер, Адэліндэ Тэрэзія Ройтынгер і Анджэліка Вайс. Высьвячалі іх два біскупы: д-р Ромуло Брасчы і Фэрдынд Рэгельсбэргер. З 1966 году Брасчы быў каталіцкім ксяндзом ў Буэнос-Айрэсе, аднак пасьля ён далучыўся да гэтак званай “Каталіцка-Апостальскай Харызматычнай Царквы Ісуса Караля”. Жанчыны, якія прынялі сьвятарскі сан, лічаць сябе каталічкамі, а біскупы, якія іх высьвячалі, цьвердзяць, што маюць гэтак званае “апостальскае пераемства”, а гэта значыць, што сапраўднае было і высьвячэньне. Аднак біскуп Лінцу Максымільян Айхэрн заявіў у нядзелю 30 чэрвеня, што “ў адпаведнасьці з царкоўнымі правіламі, гэтае высьвячэньне несапраўднае, а ініцыятары гэтай задумы самі сябе паставілі па-за Рымска-каталіцкай Царквою”. А вось як адрэагаваў на гэтую неардынарную падзею каталіцкі тэоляг прафэсар Тадэвуш Кабэрэк:

(Кабэрэк: ) “Справа ясная. Папа Ян Павал ІІ аўтарытэтна заявіў, што ў каталіцкай царкве гэта немагчымае. Аднак гэта ня выключае вялікай павагі да жанчынаў і прызнаньня іхнай ролі. З Божага Адкрыцьця, з самога пачатку, з апостальскіх часоў бачна, што Хрыстос не прызначыў жанчынаў да ролі сьвятароў. Калі быць верным Эвангельлю, трэба прытрымлівацца царкоўнага навучаньня. Тое, што адбылося, гэта ціск на Ватыкан, каб царкоўныя каноны зьмяніць паводле чалавечых ўяўленьняў. Ёсьць прынцыпы і нормы, якія не зьмяняюцца. І гэта вельмі добра, што Божае Адкрыцьцё мае пад сабою трывалы падмурак. Дарэчы, біскупы, якія высьвячалі жанчынаў, не належаць да кананічнага эпіскапату. Гэта людзі, якія адлучаныя ад Царквы і якія дзейнічалі ад свайго імя”.

(Бандарук: ) “Гізэля Форстэр заявіла, што новавысьвячаныя жанчыны не імкнуцца да чарговага расколу ў Царкве і хочуць заставацца каталічкамі. Біскуп Брасчы адзначыў, што не зважаючы на нэрвовую рэакцыю з боку Ватыкану, ён будзе працягваць сваю пастырскую місію. Дарэчы, у цырымоніі на Дунаі ўдзельнічала Карын Ляйтэр, якая стала каталіцкім ксяндзом ужо 4 гады таму. Паводле біскупа Брасчы, ужо рыхтуюцца да высьвячэньня наступныя групы жанчынаў у Бразыліі, Аргентыне, Афрыцы і Злучаных Штатах. Адна з ўдзельніцаў цырымоніі адзначыла: “Некаторыя кажуць: наступным годам у Ерусаліме, а я кажу: у наступным годзе ў ЗША”.

Я патэлефанаваў у Кліўленд і спытаўся ў праваслаўнай верніцы Эвы Яраховіч, як яна, жывучы ўжо больш як 50 гадоў у шматканфэсійным грамадзтве, ставіцца да сьвятарства жанчынаў:

(Яраховіч: ) “Я ня бачу нічога дрэннага ў гэтым. Мне здаецца – чаму не? Мая ўнучка мела дзяўчынку. Ейны муж – пратэстант, і яны вырашылі пахрысьціць дзяўчынку ў ягонай Царкве. Хрысьціла дзяўчынку жанчына-сьвятар. Я першы раз такое бачыла, але было цудоўна, так прыгожа. Мне вельмі спадабалася. Я ня бачыла нічога заганнага ў гэтым. Мы як выйшлі адтуль, дык у мяне было такое незвычайнае адчуваньне, як бы нешта новае нарадзілася. Для мяне гэта было ў першы раз”.

У Нямеччыне, Аўстрыі і Велікабрытаніі дзейнічаюць магутныя арганізацыі сьвецкіх каталікоў пад назовам “Мы зьяўляемся Царквою” і “Новая лаза”. Яны патрабуюць, каб сьвецкія вернікі, асабліва жанчыны, адыгрывалі большую ролю ў Царкве. Агулам 300 лібэральных каталіцкіх арганізацыяў у сьвеце хочуць, каб голас сьвецкіх больш улічваўся ў пытаньнях, датычных практыкі хрысьціянскага жыцьця. Тымчасам Папа вельмі рашуча выступае за цэлібат, ён бескампрамісны ў пытаньні дашлюбных полавых зносінаў, ужываньня прэзэрватываў, нават з улікам СНІДу, для кантролю за нараджальнасьцю, разводаў, гомасэксуалізму і, перад усім, супраць абортаў. У такой сытуацыі усё большая колькасьць вернікаў заяўляе аб сваёй нязгодзе з Ватыканам, патрабуе зьменаў, хоча заставацца ў Царкве, але ў сучаснай, адноўленай Царкве. Ці гэта ня сьведчыць аб крызысе даверу да афіцыйнай Царквы? На гэтае пытаньне адказвае прафэсар Кобэрэк:

(Кобэрэк: ) “Па-першае, трэба адпаведна разумець, што такое Царква. “Мы зьяўляемся Царквою” толькі тады, калі мы ў лучнасьці з Хрыстом і эпіскапатам на чале з Папам. Царква – гэта ня нейкая там звычайная дэмакратычная ўстанова, дзе дастаткова нешта прагаласаваць, і пытаньне вырашанае. Гэта непаразуменьне, навязваньне Царкве сьвецкіх практыкаў. Царква – гэта найперш Ісус Хрыстос. Безь Яго няма Царквы. Мы належым да Царквы толькі таму, што зьяўляемся саўдзельнікамі збаўчай місіі Хрыста, што мы абдараваныя Ім божым жыцьцём. Хрыстос як Галава Царквы вырашае, як яна мае выглядаць. Хрыстос сам выбраў апосталаў, ён устанавіў вяршэнства Пятра. Калі дзейнічаць гэткім чынам, то неўзабаве пачнуць зьмяняць і самі сабе ўстанаўляць новыя запаветы і новыя правілы хрысьціянскага жыцьця. Я думаю, што гэта шлях у нікуды”.

(Бандарук: ) “Высьвячэньне чарговых сямі жанчынаў на каталіцкіх сьвятароў, якое газэта “FACTS” назвала “Другім бунтам Эвы”, супала з гэтак званым “крызысам пакліканьняў”. Толькі за апошнія тры гады колькасьць каталіцкіх сьвятароў у сьвеце зьменшылася на 11%, манахаў на 23%, а манашак на 17%. У многіх краінах, асабліва на Захадзе, адзін сьвятар абслугоўвае некалькі парафіяў. Абшчынамі насамрэч кіруюць сьвецкія людзі, у тым ліку жанчыны, якім, аднак, стаць сьвятарамі Ватыкан не дазваляе. Высьвячэньне 29-га чэрвеня супала таксама з глыбокім крызысам даверу да каталіцкага духавенства. Шматлікія выпадкі пэдафіліі і сэксуальных дамагальніцтваў з боку ксяндзоў моцна падарвалі аўтарытэт духавенства. У такой сытуацыі арганізацыя хрысьціянскіх фэміністак пад назовам “Высьвячэньне жанчынаў ва ўсім сьвеце” прапануе Царкве сваю дапамогу ў пераадоленьні крызысу. Ці ўлічваючы сытуацыю, з практычных меркаваньняў, Ватыкан ня будзе вымушаны паступова йсьці на саступкі? Гаворыць прафэсар Кабэрэк”.

(Кабэрэк: ) “Я так ня думаю. Скандалы і драмы былі ў мінулым і мабыць яшчэ будуць. Гэта зьвязана з чалавечай слабасьцю. Гэта вынік таго ж першыбытнага граху. Аднак, як мне падаецца, гэта ня мэтад аздараўленьня. Зрабіць гэта можна хутчэй шляхам вяртаньня да вернасьці Эвангельлю і да эвангельскага радыкалізму. У гэтым сэнсе паказальная заява блаславёнага Більчэўскага, які вельмі дбаў пра набор адпаведных кандыдатаў на сьвятарства. Ён гаварыў, што калі кандыдат не выяўляе духу малітвы і сьвятасьці, то нельга яго высьвячаць, хаця б вельмі не хапала сьвятароў. Адыход ад Царквы нібыта для яе ратаваньня – гэта памылковы шлях. Жанчыны могуць адыграць выдатную ролю. Хай будуць добрымі маці, хай выхоўваюць сьвятых, герояў і добрых сьвятароў, хай дбаюць пра сямейны ачаг. А так – гэта толькі пошукі апраўданьня для заганнага ўчынку. У асноўным справа ясная. Не сюды дарога”.

(Бандарук: ) “Гэтак пракамэнтаваў высьвячэньне ў сьвятарскі сан сямі жанчынаў-каталічак прафэсар Папскай Акадэміі ў Кракаве Тадэвуш Кабэрэк. Такім чынам, пазыцыя Рымска-каталіцкай Царквы, як дарэчы, і праваслаўнай, застаецца нязьменнай. Абедзьве гэтыя цэрквы адмаўляюць жанчынам у праве на сьвятарства, спасылаюцца на традыцыю. У якасьці асноўнага аргумэнту яны прыводзяць той факт, што Хрыстос абраў у якасьці апосталаў мужчынаў і толькі ім даў уладу, кажучы: “каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым астануцца” (Ян.20,23). Таксама Апостал Павал выразна заявіў: “Жанчыне навучаць не дазваляю, ані каб мужам верхаводзіла, але каб у бязмоўнасьці была” ( 1 Цім.2,12).

З другога боку, напрыклад, у Злучаных Штатах 54% адсоткі, і прыблізна такі ж адсотак каталікоў у іншых краінах выказваюцца за дапушчэньне жанчынаў да сьвятарства, прынамсі ў якасьці першага кроку да сану дыяканісаў. Выглядае, што раней ці пазьней Ватыкану іхную думку прыйдзецца ўлічыць.
XS
SM
MD
LG