Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПРАЙШОЎ ЖЫВЫ ЛАНЦУГ У ПАДТРЫМКУ ХАДЫКІ


Любоў Лунёва, Менск

Людзі сталі жывым ланцугом на Кастрычніцкай плошчы. Многія трымалі партрэты Юрыя Хадыкі. Нагадаем, намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка адбывае дзесяць сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці па вуліцах Горадні на Дзень Волі. Гаворыць жонка Юрыя Хадыкі Валянціна Зімніцкая:

(Зімніцкая: ) “Я выйшла сюды, каб падтрымаць свайго мужа, які знаходзіцца за кратамі. Я вельмі ўражаная тымі ўмовамі, у якіх ён знаходзіцца. Неаднаразовыя арышты й знаходжаньні за кратамі, безумоўна, адаб’юцца на ягоным здароўі. Летась ён знаходзіўся ў шпіталі, апэрацыя — і невядома адкуль зьявіўся сэпсыс. Адначасова я прыйшла, каб выказаць пратэст гэтай ганебнай уладзе”.

Старшыня БНФ Вінцук Вячорка таксама браў удзел у акцыі пратэсту.

(Вячорка: ) “Ганьба той дзяржаве, дзе прафэсараў кідаюць за краты. Сёньняшні наш выхад на пляц — напамін найперш нашаму грамадзтву пра тое, што ў дзяржаве нешта нядобра. Другі матыў — стан здароўя прафэсара Хадыкі. Кідаць хворага чалавека ў каталажку, умовы знаходжаньня ў якой многія людзі ведаюць на ўласнай скуры, чалавека, які летась адхварэў — злачынства.

Трэці матыў — мяне турбуе, што ў некаторых шчырых прыхільнікаў незалежнасьці зьяўляюцца ілюзіі, што быццам бы цяпер пасьля вядомых пуцінскіх выпадаў у Лукашэнкі няма іншай дарогі акрамя як стаць раптам незалежнікам. Так, давайце ж узгадаем, за што Хадыку запраторылі ў каталажку? За незалежніцтва. За тое, што ўдзельнічаў у Горадні ў сьвяткаваньні сапраўднага Дня Незалежнасьці. Пушкіна білі за тое, што ён незалежнік. Так давайце ж ня будзем мець ілюзіяў”.

Вадзім Лабковіч, які быў асуджаны за графіці й ведае ўмовы ўтрыманьня не па чутках, кажа:

(Лабковіч: ) “Хадыку ўжо шмат гадоў. Яму значна цяжэй пераносіць такія ўмовы. Мне давялося сядзець у холадзе, а яму ў сьпёку. Гэта таксама вельмі цяжка”.

Міліцыянты не спынялі акцыю. Да пікетоўцаў падышлі два міліцыянты ў цывільным, пацікавіліся, зь якой нагоды сабраліся людзі — і сышлі. У горадзе сёньня было вельмі горача, а на плошчы, дзе няма ніводнага дрэва, сьпякота адчувалася асабліва. Відаць, з гэтай прычыны на плошчы амаль не было мінакоў. Разам з жонкай прафэсара Хадыкі ў ланцугу браў удзел малодшы сын Юрыя Хадыкі Канстанцін.

(Канстанцін: ) “Я прыйшоў падтрымаць свайго бацьку, таму што стаўленьне ўлады да чалавека, які мае заслугі перад гэтым грамадзтвам, перад гэтай краінай, да чалавека, якому 64 гады, ненармальнае. Так, як ставяцца ўлады да майго бацькі і ўвогуле да людзей — дзікае для нармальнай эўрапейскай краіны. Нам ёсьць што мяняць у нашай краіне, і нам трэба гэта мяняць”.

Праз паўгадзіны людзі разышліся. Юрыя Хадыку будуць трымаць за кратамі спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка да панядзелка.
XS
SM
MD
LG