Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІКОЛА СТАТКЕВІЧ СЬЦЬВЯРДЖАЕ, ШТО БЕЛАРУСЬ МАЕ ЎСЕ ШАНЦЫ СТАЦЬ СЯБРАМ ЭЎРАЗЬВЯЗУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Старшыня “Народнай грамады” Мікалай Статкевіч сёньня правёў прэсавую канфэрэнцыю з нагоды заканчэньня свайго амаль двухтыднёвага візыту па шэрагу сталіцаў і палітычных цэнтраў Эўропы.

Мікола Статкевіч наведаў Варшаву, дзе ўдзельнічаў у міжнароднай канфэрэнцыі “Пэрспэктывы эўрапейскай еднасьці” й сустрэўся з прэзыдэнтам Польшчы Аляксандрам Квасьнеўскім, ён быў таксама ў Страсбуры і Брусэлі. Там лідэр беларускіх сацыял-дэмакратаў сустракаўся з уплывовымі эўрапейскімі чыноўнікамі й дэпутатамі Эўрапарлямэнту.

Вось што сказаў Мікола Статкевіч пра мэту свайго візыту:

(Статкевіч: ) “Мэта гэтага дастаткова працяглага візыту — высьветліць сытуацыю, якая складваецца вакол Беларусі, у нашых заходніх і паўночных суседзяў. А таксама высьветліць, якія ёсьць у Беларусі шанцы на сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе”.

Лідэр “Народнай грамады” лічыць, што пэрспэктыва далучэньня Беларусі да Эўразьвязу вельмі рэальная. Так, напрыклад, прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі сказаў у часе сустрэчы са спадаром Статкевічам, што варта ставіць пытаньне пра спрошчаныя бязьвізавыя паездкі ў краіны Шэнгенскага пагадненьня для жыхароў Беларусі.

А ў часе сустрэчы з камісарам Эўракімісіі ў справе пашырэньня Эўрапейскага Зьвязу Гюнтэрам Фэрхойгенам Мікола Статкевіч пераканаўся, што існуе рэальная пэрспэктыва далучэньня Беларусі да Эўразьвязу.

Мікола Статкевіч працягвае:

(Статкевіч: ) “Як высьветлілася, і для мяне гэта было шокам, што Эўрапейскі Зьвяз двойчы рабіў прапановы беларускім уладам удзельнічаць у працэсе ўступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз. Нават у гэтай групе краінаў, якіх павінны прыняць у 2004 годзе, прапановы гэтыя былі зробленыя дэлегацыяй Эўрапейскай камісіі, якая прыяжджала ў Беларусь у 1995 годзе. Пасьля Гюнтэр Фэрхойген яшчэ раз даваў сыгнал намесьніку міністра замежных справаў Беларусі спадару Мартынаву. Але беларускае грамадзтва пра гэта нават не даведалася”.

Гюнтэр Фэрхойген сказаў, што магчымыя тэрміны прыняцьця Беларусі могуць быць вызначаныя ў 2004 годзе, пасьля прыняцьця ў Эўразьвяз дзяржаваў-суседзяў Беларусі.

Аднак каб далучыцца да краінаў-кандыдатаў, трэба прытрымлівацца дэмакратычных стандартаў, прынятых у Эўразьвязе. На думку Міколы Статкевіча, гэта стане магчымым пасьля зьмены ў Беларусі ўлады, бо Аляксандар Лукашэнка ніколі ня пойдзе на дэмакратызацыю і збліжэньне з Эўропай, колькі б ні казаў пра карэктыроўку сваёй зьнешняй палітыкі.

На паседжаньні камісіі Эўрапейскага парлямэнту ў справе Беларусі, Украіны і Малдовы Мікола Статкевіч прэзэнтаваў адмысловую стратэгію ў справе зьмены цяперашняй беларускай улады.

На думку сацыял-дэмакратаў, трэба паспрабаваць правесьці ў органы мясцовай улады прадстаўнікоў апазыцыі. Калі гэта ўдасца, наступным крокам мусіць стаць перамога прадстаўнікоў апазыцыі на парлямэнцкіх выбарах. У будучыні гэтыя дэпутаты змогуць зьмяніць выбарчы закон, і ў апанэнтаў Лукашэнкі зьявіцца шанец перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах. Гэтая стратэгія Статкевіча была падтрыманая эўрапейскімі парлямэнтарамі.

У часе найбліжэйшай выбарчай кампаніі у мясцовыя саветы сацыял-дэмакраты будуць актыўна даводзіць выбарцам, што ў выпадку перамогі дэмакратычных сілаў Беларусь можа рэальна далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG