Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬМЕНЫ Ў КІРАЎНІЦТВЕ ФЭДЭРАЦЫІ ПРАФСАЮЗАЎ: ФРАНЦ ВІТКО ПАДАЎ У АДСТАЎКУ, ЯГОНЫ ПЕРАЕМНІК – ЛЕАНІД КОЗІК


Міхал Стэльмак, Менск

Паседжаньне прэзыдыюму Фэдэрацыі прафсаюзаў адбывалася за зачыненымі дзьвярыма. Паводле прафсаюзных зьвестак, сябры прэзыдыюму абмяркоўвалі парадак дня заплянаванага на 16 ліпеня прафсаюзнага пленуму. Як потым высьветлілася, галоўным на пленуме будзе пытаньне пра кіраўніка Фэдэрацыі.

Цяперашні старшыня Франц Вітко абвесьціў сёньня, што падае ў адстаўку. Вось як ён патлумачыў нашаму радыё прычыны свайго рашэньня:

(Вітко: ) “Прычыны майго жаданьня пакінуць пасаду старшыні Фэдэрацыі я хацеў бы аргумэнтаваць наступным чынам. Я рэальна бачу, што працяг выкананьня абавязкаў вось на гэтай пасадзе старшыні будзе азначаць адно: будзе працягвацца замарожваньне сацыяльнага дыялёгу, будзе працягвацца ціск на прафсаюзы. Я меркаваў, што атрымаўшы гэты сыгнал, адпаведныя структуры ня будуць працягваць работу па развале галіновых прафсаюзаў, Фэдэрацыі ў цэлым. Таму трэба ясна і недвухсэнсоўна сказаць, што Вітко — гэта ўсяго адзін сябра прафсаюзу. Я сёньня рэальна бачу, што нельга на адну дошку ставіць лёс Фэдэрацыі й асабістую пасаду старшыні Фэдэрацыі”.

Канчатковае ж рашэньне ў пытаньні ягонай адстаўкі мусіць прыняць пленум. Сёньня ж прэзыдыюм Фэдэрацыі абмеркаваў і кандыдатуру новага старшыні, які, як мяркуецца, таксама будзе абраны на пленуме.

Шэраг прафсаюзных структураў прапанаваў абраць новым лідэрам Фэдэрацыі намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Леаніда Козіка. Паводле прафсаюзнай інфармацыі, гэтую кандыдатуру навязалі ўлады. На карысьць такой вэрсіі і той факт, што на сёньняшнім паседжаньні прэзыдыюму Фэдэрацыі прысутнічаў і выступаў намесьнік начальніка ідэалягічнага ўпраўленьня Лукашэнкавай адміністрацыі Валеры Міхееў.

Вось што ён паведаміў нашаму радыё:

(Міхееў: ) “Леанід Пятровіч — гэта аўтарытэтны кіраўнік, якога ведаюць у краіне літаральна ўсе кіраўнікі, усе вытворцы. Таму, калі ён будзе абраны кіраўніком Фэдэрацыі, я лічу, што гэта — на карысьць прафсаюзам, на карысьць краіне, на карысьць нашаму грамадзтву”.

Паводле прафсаюзных зьвестак, большасьць сяброў прэзыдыюму Фэдэрацыі сёньня ўхваліла кандыдатуру спадара Козіка на пасаду новага старшыні Фэдэрацыі. Яны рэкамэндавалі падтрымаць гэтую прапанову і прафсаюзнаму пленуму.
XS
SM
MD
LG