Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫЕ САМАЛЁТЫ ЛЁТАЛІ ЎЧОРА НАД МЕНСКАМ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Учорашнія вечар і ноч для жыхароў заходняй часткі Менску ператварыліся ў выпрабаваньне нэрвовай сыстэмы — нізка над дамамі з моцным гулам ляталі вялікія самалёты. З прычыны таго, што інтэрвал між палётамі быў малы, людзі думалі, што як найменш — пачаліся авіяманэўры. Распавядае жыхарка менскага мікрараёну Сухарава Натальля:

(Натальля: ) “З інтэрвалам 5–7 хвілінаў над нашым мікрараёнам праляталі нейкія велізарныя самалёты, было вельмі страшна. Яны ляцелі з выпушчанымі шасі — відаць, ішлі на пасадку. Асабліва пасьля гэтай аварыі ў Нямеччыне людзі вельмі баяцца. І гэтак працягвалася ажно да другой гадзіны начы”.

Натальля асабліва абуралася тым, што ніхто не папярэдзіў жыхароў напярэдадні палётаў і не супакоіў у той час, калі ў небе грукатала.

Паводле сьведкаў, якія ведаюць авіятэхніку, гэта маглі быць толькі транспартныя самалёты Іл-76, якія базуюцца на аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам. Аднак з пэўнасьцю гэта сьцьвярджаць немагчыма, бо дагэтуль ніводная арганізацыя не ўзяла на сябе адказнасьці за небясьпечныя палёты.

(Сьцепановіч: ) “Я патэлефанаваў у штаб авіяцыі, і мне там адказалі, што нашыя вайсковыя самалёты ўчора ў раёне Менску ўвогуле не ляталі. Ды ў нас і няма транспартных самалётаў Іл-76. Таму гэта хутчэй за ўсё былі Іл-76 грамадзянскай кампаніі “Трансавіяэкспарт”, — заявіў мне супрацоўнік прэсавай службы Міністэрства абароны Міхаіл Сьцепановіч.

Каб высьветліць, чые самалёты ляталі ўчора над Менскам, ён параіў зьвярнуцца ў Цэнтар каардынацыі палётаў. Аднак старшы дыспэчар гэтага цэнтру Юры Якуш гэтак жа пераканана заявіў, што гэта не маглі быць грамадзянскія самалёты, якія працуюць на міжнародных ці ўнутраных авіялініях.

(Якуш: ) “Так, мы з раніцы даведаліся пра скаргі на гэтыя палёты і высьветлілі, што яны рабіліся з аэрадрому ў Мачулішчах, але нас ніхто пра палёты не папярэджваў. Гэта не магла быць грамадзянская авіяцыя”, — запэўніў спадар Якуш і параіў зьвярнуцца ў 570-ы цэнтар кіраваньня палётамі, які абслугоўвае аэрапорты ў Мачулішчах і Менск-1, што прымаюць транспартныя самалёты.

Аднак дырэктар гэтага цэнтру размаўляць са мной адмовіўся і нават не назваў свайго імя. Ён заявіў, што патлумачыць стан толькі тады, калі будзе мець дазвол ад камандуючага ваенна-паветранымі сіламі.

Тое, што ў небе над Менскам учора не былі самалёты грамадзянскай авіякампаніі “Трансавіяэкспарт”, таксама заявіў Радыё Свабода камэрцыйны дырэктар кампаніі Алег Кудрыцкі. Пры гэтым ён абверг зьвесткі прэсавай службы Міністэрства абароны, паводле якіх нібыта ў паветраных сілаў няма транспартных самалётаў Іл-76.

(Кудрыцкі: ) “Дарэмна яны гэтак кажуць. У іх ёсьць два самалёты Іл-76, ёсьць 26-я Аны — хай разьбяруцца, хто лётаў. Але адназначна, гэта не былі самалёты “Трансавіяэкспарту”, — сказаў камэрцыйны дырэктар кампаніі.

І ўсё ж у Міністэрстве абароны працягваюць настойваць на тым, што не вайсковыя самалёты напалохалі ўчора менчукоў.

Відавочнае непаразуменьне паміж цывільнымі і вайсковымі авіяцыйнымі ведамствамі Беларусі не спрыяе таму, каб жыхары сталіцы адчувалі сябе ў бясьпецы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG