Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СХІЛЬНАСЬЦЬ ДА САМАГУБСТВА ЯК ХАРАКТЭРНАЯ РЫСА БЕЛАРУСАЎ?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае літаратуразнаўца Пятро Васючэнка.

***

...Яшчэ раз, перад сьмерцю, заяўляю, што я ні ў якой контррэвалюцыйнай арганізацыі ня быў і не зьбіраўся быць.

…Быў толькі паэтам, які думаў аб шчасьці Беларусі. Я паміраю за Савецкую Беларусь, а не за якую-небудзь іншую.

…Я вельмі прасіў бы рэабілітаваць мяне перад працоўнымі Савецкай Беларусі.

…Паміраю зь цьвёрдай верай у вечнае йснаваньне рэспублікі. Папрасіце ДПУ, каб не цяглі маю жонку. Яна таксама, як і я, ні ў чым не вінавата. Сваю бібліятэку перадаю Бел. дзярж. бібліятэцы.

Сардэчна дзякую за ўсё тое добрае, што для мяне зрабілі партыя і Сав. улада.

Паміраю, разумеючы, што лепш сьмерць фізычная, чым незаслужаная палітычная сьмерць.

Верагодна, такая доля паэтаў. Павесіўся Ясенін, застрэліўся Маякоўскі, ну і мне туды за імі дарога.

Шкадую толькі, што не змагу больш прымаць удзел у вялікім будаўніцтве, якое разгарнулі партыя і Сав. улада ў БССР.

Няхай жа жыве новае творчае жыцьцё для шчасьця чалавецтва.

Янка Купала


***

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “У 1930 годзе Янка Купала напісаў ліст старшыні ЦВК БССР Аляксандру Чарвякову. Празь нейкі час пасьля напісаньня цытаванага намі зараз ліста Купала зробіць замах на ўласнае жыцьцё, утворыць нешта накшталт харакіры”.

(Пятро Васючэнка: ) “Самагубствы, якія абрынуліся на нашую творчую інтэлігенцыю, на палітыкаў Беларусі ў трыццатыя гады, былі сапраўды працягам гэтага злавеснага ланцуга. Цікава, што Купала напісаў цытаваны вышэй ліст таму самаму Аляксандру Чарвякову, які неўзабаве пасьля спробы суіцыду Купалы скончыць жыцьцё самагубствам выкінуўся з акна.

Невыпадкова, мне думаецца, і тое, што Купалу, калі ён ляжаў у шпіталі пасьля сваёй спробы харакіры, наведаў прафэсар Усевалад Ігнатоўскі, які таксама празь некалькі месяцаў застрэліцца ў сваім кабінэце. Ад Купалы, дарэчы, ён пераняў у той час мітычную пасаду мітычнай арганізацыі “Саюз вызваленьня Беларусі” і стаўся чарговай ахвярай эстафэты суіцыду”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем — літаратуразнаўца Пятро Васючэнка”.

(Васючэнка: ) “Патлумачыць гэтую хвалю суіцыдаў, якія абрынуліся на нашую краіну да на іншыя ў ХХ стагодзьдзі, можна ня толькі прычынамі палітычнага ціску, але і тым, што калектыўная і індывідуальная сьвядомасьць творцаў у гэты час ужо менш залежала ад народнага сьветабачаньня, а больш падпарадкоўвалася нейкім інстынктам грамадзтва альбо ўласным інстынктам. Інакш кажучы, народнае сьветаадчуваньне, якое адмаўляла суіцыд у прынцыпе, ня гэтак уплывала на сьвядомасьць чалавека ХХ стагодзьдзя”.

(Ракіцкі: ) “Чаму вы прывязваеце менавіта да палітычных момантаў? Суіцыд, з майго гледзішча, гэта адвечны комплекс чалавека”.

(Васючэнка: ) “Я згодны з тым, што кожны чалавек носіць у сабе прывід сьмерці. У выпадку з суіцыдам комплекс Танатаса накіроўваецца на сябе. Хрысьціянскае сьветабачаньне адназначна адмаўляе суіцыд і ў гэтым ідзе сьледам за народнай сьвядомасьцю.

Разам з тым, ёсьць формы суіцыду, якія быццам бы паважаюцца і нават ухваляюцца. Уласна кажучы, суіцыдам гэта не назавеш. Гэта тады, калі чалавек жадае сьмерці, але не ўжыцьцяўляе яе сам. Прыкладам, Сьвятая Эўфрасіньня, будучы ў Ерусаліме, жадала сабе сьмерці і прасіла ў Бога магчымасьці памерці на Сьвятой Зямлі.

Яшчэ адна форма вось такога неграхоўнага суіцыду — гэта самаспальваньне творцы на алтары служэньня Бацькаўшчыне, калі творца наўмысна ідзе насустрач сваёй сьмерці. Калі ён не жыве, а гарыць як сьвечка, як было гэта з Каліноўскім, Францішкам Савічам. Суіцыдальная форма паводзінаў таксама выклікае і спачуваньне, і шкадаваньне — нацыя ўсё ж губляе сваіх сыноў”.

(Ракіцкі: ) “Наколькі жаданьне скончыць жыцьцё самагубствам уплывала на хаду гісторыі?”

(Васючэнка: ) “Уладзімер Караткевіч некалі казаў пра тое, што Беларусь і чалавецтва набліжаюцца да свайго шчасьця кожны раз, калі вымірае цэлае пакаленьне, таму што яно робіцца бліжэй да шчасьця на вышыню іх магілаў. Я схільны лічыць, што сілы трэба зьберагаць, ёсьць іншыя спосабы наблізіцца да шчасьця”.

(Ракіцкі: ) “А калі зірнуць на гісторыю Беларусі ў кантэксьце гісторыі іншых краінаў?”

(Васючэнка: ) “У выбары шляху, якім пайсьці з жыцьця, беларусы досыць традыцыйныя. І калі прыгадаць нашую гісторыю, даўнюю і блізкую, мы ня знойдзем нейкага нацыянальнага спосабу сыходу з жыцьця, які маюць, прыкладам, японскія самураі. Яго ўжыў, хіба, Янка Купала, ды й тое неэфэктыўна. Традыцыйны шлях беларусаў — пятля. Я назваў бы яшчэ такі марудны спосаб зьнішчэньня сябе як алькаголь, які зьнішчыў такіх нашых творцаў як Міхась Стральцоў, Уладзімер Караткевіч”.

(Ракіцкі: ) “Узгадваю тых людзей, зь якімі я быў асабіста знаёмы, цэлы шэраг зь іх — адзін з самых выбітных літаратурных крытыкаў Рыгор Семашкевіч, бліскучая паэтэса Яўгенія Янішчыц — яны заканчвалі сваё жыцьцё вельмі страшным спосабам, яны кідаліся з акна на асфальт”.

(Васючэнка: ) “І не яны першыя. Прыгадаем падзеньне Купалы ў 1942 годзе — я мяркую, што гэта было самагубства. І гэта было нечым накшталт няспраўджанага палёту. Гэта ідэя-фікс Купалы, пацьверджаная многімі ягонымі вершамі. Гэтым жа шляхам пайшоў з жыцьця і Аляксандар Чарвякоў. Мяркую, што гэты спосаб зьяўляецца процілеглым пятлі.

Пятля пазначае жыцьцёвае кола, кола абставінаў, якое замыкаецца вакол шыі аўтара. Чалавек творчы ідзе на той сьвет вельмі часта не з празаічных прычынаў, а таму што яму ў гэтым сьвеце несвабодна. Але ня кожнаму гэта ўдаецца, адныя застаюцца зь пятлёй на шыі, а другія ідуць зь пятлёй на шыі на той сьвет, як гэта зрабіў Палуян у свой час. А падзеньне, проба палёту — гэта спроба вырвацца з кола абставінаў. Палёт і падзеньне — вось такі неардынарны беларускі шлях сыходу з жыцьця. Лепш бы яго, вядома, не было”.

(Ракіцкі: ) “А чаму ў беларускай літаратуры так шырока распаўсюджаны матыў суіцыду?”

(Васючэнка: ) “Мяркую, што аўтары перадаюць свам героям частку свайго суіцыднага комплексу. Так Якуб Колас перадаў частку свайго перажытага ў маладосьці імкненьня да сьмерці герою Лабановічу, які, употай ад іншых, заўсёды цягае з сабой маленькі чорны рэвальвэр і час ад часу прыстаўляе яго да сваёй скроні. Прыставіць, а потым адпусьціць і нічога ня зробіць. Як, магчыма, рабіў малады Колас”.

(Ракіцкі: ) “Імітацыя самагубства?”

(Васючэнка: ) “Гэта, нейкім чынам, гульні са сьмерцю, як у свой час рабіў гэта і Лявон Задума, герой твору Максіма Гарэцкага, якому таксама перадалася гэтая аўтарская інтрыга са сьмерцю — зрэшты, занятак нябясьпечны”.

(Ракіцкі: ) “Вы лічыце, што Купала таксама імітаваў самагубства?”

(Васючэнка: ) “Мне думаецца, што вось гэтыя адвечныя інтрыгі са сьмерцю ў паводзінах Купалы набылі такі клясычны прыклад. Мне думаецца, тое, што здарылася з Купалай у 1930 годзе, не было асэнсаваным актам самагубства, а было хутчэй імітацыяй. Перачытаем запіску Купалы, якую ён адрасаваў Чарвякову. Дарэчы, чаму Чарвякову, а ня жонцы? Калі б ён сур’ёзна зьбіраўся пайсьці на той сьвет, першы, каму ён напісаў бы, была б жонка, а не старшыня ЦВК.

У гэтым лісьце шмат іранічных момантаў — Купала дзякуе савецкай уладзе і партыі за тое добрае, што яна для яго зрабіла. Нарэшце, той экзатычны спосаб, якім Купала ўжыцьцявіў гэтае дзеяньне — ён жа не самурай і не японец, каб рабіць сабе харакіры. Ён і ня ўмеў гэтага рабіць, але паспрабаваў нажом для паляваньня — і зрабіў гэта вельмі няўмела. Нарэшце, гэта быў спосаб, каб пра яго ўчынак даведаліся ў сьвеце, каб пагалоска пайшла, каб зьвярнуць на сябе ўвагу. І, нарэшце, прыгадаем сказ, які Купала напісаў ужо пасьля таго, як яго адратавалі: “Ніколі я не паміраў”. І гэта таксама разьлічваецца як ускоснае прызнаньне ў тым, што самагубства не было”.

(Ракіцкі: ) “Дык дзеля чаго быў гэты тэатар?”

(Васючэнка: ) “Імкненьне разарваць кола абставінаў. Такім чынам ён спадзяваўся, што допыты спыняцца — так і адбылося”.

(Ракіцкі: ) “Якое сымбалічнае значэньне ўкладвалі беларускія пісьменьнікі ў акт самагубства?”

(Васючэнка: ) “Мне думаецца, што пісьменьнікі зашыфроўвалі ў такіх творах ня толькі ўласныя комплексы, але і калектыўны комплекс нацыі, адносіны беларуса да жыцьця і да сьмерці. Беларус, якога паказвалі пісьменьнікі, адчувае да жыцьця падвойнае стаўленьне. Беларусы па сваёй прыродзе віталісты, яны любяць жыцьцё і хапаюцца за яго. Але ў кожным зь іх прысутнічае і страх жыцьця.

У неспрыяльныя моманты, моманты вялікага жыцьцёвага ўціску і няволі, гэты страх жыцьця можа пераважаць. І тады беларус можа зьдзейсьніць тое, чаго няможна зьдзейсьніць. Гэта можна адрасаваць ўсёй беларускай нацыі, якая цягам свайго гістарычнага разьвіцьця час ад часу спрабавала вырашыць свае праблемы шляхам суіцыду. Інакш кажучы, забіцьцё сябе, маю на ўвазе забіцьцё віртуальнае, духоўнае — адрачэньне ад роднай мовы ці дзяржаўнасьці. Праўда, потым аказвалася, што гэтыя адрачэньні...”

(Ракіцкі: ) “Вельмі стратныя для нацыі?”

(Васючэнка: ) “Безумоўна, яны стратныя, яны тармазілі нашае гістарычнае разьвіцьцё. І разам з тым, часам аказвалася, што такім чынам беларусы не праграмавалі сваю сьмерць, а толькі імітавалі яе, бо жыцьцёвыя імпульсы нашай нацыі досыць моцныя, яны дазволілі ёй перажыць дзесяць стагодзьдзяў. Але ў тыя моманты, калі здавалася, што нацыя канчае жыцьцё самагубствам, яна забывае мову, у такія моманты суседзі нацыі пачыналі яе шкадаваць”.

(Ракіцкі: ) “Як вы кажаце, цэлая нацыя гуляе ў самагубства, цэлая нацыя, сьвядома ці падсьвядома ідзе шляхам да самагубства — а можа, гэта ад таго, што нацыя не жадае, ці не разумее, ці ня ўмее жыць вольна? Усё ж чалавек і нацыя нараджаюцца і паміраюць вольнымі?”

(Васючэнка: ) “Вельмі важны аспэкт праблемы вы закранулі, бо, у прынцыпе, самагубства, уцёкі з жыцьця ёсьць таксама няволяй, гвалтам над сабою. І лепшы спосаб для нацыі — не імітацыя самагубства, не няволя над сабою, а разьняволеньне — найлепшы спосаб ацалець паміж суседзямі.

Я думаю, што беларусы маюць шанец на жыцьцё хаця б таму, што яны жывуць ужо шмат стагодзьдзяў і будуць жыць. Але каб мы не праходзілі зноў праз тыя памылкі, якія рабілі, дзеля таго, каб ня нас ратавалі, а мы самі ратаваліся, трэба, каб нацыя адчула сабе напраўду вольнай, незалежнай ад якіх бы то ні было комплексаў — комплексу страху, комплексу Танатаса, комплексу суіцыду”.
XS
SM
MD
LG