Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНФЛІКТ НА РЫНКУ МАБІЛЬНАЙ СУВЯЗІ


Ігар Карней, Менск

Паводле заяваў кіраўнікоў менскага прадстаўніцтва МТС, Velсom наўмысна блякуе тэлефанаваньні з мабільных тэлефонаў абанэнтаў сеткі МТС на свае, прычым не дае гэтаму ніякіх тлумачэньняў. Ранейшы манапаліст у адказ канстатуе, што ня мае ніякіх юрыдычных падставаў для такога злучэньня.

Нечаканая вайна за сфэры ўплыву на рынку мабільнай тэлефоннай сувязі зацягваецца на няпэўны час. Намесьніца кіраўніка кампаніі МТС у Беларусі Тамара Расолька шкадуе, што амаль за месяц перамоваў ніякіх дамоўленасьцяў паміж двума апэратарамі не заключана — а МТС гатовы да супрацоўніцтва.

(Расолька: ) “Мірныя перамовы ішлі, але нічым не завершыліся. Будуць, пэўна, нейкія іншыя дзеяньні. Не вайсковыя, натуральна, бо мы не ваюем з Velсom. Ёсьць іншыя мэтады, бяз зброі. Натуральна, яны спужаліся. Яны і дагэтуль карысталіся ня вельмі прыстойнымі мэтадамі. І, дарэчы, толькі дзякуючы нам насельніцтва атрымала столькі падарункаў ад Velсom. Чаму яны не рабілі ўсе гэтыя зьніжкі да нашага зьяўленьня? Не было другога апэратара, не было канкурэнцыі. Калі б мы не зьявіліся, не было б у іх такіх расцэнак. У такіх умовах мы зараз ня можам пахваліцца вялікім ахопам тэрыторыі. Але паступова да верасьня зробім дзеля абанэнтаў даступнымі ўвесь горад і раён”.

Запытваю ў спадарыні Расолькі, ці здараюцца падобныя інцыдэнты ў Расеі, дзе працуе не адзін дзясятак апэратараў мабільнай сувязі і дзе, паводле лёгікі, непаразуменьняў паміж канкурэнтамі павінна быць куды больш?

(Расолька: ) “Там апэратары наогул нічога не плацяць адзін аднаму. Заканадаўча пытаньне было вырашанае раз і назаўсёды. А паколькі ў Беларусі заканадаўства расплывістае, “вэлкомаўскія” юрысты выкарысталі не зусім акрэсьленую трактоўку ўмоваў дзеля супрацоўніцтва, і таму гэтая гісторыя так доўга цягнецца. Хоць і там, і тут прысутнічае дзяржсэктар, які быццам павінен гэту праблему адразу ўрэгуляваць. Дзяржава праз сваіх заснавальнікаў павінна быць зацікаўленая, каб атрымліваць выгаду. Але што перашкаджае дзяржаўным чыноўнікам узяць удзел у вырашэньні звычайнага пытаньня — гэта ўжо іншая справа”.

Кіраўніцтва кампаніі Velсom, падобна, ня хоча заўважаць праблему наогул. У тэлефоннай размове адзін з супрацоўнікаў аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю выказаўся, што ня бачыць прычынаў для прылюднага абмеркаваньня пытаньня, паколькі гэта прыватная справа двух суб’ектаў гаспадараньня.

Між тым, варта прыгадаць, што заснавальнікамі абедзьвюх фірмаў зьяўляецца дзяржава: на 51% яна прадстаўленая ў МТС і на 31% у Velcom. Дарадца міністра сувязі Людміла Саўт заявіла, што міністэрства не зьбіраецца ўмешвацца ў канфлікт і займаць пазыцыю аднаго з бакоў. Праўда, яшчэ год таму свае сымпатыі да маскоўскага апэратара чыноўнікі не хавалі, аддаўшы яму перавагу сярод шматлікіх замежных канкурэнтаў.

Некаторыя назіральнікі зьвязваюць дастаткова халоднае стаўленьне да новага апэратара мабільнай сувязі найперш агульнымі пагаршэньнем сытуацыі на беларуска-расейскім напрамку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG