Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ЗАЯВІЎ ПРА МАГЧЫМЫЯ КАРЭКТЫВЫ ПАЛІТЫКІ БЕЛАРУСІ АДНОСНА NATO


Алесь Грыневіч, Менск

На паседжаньні Савету бясьпекі 10 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што трэба вызначыць новыя падыходы да супрацоўніцтва паміж Беларусьсю ды NATO. Паводле беларускага кіраўніка, нельга ня ўлічваць новыя міжнародныя рэаліі — пашырэньне NATO на ўсход, новы ўзровень партнэрства паміж NATO і Расеяй, жаданьне Ўкраіны далучыцца да Альянсу, а таксама пагрозы міжнароднага тэрарызму.

Якія чаканьні маюць у NATO ў сувязі з гэтымі заявамі Лукашэнкі? Гаворыць прэсавы сакратар арганізацыі Робэрт Пшчэль:

(Пшчэль: ) “Мы заўважылі гэтыя заявы, мы прачыталі пра іх у прэсе. Цяжка тут прапанаваць нейкі камэнтар. Што тычыцца чаканьняў краінаў-сябраў NATO датычна Беларусі, я думаю, што як і іншыя міжнародныя арганізацыі — АБСЭ, Рада Эўропы, Эўрапейскі зьвяз і гэтак далей — мы чакаем вышэйшых дэмакратычных стандартаў. Гэта сапраўднае чаканьне ў тым, што тычыцца Беларусі”.

Беларусь удзельнічае ў праграме NATO “Партнэрства дзеля міру” і ёсьць сябрам Эўраатлянтычнай рады партнэрства, хоць яе ўдзел далёка ня самы актыўны, кажа прэсавы сакратар NATO. У той жа час Аляксандар Лукашэнка па-ранейшаму кажа пра катэгарычнае непрыняцьце пашырэньня NATO на ўсход. Вось як гэта пракамэнтаваў Робэрт Пшчэль:

(Пшчэль: ) “Гэта, па-праўдзе, вельмі старая спрэчка. Яна, як выглядае, выйшла з моды, ня толькі ў краінах NATO ці ў краінах-кандыдатах, але, калі пагледзець навокал, і ў многіх іншых краінах, у тым ліку краінах-суседзях Беларусі. Відавочна, што яны ня маюць страхаў ці крытычнай ацэнкі пашырэньня, якія існавалі ў мінулым. Такія страхі ня маюць сувязі з рэальнасьцю. NATO — гэта дэмакратычная арганізацыя, якая сама прымае рашэньні аб запрашэньні новых краінаў. Гэтыя краіны маюць неад’емнае права абіраць сабе захады бясьпекі. Увогуле, гэта ўнёсак у бясьпеку і стабільнасьць у Эўропе, і гэта давялі папярэднія этапы пашырэньня NATO”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG