Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ВАС КУПІЛІ ЗА ГРОШЫ ІМПЭРЫІ”


Валянцін Жданко, Менск

Ня ўсе слухачы пагаджаюцца з тым, якія лісты я выбіраю для цытаваньня і якія ўласныя заўвагі раблю на падставе прачытанага. Гэтая нязгода ў некаторых асабліва пільных нашых слухачоў часам перарастае ў нядобрыя падазрэньні.

Вось які ліст даслаў днямі Барыс Крыўцоў зь Менску:

“Слухаю вас — і трохі вы мяне, спадар Жданко, бянтэжыце. Цяжка вам зразумець тых беларусаў, якіх Сувораў ды ўлада камуністаў не пасьпелі расстраляць. Гэтых беларусаў вельмі мала, яны — золата і брыльянты нацыі. А вы так і б’яце іх па-камуністычнаму”.

Што Барыс Крыўцоў мае на ўвазе? Далей цытую ягоны ліст:

“Пішуць некаторыя слухачы пра ненадзейны стан нацыі. А вы так бадзёра кажаце, што з часам усё выправіцца, што людзі апомняцца... Ой, ой, ой! Вам там, з Прагі, не відаць, пра што тут думаюць людзі. А яны ні пра што наогул ня хочуць думаць. Гэтыя людзі зь лютай нянавісьцю накінуцца на вас, калі толькі даведаюцца, што вы за Пазьняка. Адразу абзавуць і “пазьнякоўцам”, і “бэнээфаўцам”. Канечне, ня ўсе, але агромністая бальшыня.

Людзі ў адчаі, ня маюць падтрымкі, адзін аднаму ня вераць. Вельмі многія за кавалак хлеба перабеглі на бок улады. Няма ў Беларусі Пазьняка. А на вас мала надзеі: не чуваць жыватворнага слова для нацыі. І адчуваецца інтуітыўна, пад якую дуду пяеце.

Вы, спадар Жданко, наўмысна ніводнага слова пра Пазьняка не кажаце, а потым наракаеце, што ў апазыцыі няма ніякага выдатнага дзеяча, каб ратаваць нацыю ад выміраньня. Нутром сваім адчуваю, што гэта робіцца наўмысна, каб утрамбаваць гэтую думку. Улада Лукашэнкі і Латыпава як агню баіцца Пазьняка, бо бачыць у ім сваю пагібель. І вас непрыкметна для вас жа купілі — за грошы імпэрыі, празь немцаў і ЗША.

Вы, спадар Жданко, майстар сваёй справы — разьбіваць рэаліі і думкі людзей, якія клапоцяцца пра сваю радзіму, незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца. Вы для нас — урок. Але не крыўдуйце на нас, бо і вы, і мы (і я ў тым ліку) — выхаванцы савецкай улады. Але душы ў нас розныя”.

Паспрабую, спадар Крыўцоў, высьветліць сутнасьць вашых абвінавачаньняў. Такім чынам, калі я правільна зразумеў, віна нашая ў тым, што ня кажам пра Зянона Пазьняка, а безь яго, як вы пішаце, “жыватворнага слова для нацыі няма”.

Пра Зянона Пазьняка, спадар Крыўцоў, мы згадваем тады, як дзеля гэтага ёсьць грамадзка значныя падставы. Пасьля таго, як Зянон Пазьняк зьехаў у эміграцыю і ў вельмі абмежаванай ролі ўдзельнічае ў беларускай палітыцы, пасьля расколу ў Народным фронце такія падставы ня надта частыя.

Што да ацэнак грамадзкіх настрояў... Ні ідэалізаваць беларускае грамадзтва, ні, наадварот, агулам лічыць яго безнадзейна адсталым, патрыярхальным, кансэрватыўным — не выпадае. Мы сваю задачу бачым у тым, каб аб’ектыўна інфармаваць грамадзтва пра тое, што адбываецца ў Беларусі і вакол яе, каб поўна адлюстроўваць розныя погляды, якія існуюць у грамадзтве. Такой інфармацыі ў Беларусі з прычыны спэцыфічнай дзяржаўнай палітыкі сёньня бракуе. Але аддаваць перавагу ў эфіры нейкай адной палітычнай сіле ці адной асобе, нават калі яна вам, спадар Крыўцоў, вельмі падабаецца — было б парушэньнем нашых прынцыпаў.

Ліст ад Уладзімера Гардзейкі са Смалявічаў. Слухач працягвае тэму, узьнятую некалькі тыдняў таму Ільлём Копылам зь Менску — пра мову нашых перадачаў, пра тое, ці варта перакладаць на беларускую мову інтэрвію з расейскамоўнымі суразмоўцамі. Спадар Гардзейка з гэтай нагоды піша:

“Я — пастаянны слухач беларускай Свабоды, і мне вельмі прыемна слухаць перадачы на беларускай мове. Але вось 30 чэрвеня пачуў ліст у рэдакцыю, аўтар якога абураўся з прычыны перакладу вамі з расейскай мовы на беларускую. Бачыце, як русіфікатарам недаспадобы беларускае слова. Лезуць і на Радыё Свабода, каб дасягнуць сваёй мэты — цалкам зьнішчыць усё беларускае.

Ахоплівае жах: няўжо адзіная радыёстанцыя, што гучыць па-беларуску, таксама пойдзе за Лукашэнкам. Прашу, нічога не мяняйце. Беларускім слухачам вельмі патрэбнае беларускае слова, бо яно ідзе ад душы, ад сэрца. А чужую мову калі і слухаеш, дык яна як гарох ад сьценкі — не прыстае, не ўспрымае яе вуха.

Калі мая дачка вучылася ў школе, дык, вядома, усё выкладалася па-расейску. І гэта была траўма для дзіцяці, хвароба для бацькоў. Часам было: прыйдзе дамоў і плача. Кажа: па-беларуску прачытаю адзін раз — і ўсё ў мяне ў галаве. А па-расейску чытаю дзесяць разоў — і нічога ў галаву ня лезе. Так і вы, шаноўныя — не дапусьціце гэтай хваробы на нашыя, слухачоў, галовы”.

Ня думаю, спадар Уладзімер, што варта залічваць такіх нашых аўтараў як Ільля Копыл у русіфікатары. Тым больш беспадстаўныя вашыя падазрэньні, нібы Радыё Свабода зьбіраецца дзейнічаць у адпаведнасьці з моўнай палітыкай Аляксандра Лукашэнкі. Ільля Копыл узьняў праблему, якая, сапраўды, існуе і не заўважаць якую немагчыма.

Вельмі многія нашыя суразмоўцы, меркаваньні якіх важныя і цікавыя для шырокай аўдыторыі, на жаль, не валодаюць беларускай мовай. Ці варта перакладаць іхныя маналёгі, зважаючы на тое, што пераважная бальшыня жыхароў Беларусі добра разумее па-расейску? Дыскусію на гэтую тэму мы зьбіраемся працягваць.

Мікалай Саскевіч з Калінкавічаў даслаў новы ліст. Гэтым разам ён разважае на тэму беларуска-расейскіх супярэчнасьцяў. Мікалай піша:

“Праўдзівая крытыка расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна і расейскіх мэдыяў на адрас Лукашэнкі — гэта тое, чаго варта было чакаць. Лукашэнка дагуляўся, і я ня ведаю, якое выйсьце яму цяпер шукаць. Што да мяне, то я хачу жыць у незалежнай дзяржаве з рынкавай эканомікай, але без Лукашэнкі. Думаю, у Расеі правільна здагадаліся, што Лукашэнка імкнуўся да ўлады ў Маскве — таму і паступілі гэтак.

А вось што да прыезду ў Беларусь Барыса Ельцына — то гэта вельмі дзіўны крок. У свой час Лукашэнка часта насьміхаўся зь Ельцына, абвінавачваў яго, а цяпер абдымае ды расхвальвае.

…Лічу, даўно час ужыць да рэжыму Лукашэнкі эканамічныя санкцыі. Колькі можна цярпець гэта ў цэнтры Эўропы? Гіне ж Беларусь, яе трэба ратаваць. Большая частка насельніцтва гэта ўжо разумее, а астатнія паступова пераконваюцца, што ад адных толькі размоваў і абяцаньняў Лукашэнкі сыты ня будзеш”.

Пытаньне пра санкцыі, спадар Мікалай — даволі спрэчнае. Ужываюць іх як быццам супраць палітычных рэжымаў, але найбольш цярпець у выніку даводзіцца насельніцтву. А вось эфэктыўнасьць санкцыяў што да аслабленьня аўтарытарных правіцеляў — вельмі сумнеўная. Часта ізаляцыя краіны толькі спрыяе жорсткасьці дыктатуры, і яшчэ больш умацоўвае рэжым.

На заканчэньне — ліст Андрэя Паско зь Берасьця. Андрэй піша:

“Апошнім часам, як я заўважыў, супраць беларушчыны пачаўся сапраўдны тэрор. 11-га чэрвеня ў берасьцейскай абласной газэце “Заря” зноў зьявіўся артыкул нейкай Юліі Лагашовай пад назвай “История, которую мы теряем” (Як вынікае з артыкула, маецца на ўвазе савецкая гісторыя.)

На што ж наракае аўтар? Напрыклад, на тое, што да распаду Савецкага Саюзу вайна вывучалася ў выпускной клясе большую частку навучальнага году, а зараз, маўляў, на яе адведзена замала часу. Тое ж піша яна і пра татара-мангольскае нашэсьце на Расею, Палтаўскую бітву, абарону Севастопалю, сталыпінскія рэформы і грамадзянскую вайну...

Лагашова піша: “После развала государства, неотъемлемой частью которого Беларусь была столетиями, его история стала рассматриваться в белорусских школах лишь в границах Республики Беларусь… Хороши бы были москвичи, если бы, игнорируя Киевскую Русь, писали историю отечества с дремучих приволжских лесов!.. Проблема осложняется тем, что в 1991–94-х годах поле белорусской истории лихо перепахал бело-красно-белый трактор... Отныне место Ледового побоища, Куликова поля, Сталинградской битвы в истории должна была занять освобождённая от архивной пыли Битва под Оршей”.

“З гэтага, відавочна, вынікае, — піша Андрэй Паско, — што беларусы, на думку аўтара, павінны вучыць гістарычныя падзеі ў Расеі у такім сэнсе, нібыта гэта гісторыя Бацькаўшчыны. І гэта выклікае вялікую занепакоенасьць.

Сказаць па праўдзе, і сучасныя падручнікі гісторыі патрабуюць дапрацоўкі — пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі яны ўжо ня раз перапісваліся. Але ў іх яшчэ цудам захаваліся рэшткі беларушчыны. І гэта выклікае шалёную нянавісьць тых, хто на нашую Айчыну глядзець ня можа”.

Школьныя падручнікі гісторыі чыноўнікі ад адукацыі намагаюцца перапісваць ад самага прыходу да ўлады Лукашэнкі — усе апошнія восем гадоў. І, як бачна, усё яшчэ да канца не перапісалі, не прывялі ў адпаведнасьць з савецкім разуменьнем гісторыі.

Але ў любым выпадку гісторыя кан’юнктурная, гісторыя на патрэбу рэжыму — пэрспэктываў ня мае. Дарэчы, і сама палітычная кан’юнктура імкліва мяняецца. Толькі-толькі напаўнялі падручнікі інтэграцыйнай рыторыкай і патасам — як так званая “саюзная дзяржава” яшчэ да стварэньня пачала расколвацца. І што цяпер рабіць з тымі падручнікамі?

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Тацяна Барэль з Асіповічаў, Віктар Федасевіч зь вёскі Капцёўка Гарадзенскага раёну і Домна Лісоўская з Даўгаўпілсу, з Латвіі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG