Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЯГАМ НАСТУПНАГА ГОДУ ШЭРАГ КРАІНАЎ ПРАВЯДУЦЬ РЭФЭРЭНДУМЫ Ў ПЫТАНЬНІ ДАЛУЧЭНЬНЯ ДА ЭЎРАЗЬВЯЗУ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Натуральна, праблему ня трэба перабольшваць.Паводле агляду, падрыхтаванага Эўрапейскай камісіяй у сьнежні летась, у сярэднім шасьцёра зь дзесяці людзей ва ўсіх 13 краінах-кандыдатах ёсьць прыхільнікамі далучэньня да Зьвязу. Але гэта агульны малюнак, які зацямняе вострыя рэгіянальныя адрознасьці. Прыкладам, толькі 33 адсоткі апытаных у Эстоніі і Латвіі падтрымваюць сяброўства ў Зьвязе, не нашмат лепшая сытуацыя ў Літве і Славеніі.

Недавер да Эўразьвязу, на думку мясцовых аналітыкаў, зьвязаны перадусім зь недаверам сваім урадам у шэрагу пытаньняў. Натуральна, паколькі ўрады вядуць праэўрапейскую палітыку, то гэта пераносіцца і на Аб’яднаную Эўропу. Менавіта гэтым тлумачаць латыскія і эстонскія аналітыкі пэўны скептыцызм у сваіх краінах. У балтыйскіх краінах людзі таксама баяцца згубы істотнай долі сувэрэнітэту, за які яны зусім нядаўна мужна змагаліся. І яшчэ адна прычына – дрэнная інфармаванасьць людзей у тэрмінах далучэньня да Зьвязу і што гэта дасьць нацыям.

Але ж, здаецца, плюсы далучэньня відавочныя. Праэўрапейскія ўрады любяць карыстацца прыкладам Гішпаніі. Нядаўна бедная краіна, далучыўшыся да Зьвязу ў 1986 годзе, цяпер мае істотны рост нацыянальнага прыбытку.

Сытуацыя з новымі кандыдатамі на ўступ у Эўразьвяз выглядае болей складана. Па-першае, гэта, так бы мовіць, найбольш масавае пашырэньне Зьвязу. І Эўропа, прымаючы вялікую колькасьць краінаў, ня можа быць занадта шчодрай. Ключавым ужо стала пытаньне сельскай гаспадаркі. Так, Польшча рэзка скрытыкавала прапанову Эўракамісіі першапачаткова датаваць фармэраў з краінаў-новых сябраў Зьвязу на ўзроўні 25% ад таго, што атрымліваюць заходнія сяляне. Польскі аналітык Аляксандар Смоляр, аднак, ня ў антыэўрапейскіх настроях бачыць магчымасьць правалу рэфэрэндуму ў Польшчы, а ў тым, што ў гэтай краіне ўжо стала звычайнай зьявай дрэнная яўка на рэфэрэндумы. Рэфэрэндум жа тады правамоцны, калі на яго зьявяцца болей за 50% дарослага насельніцтва. Аналягічная сытуацыя і ў Чэхіі. Яшчэ болей жорсткія ўмовы рэфэрэндуму ў Літве, дзе пры пяцідзесяціадсоткавай яўцы дзьве траціны з прагаласаваўшых павінны падтрымаць прапанову.

І тым ня меней, аналітыкі асобных краінаў глядзяць даволі аптымістычна на згоду сваіх народаў далучыцца да Аб’яднанай Эўропы. Перадусім, у Чэхіі, Вугоршчыне, дзе паводле апытаньняў каля дзьвюх трацінаў насельніцтва падтрымвае палітыку сваіх урадаў, арыентаваную на Эўропу. Рэфэрэндумы будуць адбывацца цягам наступнага году. Канкрэтныя даты пакуль не зацьверджаныя.
XS
SM
MD
LG