Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЙНЫЯ ПАЛІТЫКІ ЎХВАЛЯЮЦЬ УЧОРАШНЮЮ РЭЗАЛЮЦЫЮ ПА АБСЭ ПРА БЕЛАРУСЬ


Валер Каліноўскі, Менск

Намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі зазначыў, што ягоная партыя зрабіла свой унёсак у падрыхтоўку праекту гэтай рэзалюцыі. Ён задаволены прынцыповасьцю сяброў ПА АБСЭ, што прынялі такі важны дакумэнт:

(Дабравольскі: ) “Мы думалі, што рэзалюцыя будзе даволі прынцыповай, так і атрымалася, але мы ня думалі, што яна будзе настолькі моцнай. Гэта зьвязана, я думаю, у першую чаргу ня толькі з нашай працай, ці з тым, што там нашыя прадстаўнікі былі й распаўсюджвалі інфармацыю, а з тым, што беларускія ўлады так сябе паводзілі, што не далі ніводнага шанцу прымірыцца з рэжымам Лукашэнкі, таму што такія спробы былі, і шмат хто з эўрапейскіх палітыкаў жадаў бы неяк залагодзіць гэтыя адносіны”.

На думку Аляксандра Дабравольскага, апошняй кропляй для эўрапейскіх парлямэнтароў сталася фактычная высылка дыпляматаў АБСЭ зь Менску. Ён спадзяецца, што гэтая рэзалюцыя падштурхне хвалю міжнароднай салідарнасьці з дэмакратычнай Беларусьсю. Маўчаньне ж менскіх уладаў ён тлумачыць наступным чынам:

(Дабравольскі: ) “Улады ў роспачы, таму што няма ніводнага пляцдарму, за які можна зачапіцца і ў гэтай справе — і наогул заявы Лукашэнкі адносна таго, што трэба пераглядаць адносіны з NATO таксама сьведчаць аб тым, што ўлады ў сваёй самаізаляцыі ўжо дайшлі да вельмі істотнага крызысу”.

Аляксандар Дабравольскі асабліва адзначае важнасьць палажэньняў рэзалюцыі ПА АБСЭ пра датычнасьць беларускіх уладаў да зьнікненьня апанэнтаў рэжыму:

(Дабравольскі: ) “Да гэтай пары на такім узроўні не прымалася дакумэнтаў адносна зьнікненьня вядомых паліткаў і журналіста. Нашая грамадзкая кампанія, якая праводзілася самымі рознымі грамадзкімі і палітычнымі сіламі ў Беларусі, прынесла посьпех у тым, што цяпер прыцягнутая на вельмі сур’ёзным узроўні ўвага міжнароднай супольнасьці — да гэтай праблемы, ня проста так абстрактна да парушэньня правоў чалавека, як было раней”.

Прадстаўніца Партыі камуністаў беларускай Алена Скрыган таксама лічыць рэзалюцыю ПА АБСЭ аб’ектыўнай:

(Скрыган: ) “Ну а патрабаваньне, каб мясцовыя і іншыя выбары прайшлі чэсна, я думаю, што гэта патрабаваньне ня толькі Эўропы, але і ўсіх беларусаў, мары ўсіх беларусаў, аб чым гавораць сацапытаньні апошняга часу”.

Алена Скрыган назвала апошнюю рэзалюцыю ПА АБСЭ пра Беларусь палітычнымі санкцыямі супраць рэжыму:

(Скрыган: ) “Не хацелася б, каб былі эканамічныя санкцыі, але думаецца, што кіраўніцтва нашай краіны павінна абразуміцца і рабіць усё, каб самаізаляцыі не было. Я не выключаю эканмічных санкцыяў, але лічыла б, што гэта не пажадана”.

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксей Кароль упэўнены, што гэтая рэзалюцыя сьведчыць пра крах плянаў некаторых эўрапейскіх палітыкаў правесьці пакрокавую дэмакратызацыю беларускага рэжыму:

(Кароль: ) “Эўропа і структуры АБСЭ спарбавалі дамагчыся ад Лукашэнкі пэўных крокаў на дыялёг і да дэмакратызацыі. Адказ яго быў ня толькі адмова ад зьмякчэньня, а яшчэ больш жорсткі курс — і гэтая рэакцыя Эўропы заканамерная”.
XS
SM
MD
LG