Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДА ЗША Ў БЕЛАРУСІ ПАПЯРЭДЖВАЕ, КАБ БЕЛАРУСЫ СЬЦЕРАГЛІСЯ МАХЛЯРОЎ


Алесь Грыневіч, Менск

Апошнім часам у амбасаду ЗША ў Беларусі тэлефануюць людзі, якія сталіся ахвярамі махляроў. Ашуканцы найчасьцей называюць сябе агенцыяй “Multiplex Consultants”. Яны абяцаюць беларускім грамадзянам працу на марскіх промыслах Аляскі.

Тыя, хто хоча атрымаць працу, мусяць плаціць ад 50 да 90 даляраў, нібыта за анкеты Дэпартамэнту рыбалоўства і паляваньня Аляскі. Насамрэч такіх анкетаў няма, бо ўсіх замежных работнікаў на Аляску наймаюць праз Дэпартамэнт працы і Службу іміграцыі ды натуралізацыі. Празь некаторы час тым, хто запоўніў анкеты, казалі, што праца знойдзеная. Зь іх зьбіралі канчатковы ўнёсак — ад 200 да 300 даляраў і казалі чакаць візы і квіткоў, якія нібыта прышлюць з Аляскі. Але ані візы, ані квіткоў пакуль ніхто не дачакаўся.

У прэсавай службе Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі кажуць, што пакуль ня маюць інфармацыі пра дзейнасьць “Мultiplex Consultants”. Але гэта не адзіная схема такога кшталту. Да прыкладу, аддзел унутраных справаў Цэнтральнага раёну Менску расьсьледуе дзейнасьць фірмы “Day Dream Club”, якая прапаноўвала працу ў Швэцыі. У адрозьненьне ад “Multiplex Consultants”, у гэтым выпадку людзі атрымлівалі візы, але ў Швэцыі іх чакалі значна горшыя ўмовы, чым ім абяцалі, і хуткая дэпартацыя. Гаворыць сьледчы Ігар Зіберт:

(Зіберт: ) “Людзей проста празь некаторы час адтуль дэпартавалі, вось і ўсё. Ім абяцалі працу на доўгі час — на тры гады, напрыклад, але літаральна празь некаторы час адбывалася дэпартацыя. То бок, там не было падтрымкі, якую абяцалі”.

Падазраваныя па справе “Day Dream Club” цяпер знаходзяцца ў вышуку.

Але нягледзячы на небясьпеку махлярства, многія беларусы па-ранейшаму шукаюць працу за мяжой. Да гэтага іх вымушае цяжкі эканамічны стан. Паводле вясновага агульнанацыянальнага апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, амаль палова грамадзянаў Беларусі хацела б ня толькі выехаць за мяжу на заробкі, але і ўвогуле пераехаць жыць у іншую краіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG