Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРЫСУД ЖУРНАЛІСТАМ “ПАГОНІ” СТАЎ НАГОДАЙ ДЛЯ ЗДЫМАК ФІЛЬМУ ПРА СВАБОДУ СЛОВА Ў БЕЛАРУСІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Гаворыць Юры Каліна:

(Каліна: ) “Польскія журналісты, асабліва ў Беластоку, зацікаўленыя лёсам “Пагоні”. Два месяцы таму, калі пачаўся працэс, у Беластоку перад генэральным консульствам Рэспублікі Беларусі быў пікет, на якім былі ўсе беластоцкія журналісты. Практычна ва ўсіх газэтах, радыё і тэлебачаньні была інфармацыя, і пастаянна яна зьяўляецца — пра справу “Пагоні”. Пра суд, пра прысуд журналістам Мажэйку і Маркевічу”.

Юрыю Каліну ўдалося атрымаць замову ад Першай праграмы Польскага тэлебачаньня на фільм пра свабоду слова ў Беларусі. Ён зазначае, што шырокі розгалас выклікала публікацыя пра перасьлед гарадзенскіх журналістаў у самым буйным выданьні Польшчы — “Газэце Выборчай”. Тады гэтай справай зацікавіліся іншыя польскія мас-мэдыі, у тым ліку і тэлебачаньне. Гаворыць Юры Каліна:

(Каліна: ) “Зацікавілася з простай прычыны — на маю думку, у цывілізаваным дэмакратычным грамадзтве немагчыма саджаць чалавека ў турму толькі за тое, што ён напісаў тое, што думае. Гэта абсурд. І менавіта таму паўстае журналісцкая транспамежная салідарнасьць”.

Суд пакараў двух журналістаў “Пагоні” тэрмінамі абмежаваньня свабоды. Цяпер калегія абласнога суду павінная разгледзець касацыйныя скаргі на прысуд, пададзеныя Міколам Маркевічам і Паўлам Мажэйкам.

З замежжа працягваюць паступаць водгукі адносна расправы над журналістамі. Сёньня ў “Пагоню” прыйшоў факс зь Бялграду. У ім зазначаецца, што перасьлед беларускіх журналістаў нагадвае часы дыктатуры Мілошавіча, і што югаслаўская Незалежная асацыяцыя журналістаў накіравала адпаведную заяву ў сродкі масавай інфармацыі і амбасадару Рэспублікі Беларусі.
XS
SM
MD
LG