Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ КРЫТЫКУЮЦЬ АПОШНЮЮ РЭЗАЛЮЦЫЮ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ


Віталь Цыганкоў, Менск

Нягледзячы на тое, што рэзалюцыя ПА АБСЭ была прынятая яшчэ ў першай палове дня ў сераду, беларускія афіцыйныя асобы не сьпяшаюцца камэнтаваць гэтую вызначальную для Беларусі пастанову эўрапейскіх парлямэнтароў. Аляксандар Лукашэнка пакуль ніяк ня выказаў свайго стаўленьня да відавочна больш жорсткай пазыцыі адносна беларускага пытаньня з боку АБСЭ.

Першай афіцыйнай асобай, якая агучыла пазыцыю беларускага боку адносна апошніх рашэньняў Парлямэнцкай Асамблеі, стаў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка:

(Латушка: ) “Наша пазыцыя застаецца нязьменнай. Беларускі парлямэнт павінен быць прадстаўлены ў Асамблеі і заняць у ёй адпаведнае краіне месца. Рашэньне пра перанос разгляду пытаньня наконт сяброўства Нацыянальнага сходу Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі на 2003 год дэманструе няздольнасьць АБСЭ як арганізацыі адстойваць уласныя прынцыпы. ПА АБСЭ груба парушыла ўласныя правілы працэдуры”.

Павал Латушка таксама паведаміў, што адпаведныя камэнтары, у тым ліку і пра лёс місіі АБСЭ ў Менску, будуць зробленыя пазьней, пасьля вяртаньня з Бэрліну дэлегацыі Нацыянальнага сходу. Дарэчы, абедзьве палаты Нацыянальнага сходу цяпер у адпачынку, і знайсьці каго-небудзь з дэпутатаў даволі складана. Вось што сказаў для Радыё Свабода намесьнік старшыні Савету Рэспублікі Міхаіл Аўласевіч:

(Аўласевіч: ) “Мы бачым пэўныя падвойныя стандарты, падвойныя ацэнкі. Калі супастаўляць зь іншымі краінамі, то там таксама ня ўсё ў парадку з правамі чалавека, — напрыклад, у Прыбалтыцы. Аднак на гэта заплюшчваюць вочы. Я думаю, з часам усё стане на свае месцы”.

Урэшце, магчымую рэакцыю афіцыйнага Менску, здаецца, ня так і складана спрагназаваць. “Замежнапалітычны курс Беларусі ня будзе кардынальна мяняцца”, — заявіў учора пасьля паседжаньня Савету бясьпекі сакратар Савету Генадзь Нявыглас. “Мы захаваем прынцып пасьлядоўнасьці нашага курсу”, — адзначыў Нявыглас.
XS
SM
MD
LG