Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЎСТРЫЙЦЫ БУДУЦЬ ВЫВУЧАЦЬ У БЕЛАРУСІ ДАКУМЭНТЫ МІНУЛАЙ ВАЙНЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Дзясяткі аўстрыйскіх грамадзянаў, былых ваеннапалонных ці іхных сваякоў, зьбіраюцца зьвярнуцца ў беларускія архівы па матэрыялы на рэабілітацыю. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў аўстрыйскі дасьледчык другой усясьветнай вайны Штэфан Карнэр.

Паводле прафэсара Карнэра, на тэрыторыі Беларусі разьмяшчалася ня менш як восем буйных лягераў ваеннапалонных. Пры агульнай колькасьці да 50 тысяч ваеннапалонных з розных краінаў Эўропы, аўстрыйцаў сярод іх магло быць да 3 тысяч. Многія зь іх былі рэпрэсаваныя органамі НКВД, у тым ліку расстраляныя паводле сфабрыкаваных доказаў. Сваякі рэпрэсаваных аўстрыйцаў, як і прадстаўнікі іншых краінаў, спрабуюць адшукаць дакумэнты, якія дапамаглі б высьветліць лёс гэтых людзей, а магчыма, і паспрыяць іхнай рэабілітацыі.

Але да нядаўняга часу весьці пошук такіх дакумэнтаў у Беларусі было цяжка, бо інфармацыя пра тое, якія дакумэнты часу вайны знаходзяцца ў беларускіх архівах, утойвалася.

Цяпер гэтай перашкоды няма. Сумесна з аўстрыйскім Інстытутам дасьледаваньняў наступстваў вайны і Нацыянальным архівам Беларусі такі сьпіс складзены і надрукаваны. У матэрыялы, адкрытыя для вывучэньня, увайшлі таксама дакумэнты нямецкай групы арміяў “Цэнтар”, якая знаходзілася на тэрыторыі Беларусі. Гэта таксама дапаможа тым, хто дамагаецца рэабілітацыі ваеннапалонных.

(Карнэр: ) “У нас распрацаваны праект рэабілітацыі аўстрыйскіх ваеннапалонных, які адносна Расеі ўжо фактычна завершаныя. Цяпер мы чакаем, што гэткая ж праца актывізуецца і ў Беларусі, з дапамогай беларускіх архіваў. Удалося праз расейскія архівы рэабілітаваць прыблізна тысячу аўстрыйскіх ваеннапалонных”.

Паводле ягонага досьведу, каля 70% зваротаў па рэабілітацыю даюць станоўчы вынік. Рэабілітацыя несправядліва асуджанага замежнага ваеннапалоннага не прыносіць яму ці ягоным сваякам грошай, але ёсьць вялікай маральнай кампэнсацыяй. Аднак часта рэабілітацыі немагчыма дамагчыся з прычыны адсутнасьці неабходных дакумэнтаў. Пры гэтым нават крыніцы гэтых дакумэнтаў могуць утойвацца. У прыватнасьці, дасьледчык ня выключыў, што частку невядомых дакумэнтаў часоў мінулай вайны можа дагэтуль хаваць КГБ Беларусі.
XS
SM
MD
LG