Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСАЎ БЕЛАСТОЧЧЫНЫ ПАДЗЯЛІЛІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Тыдзень таму самаўрад, ці, па-польску, Сэймік Падляшскага ваяводзтва ўхваліў новы падзел Падляшша на выбарчыя ўчасткі да маючых адбыцца восеньню выбараў у мясцовыя органы ўлады. Гэта адразу выклікала пратэсты беларускіх арганізацыяў Беласточчыны, паводле якіх новыя межы выбарчых участкаў праведзеныя так, каб максымальна абмежаваць шанцы на перамогу ў выбарах прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасьці.

Справа ў тым, што тэрыторыі, дзе кампактна пражываюць беларусы, аказаліся падзеленымі на дзьве акругі. Гайнаўскі павет, дзе пераважае беларускае насельніцтва, цяпер належыць да іншай акругі, чымся Бельск-Падляшскі і Сямяцічы, дзе таксама большасьць жыхароў – беларусы. Раней усе тры паветы належалі да адной акругі, і кандыдат-беларус мог разьлічваць там на падтрымку выбаршчыкаў. А цяпер, прыкладам, да акругі, да якой належыць Гайнаўка, належаць вялікія тэрыторыі, дзе жывуць палякі ды прадстаўнікі іншых меншасьцяў, і беларусы ў гэтай акрузе ўжо ня маюць перавагі. Гаворыць старшыня беларускага Саюзу Польшчы Яўген Вапа:

(Вапа: ) “Выбарчыя ўчасткі так падзеленыя, што Гайнаўку аддзялілі ад Бельска і Семятычаў. Такім чынам, беларускі кандыдат ня мае ніякіх шанцаў, бо паляк набярэ пры такім раскладзе больш галасоў”.

Дагэтуль у Сэйміку Беластоцкага ваяводзтва было каля 10% дэпутатаў – прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў.

Кіраўнік самаўраду Падляшша Славамір Згжыва патлумачыў зьмены межаў акругаў выключна патрэбай справядлівага разьмеркаваньня колькасьці мандатаў сярод выбаршчыкаў.

Аднак у сумеснай заяве, падпісанай напярэдадні прадстаўнікамі сямі беларускіх і царкоўных арганізацыяў Беласточчыны, гаворыцца, што “гэткі падзел не бярэ пад увагу канфэсійнай і нацыянальнай спэцыфікі Беласточчыны, абыходзіць натуральныя, гістарычна сфармаваныя этнічныя, культурныя і гаспадарчыя сувязі”.

Гаворыць адзін з падпісантаў гэтай заявы, дэпутат Сойму ад Беласточчыны, Яўген Чыквін:

(Чыквін: ) “Гэта чарговы непрыязны акт з боку самаўраду беластоцкага ваяводзтва, які ад самага пачатку дэманструе сваю непрыхільнасьць да беларускай і іншых нацыянальных меншасьцяў, якія тут жывуць”.


Спадар Чыквін мае намер зьвярнуць увагу ўсіх фракцыяў Сойму на гэткія дзеяньні беластоцкага самаўраду, ды заахвоціць дэпутатаў да прыняцьця папавак у закон аб выбарах, якія б не дазвалялі мяйсцовым уладам ажыцьцяўляць такія захады.

Акрамя падрыхтаванай напярэдадні скаргі ў Дзяржаўную Камісію па выбарах, прадстаўнікі беларускіх і царкоўных арагнізацыяў Беласточчыны маюць намер зьвярнуцца ў адпаведныя структуры Эўразьвязу, бо, на іхную думку, у дадзеным выпадку парушаная ратыфікаваная Польшчай Канвэнцыя Рады Эўропы аб ахове нацыянальных меншасьцяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG