Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ КХП БНФ ГАТОВЫЯ ЗНОЎ РАСПАЧАЦЬ АБАРОНУ КУРАПАТАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў Курапаты будаўнікі прывезьлі й паклалі на галоўнай пляцоўцы восем пяцімэтровых бэтонных трубаў. Гэта часткі канструкцыі водаадводу, празь які мусяць сыходзіць у рэчку Цну веснавы талы сьнег і дажджавая вада.

Галоўны інжынэр праекту Менскай кальцавой аўтадарогі, якая будуецца каля Курапатаў, Мікалай Крачэтнікаў паведаміў нашаму радыё, што будаўніцтва водаадводу ўзгодненае з Камітэтам захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны, Інстытутам гісторыі Акадэміі навук, навуковым кіраўніком мэмарыялу Курапаты ды зь іншымі асобамі.

Паводле праекту водаадводу, на галоўнай курапацкай пляцоўцы будзе зроблены земляны насып (каля 70 сантымэтраў), унутры якога пракладуць трубу. Празь яе вада будзе сыходзіць у вадасховішча Цна. Сама курапацкая пляцоўка таксама нібыта будзе добраўпарадкаваная.

Спадар Крачэтнікаў сьцьвярджае, што вада й раней ішла гэтым рэчышчам, але цяпер яна будзе замкнутая ў калектар ды ня будзе размываць галоўную пляцоўку з Крыжам пакутаў. Будаўнічыя работы ў Курапатах пачнуцца ў найбліжэйшы час.

З гэтым рашэньнем уладаў не пагадзіліся кіраўнікі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, якія склікалі сёньня тэрміновую нараду ў Курапатах. Гаворыць намесьнік старшыні КХП БНФ Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) “Улады сілай пачынаюць пляжыць сьвятое месца, дзе людзі заўсёды зьбіраюцца. Сёньня прывезьлі на гэтую пляцоўку трубы й зьбіраюцца рабіць адвод вады пад крыжы. Мы будзем бараніць гэтае месца, хаця сілы й няроўныя. Але будзем бараніць”.

Прадстаўнікі КХП БНФ лічаць, што будаўнікі ня мусяць кранаць тэрыторыю мэмарыялу, а павінны зрабіць зьліўную каналізацыю побач з урочышчам.

Падобнае меркаваньне падзяляе й навуковая кіраўнічка мэмарыялу Курапаты Мая Кляшторная, хаця галоўны інжынэр казаў, што яна згодная зь дзяржаўным праектам. Гаворыць Мая Кляшторная:

(Кляшторная: ) “Я рэкмэндавала, каб яны не рабілі такога водаадводу. Трэба зрабіць латкі з аднаго й другога боку адхонаў. Вада будзе адразу сыходзіць у зямлю, і ня трэба яе адводзіць некуды далёка ў лес”.

Кіраўнікі КХП БНФ сёньня прынялі рашэньне, якое агучыў Уладзімер Юхо:

(Юхо: ) “Будзем ставіць тут пікет і даводзіць да грамадзкасьці нашай і міжнароднай, што вандалізм у Курапатах працягваецца. Гэта нашая галоўная задача”.

Заўтра актывісты КХП БНФ перададуць ва ўрад адмысловы ліст з патрабаваньнем спыніць будаўнічыя работы ў Курапатах. Яны таксама заклікаюць людзей у разе патрэбы зноў паўстаць на абарону мэмарыялу.
XS
SM
MD
LG