Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РОЛЯ КАНЯ Ў ВАЙСКОВАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае гісторык Алег Трусаў.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Выява каня — на нашым нацыянальным гербе Пагоня. Чаму?”

(Алег Трусаў: ) “Конь дазволіў беларусам 500 гадоў захоўваць сваю незалежнасьць, бо нашае войска з XIII па XVIII стагодзьдзе на 80% было кавалерыяй”.

(Ракіцкі: ) “Мой госьць — гісторык Алег Трусаў. Спадар Трусаў, зь якога часу конь становіцца абаронцам беларусаў?”

(Трусаў: ) “Зь вельмі далёкіх часоў, калі яшчэ беларусаў не было, бо першыя знаходкі, якія сьведчаць пра вершнікаў-ваяроў на нашай тэрыторыі, адносяцца да І стагодзьдзя нашай эры — знойдзеныя шпоры. Конь трапіў у Беларусь, хутчэй за ўсё, разам са скіфамі, а потым шырока распаўсюдзіўся ў раньнім жалезным веку. І калі славяне прыйшлі ў Беларусь, баявыя коні тут ужо былі. Пра гэта сьведчаць і знаходкі ў балцкіх курганах. Усходнія балты хавалі сваіх нябожчыкаў-ваяроў разам з конямі”.

(Ракіцкі: ) “Але, напэўна, самае вялікае значэньне конь меў у сярэднявечча, эпоху Адраджэньня. Зрэшты, хто яны такія — конная шляхта?”

(Трусаў: ) “Гэта вайскоўцы ў войску Вялікага Княства Літоўскага, з XIII па XVIII стагодзьдзя. Гэта шляхта, якая мусіла ісьці на вайну з канём. Існавалі тры тыпы коннай шляхты: самыя багатыя магнаты выстаўлялі пэўную колькасьць дробных шляхцюкоў на конях, узброеных за свой кошт. Сярэдняя шляхта выстаўляла меншую колькасьць коньнікаў, а дробная — служыла, як кажуць, сваёй галавой, ішла ваяваць на ўласным кані, бо ён быў адзін, але добра дагледжаны”.

(Ракіцкі: ) “Гэта значыць, што тыя людзі, якіх можна сёньняшняй мовай назваць ваеннаабавязанымі, мусілі мець свайго каня?”

(Трусаў: ) “Вы згадалі конных мяшчанаў. Гэта былі нашчадкі конных баяраў, якія перасяліліся ў гарады. І асабліва вылучаліся слуцкія конныя мяшчане і віцебскія. Яны рабілі конныя вылазкі, калі трэба было адбіць напад, ці ноччу напасьці на ворага. Яны коней трымалі ў горадзе, і на гэтых конях, калі ноччу адкрываліся вароты, выскоквала войска, накшталт дзікага паляваньня караля Стаха, і граміла ворагаў тады, калі ён не чакаў”.

(Ракіцкі: ) “Калі мы гаворым пра сучаснае войска, мы пералічваем колькасьць жаўнераў, колькасьць танкаў, ракетаў... Ці лічыліся тады коні, як баявыя адзінкі?”

(Трусаў: ) “Больш за тое, конь — гэта і ёсьць баявая адзінка беларускага войска, як цяпер узвод. Конь складаўся з самаго ўзброенага вершніка, збраяносца і з слугаў. Разам гэта было да дзесяці чалавек і называлася адным словам — “конь”. На Захадзе гэта было так званае рыцарскае кап’ё, альбо рыцарская дзіда. Да таго ж конь быў адзінкай падатковай — гэта колькасьць сялянаў, якія маглі цалкам забясьпечыць шляхціча ўзбраеньнем і даць яму добрага каня”.

(Ракіцкі: ) “Калі ўжо коні былі на ўзбраеньні нашага войска, мы можам, напэўна, сьмела казаць, што старадаўняе беларускае войска і было кавалерыяй?”

(Трусаў: ) “Так. Больш за тое, у нас, акрамя кавалерыі, коні былі і артылерыяй. І, дзякуючы кавалерыі й артылерыі, мы разграмілі велізарнае маскоўскае войска пад Воршай. Толькі дзякуючы беларускім і польскім гусарам і конным артылерыстам удалося перамагчы войска, значна большае за нашае”.

(Ракіцкі: ) “Што ўяўляла сабой нашая кавалерыя?”

(Трусаў: ) “Першае коннае войска мела назву “конная дружына” — гэта дзесьці ХІ–ХІІ стагодзьдзі. Любы полацкі князь, у тым ліку славуты Ўсяслаў, мелі сваіх дружыньнікаў. Яны былі конныя. Гэта быў атрад зь некалькіх соцень чалавек, вельмі добра ўзброеных. У іх былі шчыты, дзіды, баявыя сякеры, лукі. Але іх было менш — асноўная маса ваяроў тады складалася з узброеных сялянаў. Пачынаючы ад ХІІІ стагодзьдзя, на першае месца выходзіць кавалерыя, зьяўляюцца людзі, узброеныя арбалетамі, кушамі, альбо самастрэламі”.

(Ракіцкі: ) “А можам мы казаць пра лёгкую і цяжкую кавалерыю?”

(Трусаў: ) “Можам нават пра сярэднюю. Пачынаючы з XVI стагодзьдзя, у Беларусі зьяўляюцца славутыя гусары. Слова гусар — вугорскага паходжаньня, і першую гусарскую коньніцу прыдумалі ў Вугоршчыне яшчэ ў XV стагодзьдзі. 20 чалавек выстаўлялі аднаго гусара.

У нас гусары пашырыліся дзякуючы першаму каралю Рэчы Паспалітай Стэфану Баторыю, мад’яру з паходжаньня, — і росквіту гусарскае войска дасягнула ў XVII стагодзьдзі, калі зьявіліся так званыя лятучыя гусары. Гэта было наша цяжкаўзброеннае войска, узброенае доўгімі дзідамі, і ззаду яны мелі спэцыяльнае прыстасаваньне, якое рабілася зь пёраў чорнага колеру.

І калі гусарскае войска скакала на ворага, быў такі шум і сьвіст, што палохалася варожая коньніца, і людзі разьбягаліся ад страху. Гэта быў вялізарны псыхалягічны эфэкт, а з другога боку — абарона сьпіны гусара. Кожны гусар меў шлем-шышак і меў кірасу — такі панцыр. Кіраса, дарэчы, дажыла да ХІХ стагодзьдзя. Была і лёгкая коньніца, у асноўным татарская, бо татары таксама ўсе былі на конях. Татарская лёгкая коньніца была ўзброеная звычайна арбалетамі, лукамі, а з XVI стагодзьдзя яны мелі шаблю і пісталет, звычайна два”.

(Ракіцкі: ) “А гарматы калі зьяўляюцца?”

(Трусаў: ) “Гарматы ў Беларусі зьявіліся ў XIV стагодзьдзі. Спачатку яны не былі коннымі, яны стаялі толькі ў замках. А вось конныя гарматы на Беларусі, гэта канец XV–пачатак XVI стагодзьдзяў, зьявіліся, калі зьявіўся ляфэт — спэцыяльны вазок з двума коламі, на які клалі гармату і запрагалі пэўную колькасьць коней. І вось на славутай бітве пад Воршай мы бачым беларускія гарматы ў дзеяньні”.

(Ракіцкі: ) “Вяртаемся зноў да нашага нацыянальнага гербу, да Пагоні. Там ня проста конь, там конь зь вершнікам. Якую амуніцыю меў вершнік, якія былі дачыненьні паміж конем і вершнікам?”

(Трусаў: ) “Па-першае, кожны вершнік меў добра зробленую конскую збрую, бо бяз гэтай збруі немагчыма было добра ваяваць. І абавязковы атрыбут вершніка — шпоры, таксама конская падкова, якая зьяўляецца з ХІІ стагодзьдзя, бо непадкаванаму каню цяжка ваяваць, асабліва зімою. Па-другое, вершнік ужо пад XV стагодзьдзе быў звычайным эўрапейскім рыцарам.

Ёсьць выявы рыцарскіх турніраў. Ня трэба далёка хадзіць і шукаць рыцара ў Францыі ці ў Нямеччыне — рыцары былі пры двары і Вітаўта, і Ягайлы... Гэта і ёсьць паны-рыцары. Дастаткова паглядзець выявы надмагільляў нашых. Гаштальда, напрыклад, у поўным рыцарскім уборы, Паўла ці Льва Сапегі”.

(Ракіцкі: ) “А калі параўнаць нашых коней з эўрапейскімі — мы саступалі эўрапейцам у кавалерыі?”

(Трусаў: ) “Не. Нашая лёгкая коньніца, так званыя лісоўчыкі, грамілі ўсю Эўропу падчас Стогадовай вайны ў Нямеччыне. Гэтыя лісоўчыкі даходзілі ў сваіх начных драпежніцкіх рэйдах ажно да Амстэрдаму. Нашыя вершнікі праславіліся ў бітвах швэдзкай коньніцы пад Кіргольмам на чале з гетманам Гаткевічам. Нашая коньніца была вельмі моцнай да самых разьдзелаў Рэчы Паспалітай. Першае, што зрабілі расейцы — стварылі беларускі гусарскі конны полк”.

(Ракіцкі: ) “Але вайсковы конь — гэта конь асаблівы? Дзе мы бралі гэтых коней? Ці ў нас існавала цэлая галіна разьвядзеньня гэтых коней?”

(Трусаў: ) “Існавала. І асабліва багатыя магнаты мелі спэцыяльныя стайні. Так, напрыклад, захаваліся апісаньні Радзівілаўскіх стайняў у Нясьвіжы. Калі прыйшлі госьці, яны былі зьдзіўленыя, што ў стайнях ляжалі дываны і віселі люстэркі”.

“Прызнаюся, я не чакаў знайсьці такіх коней, такой канюні і такой чысьціні. У доўгай высокай галярэі, якая падтрымвалася калёнамі, пафарбаванымі пад чырвонае дрэва і пакрытымі лакам, стаялі да 50 ангельскіх коней, адзін за другога прыгажэйшых. Пасярэдзіне яе шыкоўная канапа, усюды люстэркі, прыемныя пахі, як у залі, на падлозе няма пылу. Тлусты ангелец прапаноўваў паглядзець польскую, расейскую і мад’ярскую канюшні…”

(Ракіцкі: ) “Спадар Трусаў, як доўга традыцыя кавалерыі праіснавала на нашых землях?”

(Трусаў: ) “Да апошняй вайны, як ні дзіва. Па-першае, кавалерыя была і ў так званую рэвалюцыю, і ў грамадзянскую вайну. Беларусы служылі ўланамі ў польскім войску і ўзялі ўдзел у вайне з фашыстамі як польскія кавалерысты. І польскія ўланы ў верасьні 1939 году паказалі ўзор гераізму, калі яны на конях змагаліся супраць танкаў і ўсе загінулі. А вось у савецкім войску, менавіта беларус генэрал Даватар праславіўся на ўвесь свет сваімі партызанскімі рэйдамі”.

(Ракіцкі: ) “Я разумею, што тэма нашай гаворкі можа падацца слухачам вельмі такой рамантычнай, камусьці, магчыма, архаічнай... Як бы там ні было, узьнікае пытаньне: гэта зусім архаіка, ці можна выкарыстоўваць каня сёньня ў вайсковай справе?”

(Трусаў: ) “Цяпер адраджаецца конная міліцыя, бо ў межах вялікага гораду конь зноў стаў вельмі зручнай адзінкай перасоўваньня ва ўсіх гэтых заторах, ён экалягічна чысты. Па-другое — конны спорт. У Беларусі, напрыклад, Радзівілы ў Нясьвіжы трымалі свой іпадром у ХІХ стагодзьдзі. І я замест лядовых палацаў збудаваў бы хаця б адзін іпадром”.

(Ракіцкі: ) “У цэлым шэрагу эўрапейскіх краінаў шмат помнікаў, дзе знакамітыя паўкаводцы, імпэратары на конях. Чаму ў Беларусі няма помнікаў каню?”

(Трусаў: ) “Вы ня маеце рацыі. У нас помнік каню на дзяржаўным гербе краіны. І першая выява Пагоні, якую мы ведаем, — гэта рыцар на кані, і апісаньне герба ХІІІ стагодзьдзя: “Муж зброены на каню седзячы ворага гоніць”.

Дарэчы, на нашай Пагоні рыцарскі конь. На літоўскай сучаснай Пагоні — конь ужо эпохі барока, ня столькі баявы, колькі выязны. А наш конь — гэта славуты рыцарскі конь, якога таксама закоўвалі ў жалезныя дасьпехі, і вось гэты конь спыніў як крыжацкую, так і татарскую, і маскоўскую навалу ў час сярэднявечча. Гэтаму каню помнікам зьяўляецца наш нацыянальны герб і славутая Пагоня Максіма Багдановіча, дзе апеты менавіта баявы конь”.
XS
SM
MD
LG