Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ЧАС ПРЭЗЫДЭНЦТВА АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ ЖЫЦЬЦЁ Ў КРАІНЕ ПАГОРШЫЛАСЯ — СЬЦЬВЯРДЖАЮЦЬ МЕНЧУКІ


Галіна Абакунчык, Менск

Адрозна ад папярэдніх гадоў, сёлета пра чарговую гадавіну прыходу Аляксандра Лукашэнкі да ўлады афіцыйныя мэдыі не згадалі ні словам. Адметна, што нават у прэсавай службе Лукашэнкі не змаглі дакладна назваць дату, калі іхны кіраўнік перамог на выбарах.

За восем гадоў дарослымі стала цэлае пакаленьне моладзі. Хлопцы і дзяўчаты, якія сёлета атрымліваюць пашпарты, па сутнасьці, ня памятаюць жыцьця бязь першага прэзыдэнта. Затое людзі сярэдняга й нават сталага веку, зь якімі я сёньня размаўляла, ролю Лукашэнкі ў кіраўніцтве краіны ацэньваюць амаль аднолькава.

(Карэспандэнтка: ) “Як зьмянілася вашае жыцьцё за гады прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі?”

(Спадар: ) “Вельмі кепска стала жыць, і гэтая тэндэнцыя набірае абароты. Цяжка прадказаць, што будзе далей, але жыцьцё проста невыносным робіцца”.

(Спадар: ) “Вельмі многа цэнзуры стала, вельмі мала свабоды”.

(Спадарыня: ) “Несумненна, сытуацыя пагоршала ў культурным, палітычным і эканамічным пляне. Таму, што ўнутраная й зьнешняя палітыка вядзецца недальнабачна”.

(Спадар: ) “Жыцьцё зьмянілася ў кепскі бок. Вось так яму й перадайце”.

(Спадарыня: ) “Цяжка стала жыць. Мы жылі, мелі нешта, а цяпер невядома, што заўтра будзе. Асабліва непакоімся за дзяцей”.

(Спадар: ) “Зьмянілася, але ў горшы бок. Культуры ў нас стала менш”.

(Спадар: ) “Маё жыцьцё калі й памянялася, дык стала горш”.

(Спадарыня: ) “Жыцьцё пагоршылася. Заробак стаў меншы. Дэмакратыі паменшала. Дыктатура”.

(Спадар: ) “Калі б не было гэтага саюзу, можа й лепш было б. Каб пайшлі сваім шляхам — як Прыбалтыка, да прыкладу”.

(Спадар: ) “Жыцьцё не палепшылася: даляр даражэе, харчы таксама, заробак малы. У свой час Лукашэнка абяцаў, што сто даляраў будзем атрымліваць, аднак гэтага няма. І пэрспэктывы я ня бачу”.

(Спадарыня: ) “Павінна было быць лепш. Але ці робіць гэта Лукашэнка? Напэўна, было б лепш безь яго ўсё-такі”.

(Спадар: ) “Лепш мы жыць ня сталі: эканамічна й палітычна Беларусь у сьвеце прызнаюць ня ўсе”.

(Спадар: ) “Маральна горш, з эканамічнага пункту гледжаньня — застой, для дзяцей пэрспэктывы няма. Улада жыве сама па сабе, а людзі самі па сабе. Але гэта калі-небудзь закончыцца, нарыў лопне, і ўсё будзе нармалёва”.

Значная частка тых, хто адзначае нэгатыўную ролю Аляксандра Лукашэнкі ў разьвіцьці краіны, у свой час аддавалі за яго свой голас. Аднак яны сьцьвярджаюць, што зрабілі гэта вымушана, з прычыны адсутнасьці ў свой час годнай альтэрнатыўнай кандыдатуры. Усяго адзінкі сярод іх не расчараваныя сваім выбарам — і толькі таму, што ніякіх спадзяваньняў на свайго абранца не ўскладалі. Слухаем маіх выпадковых суразмоўцаў:

(Спадарыня: ) “Галасавала. Першы раз не за Лукашэнку, а другі раз не было выбару. І я не расчараваная, бо нічога лепшага й не чакала”.

(Спадарыня: ) “Галасавала, але прэзыдэнтам расчараваная, бо матэрыяльна пагоршала. Заробкі й пэнсіі на месьце, а кошты ў крамах павялічваюцца”.

(Спадарыня: ) “Галасавала, таму што не было за каго галасаваць. Але ж зразумела, што расчараваная, таму што цяжка жыць. Патрэбна мяняць, канечне, і жыцьцё нашае, і ўладу мяняць — таму што жыцьцё працоўных значна пагоршала”.

(Спадарыня: ) “Жыцьцё зьмянілася ня ў лепшы бок, бо шмат праблемаў эканамічных. Мне бы хацелася пераменаў, аднак няма лідэра больш маладога й моцнага.Калі б ён быў, то й было бы да чаго імкнуцца”.

Новае выбраньне Лукашэнкі гэтыя людзі патлумачылі менавіта адсутнасьцю ў краіне лідэра, годнага пасады прэзыдэнта Беларусі, а таксама фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня на апошніх выбарах.
XS
SM
MD
LG