Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ НАСТАЎНІКІ ВЫМУШАНЫЯ ПРЫЗВЫЧАЙВАЦЦА ДА БЕЗГРАШОЎЯ


Міхал Стэльмак, Менск

Настаўнікі ня могуць своечасова атрымаць заробленыя грошы ў большасьці рэгіёнаў Беларусі. Напрыклад, на Гарадзеншчыне — вось што распавёў сёньня нашаму радыё старшыня абласнога прафсаюзу адукацыі Аляксандар Падгайчанка:

(Падгайчанка: ) “Запазычанасьць за адпачынак і па заробках за чэрвень складае больш як 5,5 мільярдаў рублёў. У гэтай сувязі наш абласны прафсаюз накіраваў тэлеграму на адрас Савету міністраў. У прыватнасьці, у Наваградзкім раёне доўг настаўнікам складае 150 мільёнаў, 100 мільёнаў у Лідзкім, 70 — у Бераставіцкім. Даўгі ёсьць і ў самой Горадні, і ва ўсіх раёнах. Але найбольшая ў Слонімскім — 227 мільёнаў”.

Паводле спадара Падгайчанкі, гарадзенскія ўлады каб прадухіліць рост напружанасьці ў настаўніцкіх шэрагах, мусілі самі ісьці ў школы ды тлумачыць прычыны запазычанасьцяў.

Шматмільярдная запазычанасьць перад настаўнікамі і на Берасьцейшыне. Але там, як паведаміў нашаму радыё лідэр абласнога прафсаюзу адукацыі Мікалай Коўш, замест вырашэньня гэтай праблемы ўлады змагаюцца з прафсаюзамі:

(Коўш: ) “Далі каманду, каб наш галіновы прафсаюз — Берасьцейскі абкам прафсаюзу — спыніў існаваньне, а замест яго былі створаныя новыя прафсаюзы, кішэнныя, “жоўтыя”. Кантрольная дата была 1 ліпеня. Выконвалі каманду старшыні райвыканкамаў і іхныя намесьнікі, кіраўнікі ўпраўленьняў адукацыі. Тыя пагражалі скасаваньнем кантрактаў кіраўнікам школаў, дашкольных установаў, рэктарам ВНУ. Але ня ўсё ў іх атрымліваецца. Вось я быў учора ў Кобрыні. Там усе настаўнікі ў школе №8 засталіся ў нашым прафсаюзе. У той жа Кобрыні былі пагрозы ў сувязі са скарачэньнямі, якія чакаюцца ў сыстэме адукацыі. Пагражалі, што хто ня ўвойдзе ў новы прафсаюз, будзе скарочаны ў першую чаргу”.

Паводле зьвестак Рэспубліканскага камітэту настаўніцкага прафсаюзу, жорсткая барацьба за кантроль над прафсаюзнымі структурамі ў сыстэме адукацыі разгарнулася ў і іншых абласьцях.
XS
SM
MD
LG