Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВЯЛІКІ БОР, ХОЙНІЦКІ РАЁН


Тацяна Сапач, Вялікі Бор

“Для мяне, якая нарадзiлася i вырасла ў Заходняй Беларусі, палеская вёска Вялікі Бор здаецца занадта вялікай... Тры паралельныя вуліцы, кожная – даўжынёю ў чатыры кілямэтры, жыхароў – больш за паўтары тысячы. Але такія вялікія вёскі на Палесьсі – правіла, а не выключэньне. Зрэшты, вёска Вялікі Бор – самая вялікая ў Хойніцкім раёне.

У Вялікага Бору – некалькі гісторыяў. Адная існуе ў выглядзе мясцовых легендаў”.

(Голас: ) “Памятаю зь дзяцінства... жарт такі хадзіў, што вялікаборцы цягнулі на дуба вала... Сеялі на Клімавай гары соль... жартавалі так...”

(Голас: ) “Сеялі, праўда – сеялі. Каб соль атрымаць. Старыя людзі так казалі”.

(Карэспандэнтка: ) “Гэтыя легенды вялікаборцы трактуюць на сваю карысьць. Маўляў, соль на гары сеялі не таму, што чакалі ўраджаю солі – не такія яны, вялікаборцы, наіўныя дурні... Проста аддаўна ведалі тут пра існаваньне мінэральных угнаеньняў, і ўносілі іх у зямлю дзеля ўраджаю бульбы, ці жыта, ці аўсу. Для іншых жа – сапраўды наіўных дурняў – гэта выглядала як сяўба солі. Такім чынам, вялікаборскія – людзі ня лепшыя і ня горшыя, але іншыя. Гэтак лічаць яны самі, гэтак заўсёды лічылі тыя, хто не зь Вялікага Бору”.

(Голас: ) “Некаторыя ў нас кажуць, што вялікаборцы азначае – вялікія барцы...”

(Карэспандэнтка: ) “Тры паралельныя вуліцы Вялікага Бору – тры наступныя гісторыі вёскі: старая, новая і найноўшая. Вуліца Цэнтральная – гэта стары Вялікі Бор, і жыхары на Цэнтральнай вуліцы – людзі старыя. Яны перажылі вайну, вярнуліся – хто зь лесу, хто зь нямецкага выгнаньня – вярнуліся на папялішча і адбудавалі новую вёску на старым месцы. Цэнтральная вуліца – скрозь драўляныя дамы, многія зь якіх сёньня ўжо няжылыя.

У 1943 немцы дашчэнту спалiлi вёску, у агнi загiнулi 80 вялiкаборцаў – у асноўным старыя i малыя дзецi. Дужэйшых вывезьлi ў Нямеччыну, а тыя, хто пасьпеў уцячы, хавалiся ў лесе ажно да канца вайны. Апошнiм часам самая папулярная гутарка на Цэнтральнай вулiцы – пра несправядлiвасьць. Маўляў, у вайну гаравалi ўсе, а кампэнсацыi ды льготы маюць толькi “вузьнiкi”.

(Голас: ) “Тым, хто ў Нямеччыну паехаў, дык даюць i даюць маркi, а мы ў лесе прасядзелi галодныя, босыя, голыя, пазьбiралi ўсе хваробы – нам нiхто нiякай нi помачы, нi немачы, нiчога не дае. Не карыстаемся нiякiмi льготамi. Проста крыўдна... Мы ж ня самi ў лес пайшлi. Павыганялi, папалiлi, пазабiралi ўсё...”

(Карэспандэнтка: ) “Вулiца, якая носiць назву Новая, – iлюстрацыя да пазьнейшай гicторыi Вялiкага Бору. Новая гiсторыя вёскi – 1980-ыя гады. Тады багаты саўгас узводзiў цагляныя дамкi адзiн за адным. Тады ж вялiкаборцамi лiчылi за гонар стаць нават гарадзкiя, хойнiцкiя людзi, якiя ў Вялiкiм Бары прасьцей i хутчэй вырашалi асноўнае пытаньне 1980-х – кватэрнае. Настаўнiкi, лекары, работнiкi дзiцячага садка ехалi працаваць i жыць у Вялiкi Бор. Настаўнiца Ганна Рашанок у Вялiкiм Бары ўжо 25 гадоў”.

(Рашанок: ) “Калiсьцi мой бацька-нябожчык казаў: "Ой, дачка, як у горадзе людзей! А дзяцей – поўна!" А зараз мала зусiм. У нашай школе сёлета будзе два нулявыя класы, а ў наступным годзе – адзiн, i далей – усё меней i меней... Працы хутка настаўнiкам ня будзе зусiм...”

(Голас дзiцяцi: ) “Як вырасту, буду работаць у брыгадзе, буду кароў даiць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ты з мамай хадзiла ў брыгаду, дзе кароўкi?”

(Дзіця: ) “З мамай”.

(Карэспандэнтка: ) “А ўдома кароўка ёсьць?”

(Дзіця: ) “Е...”

(Карэспандэнтка: ) “Е? А многа малачка дае?”

(Дзіця: ) “Багата. Поўнае вядро”.

(Карэспандэнтка: ) “Найноўшая вулiца Вялiкага Бору – вулiца Мiру, вулiца перасяленцаў”.

(Голас: ) “Узарвалася атамная станцыя, дык людзей павысялялi сюды. У хату к нам прывезьлi сям`ю, паразьмяркоўвалі па хатах. А тады дамкi мамэнтальна паставiлi – хутка-хутка, i кожнай сям`i далi асобны дамок.

(Карэспандэнтка: ) “Людзi зблiзку цi здалёку?”

(Голас: ) “З нашага ж, з Хойнiцкага, i з Брагiнскага раёну. Харошыя людзi, нармальныя. Але ж i багата iх ужо памёрла, мала-мала засталося. Багатую дозу радыяцыi атрымалi, i – у асноўным – паўмiралi. О-ёй, мужыкоў у нас зусiм мала засталося. 55 гадоў, 56 – i ўсё, i адразу ўмiрае. А хто ўжо перажыў 60 гадоў, дык гэтыя трымаюцца...”

(Карэспандэнтка: ) “У мясцовай краме сярод тавараў штодзённага попыту побач з пакункамi cолi, мукi ды крупаў, – пахавальны вянок са штучных кветак, на iм цэтлiк – "венок ретуальный".

(Голас: ) “Багата паехало – о-о-о! – у Гродзенскую вобласьць, багата выехала ў нас... хаты пакiдалi, паздавалi ў дзяржаву – паехалi, хто – у Гродзенскую вобласьць, i ў Брэсцкую, i ў Мiнск – багата... зь Вялiкага Бору”.

(Карэспандэнтка: ) “Хто паехаў, а хто – застаўся, з надзеяй найперш на сябе самога, i хiба зусiм трохi – на далёкую, i таму, можа быць, разумную ўладу, якая недзе ў Менску, пэўна ж, ня можа пра ўсё ведаць”.

(Голас: ) “Хачу папрасiць Лукашэнку... У нас тут няма нi гiнэколяга, нi зубнога лекара, у такой вялiкай вёсцы. Была бальнiца, i тую закрылi. А столькi ж дзяцей малых, ды хварэюць, радыяцыя кругом... хаця б бальнiца была. Аўтобус – i той раз на тыдзень толькi ходзiць. А што рабiць нам, што рабiць? Ня ведаю... Можа, там у Менску каго папросiце – глаўнага каго...”


(Карэспандэнтка: ) “Яшчэ – у цэнтры Вялiкага Бору – бiблiятэка. Год таму пры бiблiятэцы быў адкрыты лiтаратурны музэй Барыса Сачанкi. Вялiкаборцы ганарацца сваiм земляком, што ўславiў iхную вёску на ўсю Беларусь. Ганарацца i iншымi слаўнымi вялiкаборцамi. Гаворыць бiблiятэкарка Эма Кузьменка”.

(Кузьменка: ) “Першае месца ў нас займае Барыс Iванавiч Сачанка, на другiм месцы – Iван Iванавiч Сачанка, беларускi публiцыст i гiсторык... Алесь Сачанка, пicьменьнiк Зьмiтро Бяспалы, Алесь Шлег – яму старонка прысьвячаецца, пасьля... Барыс Пятровiч-Сачанка...”

(Карэспандэнтка: ) “Сачанка, выглядае, – самае знакамiтае тут прозьвiшча?”

(Кузьменка: ) “Так. А гэта – кандыдат эканамiчных навук Кананок, Вiктар Харошка – зараз вядзе рубрыку спартыўную ў ''Народнай газеце'', таксама вялiкаборац”.

(Карэспандэнтка: ) “У бiблiятэцы запiсана 350 чытачоў. У асноўным гэта дзецi i людзi старэйшага веку. Трыццацігадовым, саракагадовым чытаць няма калi. Каму – за працай, а каму – за iншым папулярным у вёсцы заняткам”.

(Голас: ) “Ведаеце, вельмi народ расьпiўся, страшна... Цi гэта ўсюды такая бяда, цi толькi ў нас. Кабеты? Ой, каб жа не кабеты... Якраз яны й п`юць. Калi мужыкi, дык нiбыта так i трэба, але жанчыны – страшная справа гэта...”

(Карэспандэнтка: ) “На п`янства наракаюць усе – ад вясковых бабуляў да дырэктара саўгасу, цi, як гэта цяпер завецца, – камунальнага сельскага ўнiтарнага прадпрыемства, або скарочана – КСУП. Аляксандру Калыхану 40 гадоў, ён скончыў Горацкую сельгасакадэмiю, дырэктарам у Вялiкiм Бары працуе 2 гады”.

(Калыхан: ) “Калі ёсьць вынікі, зьяўляецца большая цікавасьць, разумееш, што ты тут не дарэмна прабыў, нешта зрабіў… Проста, вядома… Цяпер ва ўрадзе гавораць пра рэфармаваньне сельскай гаспадаркі, але толькі гавораць. Усё ўсё адно пад кантролем дзяржавы. Калі б было прасьцей, дазволілі самастойнасьць кіраўнікам, лепей было б. Кіраўнік ужо б плянаваў па-свойму, што вырабіць, якую прадукцыю, каб яна была прыбытковая, рэнтабэльная, каб болей грошай атрымаць. А ў нас усё – пляны, пляны… Робіш не па сваёй волі. Калісьці – дарма што камандавалі, але ж давалі ўсяго ўволю, ты мусіў толькі правільна распарадзіцца гэтым. Цяпер толькі патрабуюць, а дапамогі мала. Кажуць – раздаць людзям зямлю. Можна і раздаць. Дык з такім самым посьпехам дазвольце таму ж кіраўніку працаваць, як прыватніку. Якая розьніца? Болей бы самастойнасьці далі…”

(Карэспандэнтка: ) “Апрача Аляксандра Калыхана, у Вялiкiм Бары не па-беларуску са мной загаварылi яшчэ толькi аднойчы.

(Дзяўчынка кажа некалькi словаў па-iталiйску, i перакладае – маўляў, вiтаю вас, як вашыя справы, у мяне ўсё добра.)

Дзяўчынка Надзя вось ужо дзявяты раз паедзе сёлета зь Вялiкага Бору ў Iталiю – на аздараўленьне. Пасьля Чарнобылю кожны год мясцовыя дзецi адпачываюць за мяжою – хто ў Бэльгii, хто ў Нямеччыне, а хто ў Iталii. А ў Вялiкi Бор менчукi, гомельцы, гарадзенцы прывозяць на вакацыi cваiх дзяцей”.

(Голас: ) “Езьдзяць, а як бы яны без бацькоў пражылi? I дзяцей ужэ возяць, не баяцца радыяцыi. А то ж дзяцей не вазiлi. А вот ужо гадоў пяць, як возяць”.

(Карэспандэнтка: ) “Хлопчык Алесь прыехаў да дзеда з бабай зь Менску”.

(Алесь: ) “Дапамагаць буду, ваду насiць, грады палоць”.

(Карэспандэнтка: ) “Любiш тут, у Вялiкiм Бары, бываць?”

(Алесь: ) “Так, люблю. Кожнае лета прыяжджаю. Файны адпачынак, найлепшы адпачынак тут – паветра чыстае, ня тое, што ў горадзе”.

(Карэспандэнтка: ) “А што трэба чалавеку для шчасьця, апрача добрага паветра?”

(Алесь: ) “Раней, акрамя вёскi, чалавеку нiчога ня трэба было, а зараз цывiлiзацыя – i тэлефон трэба, i ўсё iншае”.

(Карэспандэнтка: ) “Калi праўда, што ў дубовым лесе належыць волю каваць, у яловым – душу д`яблу прадаваць, у бярозавым – любiцца, а ў сасновым малiцца, дык Вялiкi – cасновы – Бор надаецца для малiтвы. Дарма, што тут няма храма. Распавядаюць, што ў 1935-м годзе царкву зьнiшчылi cталiнскiя актывiсты; адзiн зь iх – найбольш шчыры – выкалаў вочы Багародзiцы на абразе, а ў першыя днi вайны яму самому асколкам выбiла вочы. Пасьля ён до-оўга жыў, але – сьляпы, невiдушчы. Так што – царквы няма, вялiкае начальства далёка, а жыць трэба, i верыць трэба.

Праз тыдзень пасьля Сёмухi ў Вялiкiм Бары водзяцца з русалкаю, i гэты звычай iснуе толькi тут, болей нiдзе”.

(Галасы: ) “Зьбiраюцца, iдуць у лес, плятуць вянкi вялiкiя, потым iдуць па вёсцы, музыка грае, песьнi пяюць.

– Вясна, вясьняначка,
дзе твая дочка Мар`яначка?
Дочка ў садочку
шые сарочку, ха-ха...

– А пасьля меншыя вяночкi плятуць, ускладаюць iх на капусту...

– Каб вялiкая расла...”

(Карэспандэнтка: ) “У русалкi просяць, каб спрыяла ўраджаю капусты; а ў мясцовага начальства – каб паставiлi прыдарожныя крыжы на ўезьдзе i выезьдзе зь Вялiкага Бору. Прынамсi, гэта вялiкаборскi дырэктар Аляксандар Калыхан абяцае, што зробiць пэўна”.
XS
SM
MD
LG