Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЁС БСМ І БПСМ БУДЗЕ ВЫРАШАНЫ 6 ВЕРАСЬНЯ


Ігар Карней, Менск

Размовы пра аб’яднаньне нашчадка камсамолу — БСМ і штучна створанага ідэалягічнага пралукашэнкавага БПСМ вядуцца ад 1999 году. Фактычна, ад тае пары, калі БПСМ страціў усе надзеі на былую камсамольскую нерухомасьць побач з рэзыдэнцыяй Лукашэнкі ў цэнтры сталіцы.

Але маральную перамогу над апанэнтамі БСМ сьвяткаваў нядоўга. На пачатку году паводле загаду Міністэрства інфармацыі БСМ быў выведзены са складу заснавальнікаў газэты “Чырвоная змена”; зараз вырашаецца пытаньне існаваньня арганізацыі наогул. Пяць дзён таму дэманстратыўна пакінула пасаду кіраўніка Беларускага саюзу моладзі Ала Данілава. Спрабую высьветліць акалічнасьці ў штаб-кватэры моладзевай арганізацыі.

(Супрацоўніца арганізацыйнага аддзелу: ) “Зараз яна ў чарговым адпачынку. Пасьля ягонага заканчэньня вызваляецца ад пасады. Прычынаў ня ведаю. Але ў працы арганізацыйнага камітэту удзелу, натуральна, Данілава ўжо не бярэ. Што тычыцца самога аб’яднаньня, то нічога канкрэтнага сказаць не магу. Прычыны могуць быць розныя. Можа, тая ж нерухомасьць. Але пра гэта трэба пытаць у другога боку, ня ў нас: якія ў іх прычыны і на што яны прэтэндуюць?”

У БПСМ пра аб’яднаньне распавядаюць з большым энтузіязмам. Гаворыць супрацоўніца апарату БПСМ Вольга Бяляева:

(Бяляева: ) “Фінансавыя моманты, шмат агульнага было ў праграмах, таму распыляцца на дзьве арганізацыі неашчадна. Што тычыцца будынка... У любым выпадку будынак перададзены ва ўласнасьць адміністрацыі прэзыдэнта, ён нікому не належыць. Наконт спрэчак — усё ня так, усё на ўзроўні чутак. У любым выпадку рэарганізацыя праводзіцца са станоўчымі мэтамі. Цяпер створаны камітэт у справе распрацоўкі назвы, сымболікі. Усё ў працэсе вырашэньня. А так мэта адна: дзеля пасьпяховага разьвіцьця моладзевага руху. А ў БСМ і ў БПСМ шмат агульных мэтаў было, проста маса”.

Як глядзяць на маючую адбыцца рэформу кіраўнікі дэмакратычных плыняў? Вось меркаваньне лідэра моладзевай плыні АГП Алеся Карніенкі:

(Карніенка: ) “Нічога добрага ў тым, што неграмадзкая арганізацыя (БПСМ) паглынае БСМ, які доўгі час трымаўся, прынамсі, нэўтральнасьці. Усё ж туды ўваходзілі тысячы школьнікаў, студэнтаў; БСМ спрабаваў працаваць ужо не на прынцыпах камсамолу, а паводле прынцыпаў грамадзкіх арганізацыяў. Калі ўзяць асобныя рэгіёны, прыкладам, Гомель, гарадзкая арганізацыя займала там выразна нэўтральную пазыцыю. Наколькі я ведаю, яны вельмі нэгатыўна паставіліся да працэсу і будуць спрабаваць судзіцца. Шкада тых людзей, якія далучацца да БПСМ. Пэрспэктываў у іх няма, бо арганізацыя сыдзе з арэны адразу ж, як толькі сканае рэжым Лукашэнкі”.

За працэдурай прымусовага аб’яднаньня сочаць ня толькі на дзяржаўным узроўні. Аўтарытэтны сацыёляг Алег Манаеў бачыць у гэтым дастаткова трывожныя сымптомы.

(Манаеў: ) “Улада дастаткова дакладна і дынамічна працуе з маладымі людзьмі. Самы апошні факт, пра які зараз усе гавораць — аб’яднаньне БСМ з БПСМ. Натуральна, БСМ — далёка не Малады Фронт, але ўсё ж гэта больш-менш цэнтрысцкая група, у якую ўваходзілі асобныя моладзевыя арганізацыі, якія арыентаваліся на каштоўнасьці дэмакратыі, рынкавай эканомікі. Галоўнае, што было ўсё легальна; яны мелі сваю нерухомасьць, былі зарэгістраваныя. Сёньня адбываецца працэс аб’яднаньня. Але нават не паводле нейкай сярэдняй асновы, а па сутнасьці, ідзе паглынаньне БСМ апаратам, ідэалёгіяй БПСМ. А як улада ставіцца да моладзі, якая бунтуе — гэта агульнавядома. І гэта адштурхоўвае моладзь ад актыўнай палітыкі”.

Выканаўца абавязкаў першага сакратара БСМ Яўген Карпік у адказ на пытаньне: што будзе з БСМ, вытрымаў амаль хвілінную паўзу, і толькі потым сказаў, што, на жаль, у гэтай сытуацыі ад ягонага меркаваньня будучыня арганізацыі залежыць менш за ўсё.
XS
SM
MD
LG