Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАБРЭІ Й БЕЛАРУСЫ ПАТРАБУЮЦЬ АДНАЎЛЕНЬНЯ СЫНАГОГІ ПА ВУЛІЦЫ ДЗІМІТРАВА Ў МЕНСКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Менскія ўлады дазволілі грамадзкаму камітэту жыхароў дому з вуліцы Шпалернай арганізаваць гэты пікет на плошчы Бангалёр. А 19-й гадзіне туды прыйшлі каля 30 чалавек. Акрамя жыхароў, у гэтай акцыі ўдзельнічалі вядомы мастак Аляксей Марачкін, прэзыдэнт Усясьветнай арганізацыі беларускіх габрэяў Якаў Гутман, актывісты Маладога Фронту ды іншыя людзі.

Людзі трымалі лёзунгі “Свабоду веравызнаньню!”, “Зьнішчэньне сынагогі на Дзімітрава — знак новай бяды!” ды іншыя. Міліцыя ўдзельнікам акцыі не замінала. Пікет адразу ж перарос у імправізаваны мітынг.

Гаворыць кіраўніца грамадзкага камітэту дому па вуліцы Шпалернай, 4 Вольга Вечар:

(Вечар: ) “Мы сёньня сабраліся, каб пратэставаць супраць незаконнага рашэньня Менгарвыканкаму аб выдзяленьні ўчастку для будаўніцтва дома фірмай “Камкон” па вуліцы Дзімітрава, 3. Гэтае рашэньне было выдадзенае незаконна. Дзеля гэтага будаўніцтва быў зьнесены помнік культуры ХІХ стагодзьдзя — будынак сынагогі. Мы лічым, што ўлады паводзяць сябе несумленна. Дзяля шаснаццаці таўстасумаў і высокіх чыноўнікаў яны пазбаўляюць наш гістарычны цэнтар помнікаў гісторыі й культуры”.

Жыхары гэтага дому патрабуюць ад уладаў спыніць будаўніцтва і аднавіць будынак сынагогі.

На пікеце прысутнічалі два прадстаўнікі фірмы “Камкон”, якія даводзілі пікетоўцам, што спыніць будаўніцтва ўжо немагчыма:

(Прадстаўнік фірмы: ) “Мне здаецца, што калі ім у інстанцыях даюць нэгатыўныя адказы, то гэта ня проста так”.

Аднак нешматлікія мінакі падтрымлівалі ўдзельнікаў акцыі:

(Спадарыня: ) “Зьнішчэньне сынагогі, зьнішчэньне храму — гэта зьнішчэньне народу”.

А вось што сказаў Аляксей Марачкін, які доўгі час меў майстэрню ў будынку былой сынагогі:

(Марачкін: ) “Людзі, я вітаю вас, што вы сёньня тут па тых жа балючых праблемах, якія хвалююць і мяне. Я невыпадкова сярод вас, таму што больш за 10 гадоў таму я жыў у гэтым доме — гэта была мая майстэрня. Там быў ня толькі я, там былі вядомыя людзі. Туды прыходзілі Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч, там працаваў Бялыніцкі-Біруля. Гэты антысэмітызм — ён на паверхні й унутры”.

Габрэйскі актывіст Вольф Рубінчык заклікаў стаяць у гэтай справе да канца, бо дзяржава нібыта ўжо гатовая пайсьці на саступкі:

(Рубінчык: ) “Хавэры–сябры! Калі ўвосень пачалі разбураць сынагогу, і мы ўдваіх з Гутманам прыйшлі на пікет, нас ніхто не паслухаў. Сёньня прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек. Я спадзяюся, што нарэшце нас паслухаюць, бо дзяржава ўжо прызнала, што разбурэньне сынагогі было няправільным. Некалькі дзён таму я атрымаў ліст з Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. Яны сьведчаць, што гатовыя ісьці на саступкі, але якім будзе памер гэтых саступак, залежыць ад усіх нас”.

Даволі рэзкі зварот да прэзыдэнтаў Расеі, ЗША і прэм’ера Ізраілю з заклікам зрабіць усё, каб спыніць дзяржаўны антысэмітызм у Беларусі, зачытаў Якаў Гутман. Ня ўсе яго падтрымалі, але многія падпісалі.

Многія ўдзельнікі пікету лічаць, што для аднаўленьня будынку сынагогі трэба стварыць грамадзкую ініцыятыву.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG