Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬМЕНЫ Ў ПОЛЬСКІМ УРАДЗЕ ВЫКЛІКАЛІ ПАДЗЕНЬНЕ КУРСУ ЗЛОТАГА


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Міністар фінансаў, прафэсар Марэк Бэлька, быў галоўнай дзейнай асобай ў абяцаным кіроўнай цяпер кааліцыяй левых партыяў паляпшэньні эканамічнай сытуацыі ў краіне і паніжэньні ўзроўню беспрацоўя. Аднак па 9 месяцах працы прафэсар Бэлька пайшоў у адстаўку, патлумачыўшы сваё рашэньне “маральным спусташэньнем”.

Аднак, паводле адмыслоўцаў, насамрэч адстаўка міністра была спавадаваная нязгодай з агульнай палітыкай ураду што да незалежнасьці Нацыянальнага банку. Справа ў тым, што ўжо даволі працяглы час кабінэт Лешка Мілера ў эканамічных праблемах краіны абвінавачвае менавіта Нацбанк і ягонага кіраўніка Лешка Бальцэровіча, які, паводле ўраду, утрымлівае занадта нізкі ўзровень інфляцыі, а гэта, у сваю чаргу, запавольвае разьвіцьцё гаспадаркі.

Урад хоча праз парлямэнт зьмяніць некаторыя законы такім чынам, каб мець магчымасьць уплываць на рашэньні незалежнага паводле Канстытуцыі Нацыянальнага банку. Марэк Бэлька быў праціўнікам такіх захадаў, і хутчэй за ўсё, менавіта таму вырашыў адысьці. У сваю чаргу новы міністар фінансаў – Гжэгаж Калодка, які ўжо займаў гэтую пасаду ў сярэдзіне 1990-х, якраз зьяўляецца прыхільнікам уціску на галоўны банк краіны і аслабленьня курсу злотага.

Паведамленьне аб адстаўцы Марка Бэлькі, які ў пэўным сэнсе быў гарантам эканамічнай стабільнасьці ў краіне, выклікала маланкавую рэакцыю на фінансавых рынках. Інвэстары пачалі пазбаўляцца ад польскай валюты, што прывяло да паніжэньня курсу злотага.

Сытуацыю ўскладняе той факт, што прызначаны 5 дзён таму новы міністар дагэтуль не прадставіў сваёй праграмы. У выніку цягам некалькіх дзён злоты патаньнеў ў адносінах да даляра на 14 грошай. Цяпер адзін даляр каштуе 4,12 злотых. Пры сярэднегадавой інфляцыі ў Польшчы – 2%, гэта вельмі значны скачок. Некаторыя экспэрты лічаць, што Гжэгаж Калодка адмыслова маўчыць, каб спавадаваць яшчэ большае паніжэньне курсу злотага.

Паводле адмыслоўцаў, такія захады палепшаць эканамічную сытуацыю толькі на некаторы час. У доўгатэрміновай пэрспэктыве заахвочваньне інфляцыі, а таксама ўмяшальніцтва ў кампэтэнцыі Нацыянальнага банку могуць спавадаваць глыбокі гаспадарчы крызыс, Зрэшты, беларусы аб гэтым добра ведаюць.

Акрамя міністра фінансаў, ў мінулую пятніцу былі прызначаныя новы міністар юстыцыі і міністар культуры.

Хутчэй за ўсё, неспадзяваныя перамены ў кабінэце Лешка Мілера спавадаваныя жаданьнем кіроўнай кааліцыі напярэдадні выбараў у мясцовыя органы ўлады падвысіць рэйтынг кааліцыйнага ўраду, працу якога, паводле апошніх апытаньняў, нэгатыўна ацэньваюць аж 67% палякаў.
XS
SM
MD
LG