Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СКОНЧЫЛАСЯ ДЫПЛЯМАТЫЧНАЕ СПАБОРНІЦТВА ПАМІЖ ЧЭХІЯЙ І БЕЛАРУСЬСЮ ЗА ПАСАДУ СТАРШЫНІ ГЕНЭРАЛЬНАЙ АСАМБЛЕІ ААН


Натальля Судлянкова, Прага

Гэтыя групы наступныя: афрыканскія краіны, азіяцкія краіны, усходнеэўрапейскія, лацінаамэрыканскія і Карыбскага рэгіёну, заходнеэўрапейскія ды іншыя дзяржавы. Сёньняшні старшыня 56-й Генэральнай Асамблеі – міністар замежных справаў Паўднёвай Карэі Хан Сын Су.

Дайшла чарга і да ўсходнеэўрапейскага блёку. Афіцыйны Менск быў вельмі зацікаўлены ў тым, каб гэтую пасаду атрымаць. Вось як апісвае гэтыя падзеі прадстаўнік Чэскай Рэспублікі ў ААН Гінэк Кмонічак:

(Кмонічак: ) “Беларускі бок спачатку паспрабаваў атрымаць месца альбо ў Радзе Бясьпекі, альбо пасаду старшыні ГА ААН. Выбары да Рады Бясьпекі ААН Беларусь у мінулым годзе прайграла Баўгарыі, атрымаўшы толькі 52 галасы. Таму беларускі бок цалкам сканцэнтраваўся выключна на пасадзе старшыні ГА ААН”.

Але тут пажаданьне кіраваць ААН выказаў міністар замежных справаў Чэхіі Ян Каван.

Амаль год таму Каван, як ён сам пазьней распавядаў, зрабіў беларускаму боку прапанову адклікаць сваю кандыдатуру. У абмен міністар замежных справаў Чэхіі прапанаваў Міхаілу Хвастову пэўнае паляпшэньне ўзаемаадносінаў і падтрымку Чэхіяй Беларусі ў некаторых міжнародных арганізацыях. Менск не адказваў. Увесь гэты час шанцы беларускага кандыдата па чарзе то падвышаліся, то падніжаліся. Чэхія дала Беларусі тэрмін для адказу на свае прапановы да 15 чэрвеня гэтага году. Потым працягнулі да 22.

Каван адчуваў пэўную занепакоенасьць сытуацыяй, таму што ня мог быць упэўнены ў падтрымцы краінаў арабскага сьвету, асабліва пасьля таго, як прэм'ер-міністар Чэхіі Мілаш Зэман назваў Ясіра Арафата Гітлерам. Аналягічныя па духу выказваньні гучалі і з боку іншых чэскіх палітыкаў.

Чэскі бок пачаў інтэнсіўна весьці перамовы з блізкаўсходнімі краінамі, каб зьмякчыць адмоўнае стаўленьне да кандыдату з Прагі. Пазьней прадстаўнік Чэскай Рэспублікі пры ААН Гінек Кмонічак сказаў, што апошні раўнд перамоваў у змаганьні за месца старшыні ГА ААН ня быў “безбалючым працэсам”, і вось чаму:

(Кмонічак: ) “У апошнія паўгады, магчыма, і дзякуючы бягучай палітычнай сытуацыі, зьявіліся пэўныя даволі радыкальныя заявы некаторых чэскіх палітыкаў наконт сытуацыі на Блізкім Усходзе. Агульнавядома, што арабскія дзяржавы, мусульманскія дзяржавы звычайна маюць вельмі моцныя пазыцыі ў ААН. У іх узьніклі пытаньні, ці ня хоча Чэская Рэспубліка, узважаная палітыка якой у дачыненьні да краінаў Блізкага Ўсходу добра вядомая ў сьвеце, зьмяніць свае пазыцыі. Канечне, сам факт існаваньня такога пытаньня ўжо робіць пазыцыю Чэхіі больш невыгоднай у параўнаньні з Беларусьсю. Таму адначасова з узмацненьнем пазыцыяў беларускага кандыдата аўтаматычна зьмяншаліся шанцы чэскага. Пасьля доўгіх перамоваў у Нью-Ёрку і розных гарадох арабскага сьвету мы пераканалі прадстаўнікоў блізкаўсходніх краінаў”.


Увесь гэты час беларускі бок, як паведамляе чэскае МЗС, не рэагаваў на прапановы Прагі. Пасьля парлямэнцкіх выбараў у Чэхіі і перамогі сацыял-дэмакратаў пазыцыі Яна Кавана сталі больш цьвёрдымі. Вялікай колькасьці варыянтаў дзеяньняў у афіцыйнага Менску ўжо не заставалася.

(Кмонічак: ) “Беларусь разам з намі ацаніла нашую пазыцыю як значна больш моцную. Мы разам былі зацікаўленыя ў тым, каб быў захаваны клясычны прынцып – рэгіянальная групоўка не стварае праблемаў пленарнаму паседжаньню, заўсёды дамовіцца на адным кандыдаце ад рэгіёну”.

Яшчэ 28 чэрвеня спадар Латушка – прэсавы сакратар беларускага МЗС – пераканаўча заяўляў, што Беларусь зацікаўленая ў тым, каб заняць пасаду старшыні ГА ААН. А ўжо 29 чэрвеня чэскія газэты напісалі, што Беларусь сваю кандыдатуру адклікала.

Можна зьдзівіцца, чаму падзеі, якія тычыліся непасрэдна Беларусі, камэнтуе для нашага радыё выключна чэскі дыплямат. Проста таму, што як спадар Лінг, беларускі прадстаўнік ў ААН, так і спадар Латушка былі больш чым сьціплымі. На пытаньне, чаму Беларусь вырашыла адклікаць сваю кандыдатуру з пасады старшыні Генэральнай Асамблеі ААН, спадар Латушка адказаў коратка і зразумела: “Мы пакідаем вашыя пытаньні без адказу”.
XS
SM
MD
LG