Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПРАЕКЦЕ РЭЗАЛЮЦЫІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ ПРА БЕЛАРУСЬ УПЕРШЫНЮ ЗГАДВАЮЦЦА ГАНДАЛЬ ЗБРОЯЙ І ЗЬНІКНЕНЬНІ ЛІДЭРАЎ АПАЗЫЦЫІ


Вольга Караткевіч, Бэрлін

Учора гэты праект быў ухвалены бальшынёй удзельнікаў паседжаньня Палітычнага камітэту. Адзначу такую дэталь, што дэпутаты, якія ня ўдзельнічалі ў працы Палітычнага камітэту – тут яшчэ зьбіраецца Камітэт правоў чалавека, Камітэт навукі і экалёгіі – яны былі зацікаўленыя якраз у пастанове адносна рэзалюцыі пра Беларусь, у прыватнасьці, са мной на гэтую тэму гаварыў парлямэнтар з Фінляндыі, які дэталёва ведаў хаду дыскусіі, хаця ўдзелу ў ёй ня браў. Увогуле праца амэрыканскай дэлегацыі, праца беларускай апазыцыі дзеля падтрымкі гэтай рэзалюцыі можна ацаніць як вельмі інтэнсіўную. Тэкст адрозьніваецца ад папярэдніх, ён не абмежаваны канстатацыяй парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, але дапоўнены канкрэтнымі момантамі – гандаль зброяй і зьнікненьні людзей. Я б хацела зьвярнуць увагу на такі пункт: “…дзяржавы-ўдзельнікі АБСЭ зацікаўленыя ў існаваньні незалежнай сувэрэннай Беларусі і яе інтэграцыі ў дэмакратычную Эўропу”.

Напярэдадні галасаваньня ўсёй Асамблеі, якое адбудзецца заўтра, я папрасіла аўтара гэтай рэзалюцыі, Стэні Гоера, адказаць на некалькі пытаньняў і найперш я задала яму пытаньне аб тым, чаму такі жорсткі тэкст:

(Гоер: ) “Я не зусім згаджаюся з тым, што яна жорсткая. Мы вельмі незадаволеныя адміністрацыяй Лукашэнкі. Мы лічым гэтую адміністрацыю найгоршай у Эўропе. Мы лічым, што яна недэмакратычная, не адпавядае Гельсынскім прынцыпам і рэгулярна парушае правы чалавека, палітычныя і грамадзянскія правы. Мы лічым, што на гэтую сытуацыю ўвесь час трэба зьвяртаць увагу, каб дапамагчы тым у Беларусі, хто змагаецца за асноўныя правы. Мы будзем працягваць падымаць гэтае пытаньне, пакуль ня будзе прагрэсу”.

Я запыталася ў Стэні Гоера, ці былі нейкія кансультацыі адносна гэтай рэзалюцыі з расейскай дэлегацыяй, бо ўвесь час прадстаўнікі Расеі даволі крытычна ставяцца да аргумэнтаў беларускай апазыцыі. Можна сказаць, што яны лабіруюць пазыцыі афіцыйнага Менску. У прыватнасьці, яны былі ініцыятарамі прызнаньня нацыянальнага сходу.

(Гоер: ) “Мы спаткаліся з расейскай дэлегацыяй на тэму Беларусі, і наш амбасадар у Вене растлумачыў ім, што калі адміністрацыя Лукашэнкі адновіць візы прадстаўнікам місіі АБСЭ ў Менску і дазволіць ім працягваць сваю працу, маніторынг, назіраньне, гэта значным чынам дапамагло б разьвязаць канфлікт, які цяпер існуе паміж Беларусьсю, АБСЭ і Парлямэнцкай Асамблеяй. Расейцы зьвяртаюць нашую ўвагу на тое, што Беларусь ёсьць сябрам Сталай рады АБСЭ. Гэта праўда, але яна ў канфлікце з усімі астатнімі сябрамі, апроч хіба Расеі. Але я думаю, што нават расейцы лічаць, што адміністрацыя Лукашэнкі – сама сабе вораг”.

З увагі на тое, што ў першыя дні працы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ паўстала пытаньне пра магчымасьць таго, што нацыянальны сход будзе прадстаўляць Беларусь у гэтай інстытуцыі, я задала пытаньне спадару Гоеру адносна пазыцыі ЗША: ці можа яна быць зьмененая ў пытаньні прадстаўніцтва Беларусі ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ (гэтая тэма зноў будзе абмяркоўвацца ў лютым у Вене)?

(Гоер: ) “На працягу наступных 6 месяцаў – вы ведае, што гэтае пытаньне адкладзенае да лютага – я думаю, што гэта зусім магчыма. Мы хочам, каб Беларусь і беларускі народ былі цалкам уцягнутыя ў працу АБСЭ, але калі беларускі бок будзе настойліва не супрацоўнічаць з Кансультацыйна-назіральнай групай у Менску, то сумнеўна, што праз 6 месяцаў вынік будзе іншы. Такім чынам, адказ на вашае пытаньне знаходзіцца ў беларускіх руках, у руках адміністрацыі Лукашэнкі”.
XS
SM
MD
LG