Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС БЕЛАРУСІ АБВЯРГАЕ ЗЬВЕСТКІ ПРА МАГЧЫМЫ ЎДЗЕЛ БЕЛАРУСКІХ СПЭЦЫЯЛІСТАЎ У БУДАЎНІЦТВЕ АЭС У ІРАНЕ


Алесь Грыневіч, Менск

Пры канцы мінулага месяца амэрыканскі дасьледчы цэнтар “Стратфар” паведаміў, што Іран распачаў сакрэтныя перамовы з шэрагам краінаў, у тым ліку зь Беларусьсю, пра ўдзел у будаўніцтве іранскай атамнай электрастанцыі ў Бушэры. Кошт гэтага праекту ацэньваецца на 800 мільёнаў даляраў.

Крыніцай інфармацыі пра перамовы называліся іранскія дыпляматы ў Эўропе. Экспэрты “Стратфару” сьцьвярджалі, што Расея пад ціскам ЗША будзе паступова скарачаць да мінімуму колькасьць сваіх ядзерных інжынэраў і навукоўцаў на будоўлі, і спатрэбіцца замена спэцыялістамі зь іншых краінаў.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Павал Латушка сёньня абверг інфармацыю аб перамовах наконт удзелу ў праекце беларускіх спэцыялістаў.

(Латушка: ) “У нас няма ні спэцыялістаў, ні адпаведных тэхналёгіяў. Ніякіх перамоваў, тым больш таемных перамоваў, мы не праводзім. Гэтая тэма не фігуруе ў парадку дня нашых адносінаў з Іранам”.

Кіраўнік Цэнтру энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў “Сосны” Аляксандар Міхалевіч кажа, што адпаведныя спэцыялісты ў Беларусі ўсё ж ёсьць.

(Міхалевіч: ) “У Беларусі ёсьць спэцыялісты, якія могуць удзельнічаць у будаўніцтве АЭС — “Белэнэргабуд”, які будаваў Менскую атамную цеплаэлектрацэнтраль, ёсьць арганізацыя “Белэнэргарамналадка”, якая займаецца шырокім спэктрам працаў у вобласьці будаўніцтва элетрастанцыяў. Нарэшце, ёсьць Беларускі цеплаэнэргетычны інстытут, які таксама займаецца распрацоўкай сыстэмаў аўтаматыкі на атамных электрастанцыях. Спэцыялісты ёсьць такія”.

Паводле спадара Міхалевіча, супрацоўнікі ягонага цэнтру таксама маглі б удзельнічаць у навуковым суправаджэньні будоўлі атамнай электрастанцыі. Але ён кажа, што нічога ня ведае аб пэрспэктывах ўдзелу беларускіх інжынэраў ці навукоўцаў у іранскім праекце.

А вось намесьнік генэральнага дырэктара аб’яднаньня “Белэнэргабуд” Станіслаў Шымуль кажа, што беларускія спэцыялісты ўжо ўдзельнічаюць у будаўніцтве іранскай АЭС. Вось які дыялёг адбыўся ў нас:

(Шымуль: ) “Яны ўжо там некаторыя гады тры, чатыры, пяць”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта вы маеце на ўвазе Бушэрскую...?”

(Шымуль: ) “Бушэрскую атамную станцыю”.

Спадар Шымуль патлумачыў, што беларускія спэцыялісты наймаюцца на будоўлю ў Іране праз расейскія арганізацыі. Вось як пракамэнтаваў гэтую інфармацыю прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Павал Латушка:

(Латушка: ) “Я магу сказаць, што МЗС ня мае такой інфармацыі аб працы нашых спэцыялістаў на будоўлі атамнай электрастанцыі ў Іране”.
XS
SM
MD
LG