Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЫРЭКТАРЫ НЕДЗЯРЖАЎНЫХ УСТАНОВАЎ КУЛЬТУРЫ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ ДЫСКРЫМІНАЦЫІ


Міхал Стэльмак, Менск

Арганізавала рэспубліканскі сход дырэктараў недзяржаўных палацаў, клюбаў і дамоў культуры Фэдэрацыя прафсаюзаў. Гэтая ініцыятыва выклікала рэзкае незадавальненьне ўладаў. У прыватнасьці, Міністэрства культуры зрабіла захады, каб сарваць мерапрыемства. Пра гэта распавёў на сходзе старшыня Фэдэрацыі Франц Вітко:

(Вітко: ) “Улічваючы прапановы асобных кіраўнікоў установаў культуры, якія прыходзілі да мяне з такой прапановай, каб абмеркаваць пытаньні ўстановаў, што не ўваходзяць у дзяржаўную сетку, на адмысловым паседжаньні. У іх абвастрыліся многія праблемы, і таму ўзьнікла жаданьне сустрэцца і абмеркаваць іх. І вось з гэтай прапановай я зьвярнуўся да міністра культуры, які адрэагаваў ня так, як гэта належыць. Ён забараніў праводзіць такога роду мерапрыемства. Больш за тое, ён пагражаў, што паўзьдзейнічае на тых, хто адгукнецца на нашую прапанову”.

Як вынікае з выступаў іншых удзельнікаў сходу, гэткім чынам Міністэрства культуры спрабуе прадухіліць масавы рост нэгатыўных настрояў у асяродзьдзі работнікаў культуры недзяржаўных установаў. Такія настроі выклікала палітыка, паводле якой заводзкія палацы і дамы культуры, прафсаюзныя ўстановы культуры мусяць быць перададзеныя на балянс мясцовых органаў улады.

Выканкамы пасьля такой перадачы адмаўляюцца фінансаваць гэтыя ўстановы. У выніку, паводле словаў удзельнікаў сходу, зараз над такімі ўстановамі навісла пагроза эканамічнага банкруцтва і масавых звальненьняў творчых кадраў. Вось што, напрыклад, зазначыў на гэты конт адзін з выступоўцаў, дырэктар Рэспубліканскага палацу культуры прафсаюзаў Павал Быкаў:

(Быкаў: ) “Я зайшоў у Міністэрства культуры, у прыёмную міністра. Мне стала сорамна, што ў мяне ў рэспубліцы такі міністар. Падлога брудная, як у стайні. Гэта што, паказьнік для Міністэрства культуры? Кажуць, што няма грошай. Я не разумею, навошта рушыць палацы. Зноў пачалі актыўна абмяркоўваць іх перадачу. Я таксама пайшоў ва ўпраўленьне культуры і пытаюся: “У вас ёсьць 40 мільёнаў на ўтрыманьне палацу?” — “Няма”, — кажуць”.

Такія ж пратэсты выказалі сёньня і прадстаўнікі недзяржаўных установаў культуры Сьветлагорску, Віцебску, Мазыру, іншых рэгіёнаў Беларусі. Удзельнікі сходу накіравалі ліст Аляксандру Лукашэнку з патрабаваньнем спыніць такую палітыку. Кіраўнікі недзяржаўных установаў культуры раяць уладам зрабіць эканамічныя ўмовы існаваньня аднолькавымі з умовамі дзяржаўных установаў. Вось як пракамэнтаваў гэта нашаму радыё лідэр Фэдэрацыі прафсаюзаў Франц Вітко:

(Вітко: ) “Установа, якая ўтрымліваецца за кошт прадпрыемства ці прафсаюзу, не атрымлівае ніякіх бюджэтных сродкаў і цалкам, як камэрцыйная структура, сёньня выплачвае ўсе падаткі. І сёньня, на вялікі жаль, падыходы да ўстановаў культуры розныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG