Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПОШУКІ Ў СПРАВЕ БАРАЦЬБЫ З ТЭРАРЫЗМАМ


Севярын Квяткоўскі, Менск

У сустрэчы па праблеме тэрарызму ўзялі ўдзел пісьменьнікі й навукоўцы Беларусі, Польшчы, Украіны, Расеі, Чэхіі, Швэцыі ды іншых краінаў. Круглы стол адкрыў прэзыдэнт беларускага ПЭН-Цэнтру Адам Мальдзіс, які вобразна назваў біблейскую Эву першай тэрарысткай. Тым самым прафэсар Мальдзіс задаў каардынаты тэрарызму як спрадвечнай праблемы чалавецтва.

Навуковае азначэньне тэрарызму даў выкладчык гістарычнага факультэту БДУ Віктар Шадунскі:

(Шадунскі: ) “Гэта матываваны гвалт, ці пагроза яго зьдзяйсьненьня, накіраваны на запалохваньне насельніцтва і дэзарганізацыю дзейнасьці структураў улады”.

Зрэшты, прысутныя пашырылі праблему да гвалту дзяржавы супраць асобы, групаў грамадзтва й этнічных групаў. Дасьледчыкі выдзяляюць шэраг відаў тэрарызму: ідэйны, этнічны, рэлігійны, міжнародны, лякальны й гэтак далей.

Сярод удзельнікаў сустрэчы — такія асобы як Вітаўт Кіпель і Сьвятлана Алексіевіч. Бадай, найбольш пэсымістычным што да пэрспэктываў барацьбы з тэрарызмам стаўся аналітык Аляксандар Фядута, які ня верыць у магчымасьць пасьпяховага супрацьстаяньня тэрарызму:

(Фядута: ) “Вельмі цяжка прымусіць абняцца прафэсара Хадыку і палкоўніка Замяталіна, Арыэля Шарона і Ясіра Арафата”.

Па словах старшыні сустрэчы Адама Мальдзіса, 10 ліпеня ўдзельнікі круглага стала маюць вызначыць, што патрэбна Беларусі й сьвету, каб супрацьстаяць глябальнаму тэрарызму.

На думку Адама Мальдзіса, супрацьстаяць глябалізацыі як такой немагчыма і непатрэбна, бо яна натуральная й неад’емная частка навукова-тэхнічнага прагрэсу. Што да барацьбы з тэрарызмам, Беларусь ня можа заставацца ўбаку, паколькі зьяўляецца часткай глябальнага сьвету.
XS
SM
MD
LG