Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АДМЫСЛОЎЦЫ ЛІЧАЦЬ, ШТО ДВА ГІПЭРМАРКЕТЫ НЕ ЗАМЕНЯЦЬ ЗЬЛІКВІДАВАНЫЯ МЕНСКІМІ ЎЛАДАМІ ШАПІКІ


Ігар Карней, Менск

Пры канцы чэрвеня на паседжаньні конкурснай камісіі Менгарвыканкаму былі разгледжаныя праекты чатырох фірмаў-кандыдатаў на права асваеньня зямельных надзелаў дзеля будаўніцтва двух гіпэрмаркетаў. Сёньня выканкамаўскія чыноўнікі павінныя былі вызначыць лепшага. Аднак спробы высьветліць, хто з будаўнічых прадпрыемстваў атрымае выгадную замову, сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасьцямі.

Адказны за гэты кірунак начальнік інвэстыцыйнага аддзелу гарвыканкаму Мікалай Грачоў расцаніў спробы агучыць імя пераможцы ў эфіры Радыё Свабода як вельмі падазроныя.

(Грачоў: ) “Адкуль я ведаю, хто вы і чаму гэтым цікавіцеся? І што я наагул павінен вам сказаць? Вынікі будуць афіцыйна зьмешчаныя ў друку. Усе, каму трэба, пра ўсё ведаюць у вусным парадку. А афіцыйна ўсё атрымаеце па дзяржаўных каналах. Навошта вы ўсё гэта робіце? — па тэлефоне. Так нельга!”

Між тым, зь іншых крыніцаў стала вядома, што права на будаўніцтва сталічных гіпэрмаркетаў атрымалі два з чатырох кандыдатаў: беларуска-амэрыканскае прадпрыемства “Торгоптима” і брытанскае “Белвілісдэн”. Сярод шэрагу ўмоваў, якія фірмы набылі разам з такім дазволам, — абавязковае адлічэньне Менгарвыканкаму ня меней за 1% выручкі ад рэалізацыі тавараў і іншай дзейнасьці ад пачатку працы гандлёвага цэнтру; долевы ўдзел гарвыканкаму ў наступнай эксплюатацыі аб’ектаў, прыцягненьне гарвыканкаму ў часе будаўніцтва падобных супэрмаркетаў надалей і, нарэшце, выкарыстаньне будаўнічай сыравіны і матэрыялаў выключна беларускай вытворчасьці — пажадана сталічных прадпрыемстваў.

Цягам конкурсу прыйшлося адмовіцца ад ідэі будаўніцтва яшчэ двух гіпэрмаркетаў блізу Менскай кальцавой дарогі на заканчэньні праспэктаў Скарыны і Партызанскага. Падобна, глябальныя пляны напалохалі нават ініцыятараў маштабных будоўляў.

Паводле аднаго з супрацоўнікаў аддзелу эканомікі гарвыканкаму, невядома таксама, як хутка пройдзе працэдура ўзгадненьня шматлікіх будаўнічых нормаў паміж пераможцамі конкурсу і Міністэрствам архітэктуры. Прынамсі, чыноўнік на гэты конт мае вялікую долю пэсымізму і амаль упэўнены, што сёлета да капаньня катлаванаў справа ня дойдзе.

Між іншым, на думку бальшыні адмыслоўцаў, менскія ўлады выкарысталі сытуацыю на ўсе 100% — і з карысьцю найперш для сябе. Што тычыцца саміх аб’ектаў, якія плянуецца ўзвесьці да 2005 году ў Ленінскім ды Фрунзенскім раёнах сталіцы, то відавочную выгаду атрымаюць жыхары хіба толькі бліжэйшых кварталаў: практыкі купляць харчаваньне на тыдзень наперад, як гэта робіцца ва ўсім сьвеце, у Беларусі няма найперш з-за адсутнасьці дастатковых сродкаў у насельніцтва. А таму пра значны таваразварот і вялікія даходы ад продажу размова пакуль не ідзе. Так што спрэчка пра тое, ці было пасьпешлівым рашэньне згарнуць працу дзясяткаў тысяч шапікаў, застаецца актуальнай.
XS
SM
MD
LG