Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“КАЛЯ 6 ТЫСЯЧ МОВАЎ У СЬВЕЦЕ ЗНАХОДЗЯЦЦА ПАД ПАГРОЗАЙ ЗЬНІКНЕНЬНЯ”


Ганна Соусь, Менск

Генэральны дырэктар ЮНЭСКА Каітыра Мацуура прыехаў на міжнародны сымпозіюм “Разнастайнасьць моваў і культураў у кантэксьце глябалізацыі” адразу пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнік ЮНЭСКА ў сваім выступе зазначыў, што ўрады ўсіх краінаў сьвету павінныя паважаць родныя мовы й вітаць лінгвістычную разнастайнасьць.

(Мацуура: ) “6 тысяч моваў знаходзяцца цяпер у небясьпецы зьнішчэньня. Таму ў 1999 годзе ЮНЭСКА абвесьціла 21 лютага Ўсясьветным Днём роднай мовы, які адзначаецца цяпер штогоду. І гэта дапамагае ЮНЭСКА вітаць карыстаньне матчынай мовай”.

Паводле спадара Мацууры, Усеагульная дэклярацыя ЮНЭСКА “Аб культурнай разнастайнасьці”, якая была прынятая ў лістападзе 2001 году, гаворыць пра небясьпеку паглынаньня моваў і культураў малых народаў. Такая пагроза існуе і для беларускай мовы — падкрэсьліла ў сваім выступе старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Вольга Іпатава, гаворачы пра тое, што цяпер у Беларусі ня надта спрыяльны час для разьвіцьця нацыянальнай мовы й літаратуры.

(Іпатава: ) “Літаратура перажывала розныя часы, але пагроза яе зьнікненьня, зьнішчэньня, растварэньня ў іншым этнасе яшчэ ніколі не была такой блізкай і актуальнай. Некалі Мікіта Хрушчоў, стоячы на прыступках беларускага ўнівэрсытэту, выказваў спадзяваньні, што беларусы стануць першым народам, які адрокшыся ад сваёй нацыянальнай мовы, абазначыць сабой наступленьне новай камуністычнай эры зь яе зьліцьцём усіх народаў у нейкі нечуваны й нябачаны ні кім іншым этнас. Беларуская інтэлігенцыя сёньня адчайна змагаецца за захаваньне беларускай мовы, мовы карэннага народу, якую ён пранёс па ўсіх пакручастых шляхах сваёй гісторыі”.

Адметна, што генэральны дырэктар ЮНЭСКА Каітыра Мацуура зьвязаў паслабленьне традыцыйных культураў з узроўнем дэмакратыі ў грамадзтве. Сёньня ж да кіраўніка ЮНЭСКА зьвярнуліся са зваротам прадстаўнікі 17 грамадзкіх аб’яднаньняў Беларусі — беларускага ПЭН-Цэнтру, ТБМ, БАЖ ды іншыя — у сувязі з “катастрафічнай сытуацыяй з выкарыстаньнем беларускай мовы ў электронных СМІ”.

“У інфармацыйнай прасторы Беларусі бязьмежна пануюць расейскія тэлерадыёкампаніі... У нацыянальных электронных СМІ скарачаецца час вяшчаньня на дзяржаўнай беларускай мове, — гаворыцца ў звароце. — 25 чэрвеня пачаў працаваць другі агульнанацыянальны тэлевізійны канал, які ў сваіх праграмах выкарыстоўвае выключна расейскую мову”. Аўтары звароту прапануюць разгледзець лінгвістычную сытуацыю ў Беларусі на паседжаньні Генэральнай асамблеі ЮНЭСКА.

Пасьля міжнароднага сымпозіюму спадар Мацуура накіраваўся ў Мірскі замак на цырымонію адкрыцьця мэмарыяльнай дошкі пра ўключэньне гэтага помніка ў сьпіс сусьветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Увечары ён бярэ ўдзел у адкрыцьці выставы Марка Шагала ў Нацыянальным мастацкім музэі.
XS
SM
MD
LG