Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСКІХ СЯЛЯНАЎ ХАПАЕ ГРОШАЙ ТОЛЬКІ НА АСЬПІРЫН ДЫ ЦЫТРАМОН


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Цяпер, паводле рашэньня райвыканкамаў, бясплатныя мэдыкамэнты могуць атрымаць толькі тыя, хто бязь іх ня можа жыць і памрэ. Гэта называецца “па жыцьцёва важных паказаньнях”.

Запазычанасьць бюджэту перад Горацкай цэнтральнай аптэкай складае амаль 15 мільёнаў рублёў. Раён ня мае грошай, каб разьлічыцца за бясплатныя лекі для льготнікаў. Таму мясцовыя ўлады і аптэка вымушаныя абмежаваць ільготы: бясплатна толькі для хворых на цукровы дыябэт, астму, анкалёгію, інвалідам вайны і тым, хто знаходзіцца на ўліку псыхатэрапэўта.

Падобныя захады паступова робяць і іншыя сельскія раёны Магілёўшчыны. Агульная запазычанасьць бюджэту абласному аб’яднаньню “Фармацыя” — больш за мільярд беларускіх рублёў. Таму там, дзе афіцыйна ня зробленыя абмежаваньні па хваробах і жыцьцёвых паказаньнях, за выдачай льготных лекаў усталявалі жорсткі кантроль.

Чыноўнікі гавораць людзям, што бюджэт, на жаль, не безразьмерны, і лічаць прынцып “Ніводнай лішняй бясплатнай таблеткі!” нармалёвым і цывілізаваным.

Вось як тлумачыць сытуацыю кіраўнік Магілёўскага абласнога аб’яднаньня “Фармацыя” Сьвятлана Кісялёва:

(Кісялёва: ) “Нашыя хворыя са старых “саўковых” часоў прывучаныя прыходзіць да доктара не па дапамогу, а як да пісарчука — атрымаць лекі па сьпісе. А цяпер усе сталі лічыць грошы, і гэта правільна”.

Вымушаныя лічыць грошы і аптэкі. Самая крызысная сытуацыя зараз — у горадзе Бабруйску, дзе бюджэт больш за год ня плаціць за льготныя лекі.

Уся сельская сетка аптэк працуе са стратамі. У Мсьціслаўскім раёне апасаюцца, што ўсе стратныя аптэкі ў вёсках хутка будуць зачыняць. Аптэка ў пасёлку Ходасы — адна з найлепшых, але і тут на гадзіну — адзін кліент. Супрацоўніцы тлумачаць гэта тым, што летам сялянам няма часу хварэць, а таксама скардзяцца на бедны асартымэнт лекаў.

(Барысенка: ) “Праблемы з грашыма. Няма дастаткова грошай, каб нешта закупіць”, — гаворыць кіраўнічка Ходасаўскай аптэкі Сьвятлана Барысенка.

Не хапае перш за ўсё лекаў сардэчных і ад высокага ціску. Маецца на ўвазе — беларускіх і танных, бо больш якасныя і дарагія лекі не па кішэні беларускаму селяніну.

(Спадарыня: ) “Якія можам сабе дазволіць? Анальгін, цытрамон часам — якія больш танныя. А якія дарагія — дык ня ведаю”.

(Іншая спадарыня: ) “Дарагавата. Але… хлеба не набудзеш, а лекі трэба”.

(Спадарыня: ) “А калі грошай няма, тады ня ведаю — трэба паміраць”.

Так лічаць жанчыны з пасёлку Ходасы на Мсьціслаўшчыне.

У асабліва цяжкім становішчы апынуліся працаўнікі тутэйшага саўгасу імя Тэльмана, якім ня плацяць па некалькі месяцаў мізэрныя заробкі.

(Спадарыня: ) “Такім людзям, канечне, мэдыкамэнты набыць немагчыма. Там заробкі ўвогуле па 10–15 тысяч, тут ні на што ня хопіць. Ня тое што на мэдыкамэнты, нават на хлеб”.

(Іншы: ) “Ладна, я лічу, што дываны ды аўтамабілі—– гэта раскоша такая, дык можна… А вось цэны на лекі — гэта вельмі дорага. Трэба, каб усё гэта было больш таннае”.

Так гавораць жыхаркі Ходасаў.

Аднак кіраўніцтва абласнога аб’яднаньня “Фармацыя” танных лекаў жыхарам Магілёўшчыны зусім не абяцае. Па-першае, за сучасныя і больш дзейсныя лекі трэба плаціць адпаведную цану. Па-другое, бюджэтны дэфіцыт нарадзіў сыстэму безнаяўных узаемазалікаў, у выніку якіх аптэчныя сеткі ня маюць магчымасьці выбару ні найменьняў, ні кошту лекаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG