Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ВЫКАРЫСТАЮЦЬ УСЕ НЕАБХОДНЫЯ СРОДКІ ДЗЕЛЯ ЗЬВЯРЖЭНЬНЯ РЭЖЫМУ САДАМА ХУСЭЙНА Ў ІРАКУ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Мінулым тыднем газэта “New York Times” паведаміла пра існаваньне зусім сакрэтнага дакумэнту, падрыхтаванага амэрыканскімі вайскоўцамі. У ім пазначаныя асноўныя дэталі апэрацыі супраць Іраку, у якой, як цьвердзіць газэта, могуць узяць удзел 250 тысячаў вайскоўцаў. Аднак Джордж Буш у панядзелак назваў гэтае паведамленьне “домыслам”.

Сёньня назіральнікі зьвяртаюць увагу на адну цікавую акалічнасьць. “New York Times” заяўляе, што была праінфармаваная адносна ваенных плянаў адміністрацыі Буша чалавекам, які патрабаваў ананімнасьці і выказваў занепакоенасьць тым, што адміністрацыя адхіляецца ад вызначаных у дакумэнце плянаў. Паведамленьне было зьмешчанае ў газэце 5 ліпеня, праз восем дзён пасьля адстаўкі генэрала войскаў ЗША Ўэйна Даўнінга, які як прадстаўнік Белага дому адказваў за каардынацыю контрнаступаў ЗША супраць тэрарызму. Ні змушаны пайсьці ў адстаўку Даўнінг, ні Белы дом не патлумачылі прычынаў, чаму ён пакінуў пасаду.

Генэрал Даўнінг быў адкрытым прыхільнікам выкарыстаньня сілаў ірацкай апазыцыі пры падтрымцы амэрыканскай авіяцыі і спэцпадразьдзяленьняў, каб зрынуць Хусэйна і ягоны рэжым. Гэты падыход найбольш заўважна падтрымаў Ахмэд Халабі – лідэр Ірацкага Нацыянальнага Кангрэсу, заснаванага ў Лёндане, самай моцнай групы ірацкай апазыцыі.

Мяркуючы па тым, што была разгалошаная сакрэтная інфармацыя і па тым, што на ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі Джордж Буш фактычна завуаляваў гэты ваенны плян, напэўна, у адміністрацыі прэзыдэнта ідуць інтэнсыўныя дэбаты ў пытаньні, якім жа шляхам адхіліць Хусэйна ад улады.

Аналітыкі сёньня адзначаюць два магчымыя варыянты разьвіцьця падзеяў. У абодвух выпадках будуць выкарыстоўвацца амэрыканскія сілы. Але адзін варыянт прадугледжвае, што ўзброеныя сілы ЗША будуць авіяцыяй і наземнымі сіламі спэцыяльнага прызначэньня падтрымваць сілы ірацкай апазыцыі. Іншы – наземная буйнамаштабная ўласна амэрыканская апэрацыя, якая і пакладзе канец рэжыму. Аналітык міжнароднай бясьпекі Леон Фуэрт лічыць менавіта гэты варыянт адзіным рэалістычным спосабам гарантаваць, што Садам будзе зрынуты. На ягоную думку, тое, што было прымальным у Афганістане, калі ЗША абаперліся на добра ўзброены і дасьведчаны Паўночны альянс, непрымальна для ірацкай апэрацыі. Фуэрт таксама падкрэсьлівае, што ўварваньне амэрыканскіх сілаў у Ірак ня будзе аднабаковым, што яно зусім законнае з гледзішча кантэксту вайны ў Затоцы. Садам шмат разоў парушаў умовы і тэрміны замірэньня, вызначанага ААН. Ён, як і раней, пярэчыць вяртаньню у Ірак інспэктараў ААН, якія б вызначылі, ці распрацоўваецца ў краіне зброя масавага зьнішчэньня.
XS
SM
MD
LG