Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДАР ЗША МАЙКЛ КОЗАК ПРЫЕХАЎ У ВІЦЕБСК НА ЎГОДКІ МАРКА ШАГАЛА


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Новы каталёг, падобнага на які ў Беларусі дагэтуль не было, мае наклад 2 тысячы асобнікаў, і на ягонае выданьне амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі выдаткавала каля 15 тысяч даляраў. Для Шагалаўскага музэю гэта вельмі істотная падтрымка, бо нават на сёлетнія Міжнародныя Шагалаўскія чытаньні, якія традыцыйна праводзяцца ў Віцебску штогод, у беларускім Міністэрстве культуры грошай не знайшлося.

Падчас свайго цяперашняга візыту ў Віцебск амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі паведаміў яшчэ адну прыемную навіну. Гаворыць спадар Козак:

(Козак: ) “Музэй Марка Шагала перамог у конкурсе Амбасадарскай фундацыі па захаваньні культурнае спадчыны і атрымлівае грант 14 тысячаў даляраў”.

Гэты грант выдзелены ў межах адмысловае праграмы амэрыканскага ўраду, якая падтрымлівае культурніцкія праекты ў больш як пяцідзесяці краінах сьвету. На гэтыя грошы дырэкцыя музэю плянуе набыць кампутарнае абсталяваньне ды мадэрнізаваць сыстэму аховы. Гэта асабліва важна, бо музэйныя фонды штогоду папаўняюцца вельмі каштоўнымі экспанатамі. Да прыкладу, нямала карцін, кніг ды іншых падарункаў з асабістае шагалаўскае калекцыі прывез у музэй доктар Генрых Мандэль зь Нямеччыны. Сёлета чарговы раз наведала Віцебск і ўнучка знакамітага мастака, спадарыня Мэрэт Мэйер-Грабэр, якая таксама стала супрацоўнічае з музэем Марка Шагала.

Завершыліся Шагалаўскія дні ў Віцебску вялікім традыцыйным сьвятам на Пакроўскай вуліцы, дзе некалі жыў вядомы мастак і куды штогод прыходзяць прыхільнікі ягонае творчасьці.
XS
SM
MD
LG