Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ НУДЫСТЫ — САМЫЯ НЕАРГАНІЗАВАНЫЯ


Севярын Квяткоўскі, Менск

“Паварот на Беларусь” — так шматзначна завецца аўтобусны прыпынак, дзе трэба выходзіць, каб патрапіць на нудысцкі пляж. Месца адпачынку аголеных людзей пазначанае адпаведнай шыльдай, якая паведамляе, што нудысцкі пляж мае ўласную назву — “Натурыст”.

Побач з шыльдай ляжыць мужчына пэнсійнага веку.

(Адпачывальнік: ) “Першы раз у гэтым годзе выйшаў — радыкуліт пагрэць”.

У адказ на маё пытаньне пра візыт АМОНаўцаў мужчына хуценька нацягнуў плаўкі.

Але прафэсійныя натурысты пра пытаньні наконт міліцыі рэагавалі з усьмешкай:

(Сяргей: ) “Што да наездаў датычна нашага пляжу, было гэта гадоў зь дзесяць таму. На сёньняшні дзень мне падаецца гэта несур’ёзным”.

Цяпер у сьвеце безьліч натурысцкіх клюбаў. Прыхільнікі гэтага ладу жыцьця альбо віду адпачынку лічаць, што натурызм спрыяе разьняволеньню, псыхічнаму й фізычнаму аздараўленьню, усталяваньню гарманічных зносінаў з прыродай.

Вось як тлумачаць сваё захапленьне натурысты з пляжу на Менскім моры:

(Андрэй: ) “Пэўна, раскаванасьць, адчуваньне свабоды”.

(Марына: ) “Адзеньне ў чалавеку не галоўнае. Так чалавек робіцца бліжэй да прыроды і больш адпачывае. Калі чалавек у вопратцы, яна яго абмяжоўвае. А бяз вопраткі — не: усе аднолькавыя, роўныя. Калі мне цікава размаўляць з гэтым чалавекам, а вопратка схіляе да іншае размовы…”

(Сяргей: ) “Цалкам іншае стаўленьне да прыроды, ня будзеш ужо сьмеціць. Тут часьцяком прыбіраюць за адпачывальнікамі як такімі”.

Пошукі ў Інтэрнэце засьведчылі, што ва ўсіх суседніх зь Беларусьсю краінах існуе арганізаванае нудысцкае жыцьцё. Ствараюцца клюбы, выходзяць часопісы, відэа, якія прапагандуюць ідэі натурыстаў. На пляжах ладзяцца натурысцкія фэстывалі, конкурсы прыгажосьці, сьвяты для дзяцей і г.д. Напрыклад, у Прыбалтыцы і Паўночна-Заходняй Расеі нудысты сьвяткуюць Купальле. Менскія нудысты ня чулі пра штосьці падобнае ў Беларусі. Зрэшты, пэўная самаарганізацыя існуе. Кажа Андрэй:

(Андрэй: ) “Наш пляж, тут ёсьць свой калектыў, мы адзін аднаго ведаем, паважаем. У нас ёсьць свая лазьня. Два разы на тыдзень мы там сустракаемся. То бок, круглы год мы маем зносіны”.

Хаця пляж адзначаны спэцыяльнай шыльдай, менскія нудысты ня ведаюць стутусу пляжа. Кажа Сяргей:

(Сяргей: ) “Я ня ведаю, як ён лічыцца, афіцыйны, не афіцыйны — раз не ганяюць, значыць дазваляюць, я так разумею”.

Амонаўцы, якія наведвалі пляж, таксама ня ведаюць статусу пляжа, а таму пайшлі ні з чым. Зрэшты, натурыст Сяргей — сяржант міліцыі. Пра ягонае гобі ведаюць на працы і ня маюць аніякіх прэтэнзіяў:

(Сяргей: ) “Ніякіх праблемаў”.

На самім пляжы праблемы бываюць скрайне рэдка:

(Карэспандэнт: ) “Як публіка ставіцца да натурыстаў?”

(Сяргей: ) “Канфліктаў, наколькі я ведаю, няма”.

(Карэспандэнт: ) “А заклапочаныя грамадзяне зьяўляюцца?”

(Сяргей: ) “Яны паўсюль ёсьць. Гэта іхныя цяжкасьці”.

(Марына: ) “Сэксуальна заклапочаныя? Не, такіх хлопцы хутка адпраўляюць”.

(Андрэй: ) “Я сутыкнуўся з гэтым — гэта была моладзь, гэта былі адмарозкі. Яны свае дзеі матывавалі тым, што, маўляў, чаму мы голыя загараем”.

(Марына: ) “Гэта залётныя, прыяжджаюць гарэлкі папіць. Гэта ж як паўсюль. Асаблівых дэбошаў я яшчэ ня бачыла”.

Што да звычайных адпачывальнікаў, якіх багата на Менскім моры, ім нудысты збольшага не замінаюць:

(Спадар: ) “Я нармальна стаўлюся да нудыстаў, бо людзі адпачываюць, як хочуць. Калі чалавеку трэба неяк праявіць сябе, хай ён гэта робіць”.

(Спадарыня: ) “Некаторыя саромеюцца глядзець на гэта. Але, можа быць людзі хочуць, каб у іх загаралі ўсе часткі цела?”

(Спадар: ) “Гэта іхная асабістая справа, галоўнае, каб гэта нікога не раздражняла”.

(Спадарыня: ) “Галоўнае, каб была спэцыяльна адведзеная тэрыторыя”.

На разьвітаньне адзін з нудыстаў, Дзьмітры, сьцьвердзіў:

(Дзьмітры: ) “Разумееце, гэта модная зьява, я лічу — за гэтым будучыня”.

Наведнікі нудысцкага пляжу на Менскім моры кажуць, што калі тэмпэратура паветра большая за 10 градусаў, абавязкова сустрэнеш на пляжы хаця б аднаго чалавека. А ў добрае надвор’е ў выходныя зьбіраецца больш за сотню людзей.

Калі я праходзіў міма спадара, які напужаўся інфармацыі пра АМОН і нацягнуў плаўкі, я яго паспрабаваў супакоіць, маўляў, міліцыя — тут рэдкі госьць. На гэта чалавек мне адказаў: “У нашай краіне ўсё можа быць”.
XS
SM
MD
LG