Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНЧУКІ НАМЕРВАЮЦЦА ПРАТЭСТАВАЦЬ СУПРАЦЬ РАЗБУРЭНЬНЯ СЫНАГОГІ


Галіна Абакунчык, Менск

Судзьдзя Іна Яблыкава назвала патрабаваньні спадара Гутмана беспадстаўнымі, рашэньне райсуду правільным, а таму касацыйную скаргу пакінула без задавальненьня.

Прычынай супрацьстаяньня між прэзыдэнтам Усясьветнай арганізацыі беларускіх габрэяў і найвышэйшымі дзяржаўнымі ўладамі сталася разбурэньне восеньню мінулага году будынку менскай сынагогі па вуліцы Дзімітрава, 3 і далейшай спробай грамадзкасьці дамагчыся яе аднаўленьня.

Гаворыць Якаў Гутман:

(Гутман: ) “Калі я пачаў патрабаваць ад уладаў выкананьня законаў аб захаваньні гісторыка-культурнай спадчыны, мяне зьвінавацілі ў распаўсюдзе непраўдзівых зьвестак. Тады я зьвярнуўся ў суд, каб ён разабраўся, хто з нас хлусіць. Сёньняшняе рашэньне гаворыць пра тое, што мэр гораду і міністар культуры вышэйшыя за законы”.

Паводле словаў Гутмана, у сёньняшніх варунках несвабоды судовых органаў ня мае сэнсу марнаваць час і сілы, каб дамагацца пакараньня высокіх чыноўнікаў за асабістую абразу. Аднак ён мае намер патрабаваць адказнасьці дзяржаўных уладаў за разбурэньне будынку.

Лідэр Усясьветнай арганізацыі беларускіх габрэяў падаў у Менскі гарсуд яшчэ адну апэляцыйную скаргу на рашэньне Цэнтральнага суду Менску, які не пажадаў прыцягнуць да адказнасьці Менгарвыканкам і Мінкультуры за бязьдзейнасьць, вынікам якой сталася разбурэньне сынагогі. Нечаканую падтрымку ў гэтым змаганьні спадар Гутман атрымаў ад жыхароў дому №4 па вуліцы Шпалернай, што побач з вуліцай Дзімітрава. Яны таксама намерваюцца дамагацца ад уладаў спыніць будаўніцтва жылога дому й аднавіць зруйнаваную сынагогу. Гаворыць жыхарка дому Вольга Вечар:

(Вечар: ) “Чыноўнікі пазбаўляюць нас нацыянальнай спадчыны, каб некалькі таўстасумаў збудавалі сабе новыя кватэры. Мы вельмі занепакоеныя такой антыдзяржаўнай палітыкай чыноўнікаў і дзяржавы, мы патрабуем ад гарвыканкаму адмяніць рашэньне пра адвод участку фірме “Камкон” і патрабуем аднаўленьня сынагогі”.

Пікет супраць будаўніцтва жылога дома на месцы былой сынагогі па вуліцы Дзімітрава, 3 адбудзецца заўтра на пляцы Бангалёр.
XS
SM
MD
LG