Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ПЭРФОРМАНС МАСТАКУ АЛЕСЮ ПУШКІНУ ДАЛІ ШТРАФ


Любоў Лунёва, Менск

Cёньня ў будынак упраўленьня міліцыі Маскоўскага раёну сталіцы, дзе месьціцца кабінэт судзьдзі Надзеі Рэуцкай, прыйшлі журналісты й калегі мастака. Алесь Пушкін на пачатку судовага паседжаньня цалкам прызнаў сваю віну — тое, што не падпарадкаваўся патрабаваньням міліцыянтаў.

Нагадаем, 3 ліпеня падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Рэспублікі Алесь Пушкін у цэнтры гораду ладзіў пэрформанс. Паводле мастака, мэтай імпрэзы было нагадаць пра дзейнасьць несправядліва забытых герояў вайны — Усевалада Родзькі й Міхала Вітушкі, якія ў сталінскі час былі названыя здраднікамі й ніколі ня згадваліся ў савецкай гістарыяграфіі.

Алесь Пушкін пасьпеў толькі паставіць партрэты генэралаў і раскласьці тканіну, на якой задумаў напісаць: “Слава героям!”, як да яго падышлі міліцыянты. Калі ён адмовіўся пайсьці зь імі ў пастарунак, яны кінуліся на яго, павалілі на зямлю і зашчапілі яму на руках кайданкі. Доўгі час міліцыянты цягнулі Пушкіна па зямлі на вачах абураных людзей. У пастарунку мастака трымалі ўсю ноч і ўвесь наступны дзень.

Судзьдзя вызваліла Пушкіна з-пад варты і перанесла на сёньня разгляд справы і прысуд.

Надзея Рэуцкая ўлічыла, што Пушкін ваяваў у Афганістане, зьяўляецца мастаком і ня мае шмат грошай. Вырак — за непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыянтаў штраф на шэсьць мінімальных заробкаў. Вось як гэта камэнтуе сам мастак Алесь Пушкін:

(Пушкін: ) “Гэта прыкмета таталітарнай дзяржавы. А калі б чалавек на праспэкце пачаў надзьмуваць шарыкі й гаварыць: “Ніхто не забыты, нішто не забыта”, то й яго прыпыняць? Ці да сьмешнага дойдзе — напрыклад, мы фатаграфуемся на фоне ГУМу, а да нас падыходзіць міліцыянт і кажа: “Вашу акрэдытацыю”. Гвалтоўнае прыпыненьне мастацкай акцыі ёсьць прыкметай таталітарнай дыктатарскай дзяржавы.

Няма ў нас свабоды творчасьці. Няма свабоды творчасьці ў тым, што гэтыя партрэты не былі прынятыя на выставу “Пагоня”. Сам старшыня Саюзу мастакоў асьцярожна, баязьліва іх зьняў. Вось і вынік вам. Зьнялі з выстаўнай спэцыялізаванай залі — вынесьлі на плошчу. Цяпер пра Міхала Вітушку і Ўсевалода Родзьку даведаюцца тысячы людзей.

Вельмі трапна заўважылі мне ў Маскоўскім РУУСе расейскія міліцыянты: “Ды вы самі пішаце гэтыя кнігі й самі іх чытаеце. Нам яны не патрэбныя”. На гэта я ім адказаў: “Вось цяпер, спадары міліцыянты, нават па службовым сваім абавязку вы вымушаныя будзеце даведацца, хто такія былі нашы слаўныя героі — генэрал Міхал Вітушка і генэрал Усевалад Родзька”.

На прапанову судзьдзі сказаць апошняе слова Пушкін урачыста вымавіў адзіную фразу:

(Пушкін: ) “Бог ня ў сіле, а ў праўдзе. А праўда — у чыстых сэрцах”.

Гэта трэцяя судовая справа мастака Алеся Пушкіна за пэрформансы. У 1989 годзе за шэсьце зь бел-чырвона-белымі сьцягамі па менскім праспэкце Леніна на Дзень Волі яго пакаралі двума гадамі няволі ўмоўна. Тады ён ня меў права пакідаць без дазволу ўладаў месца жыхарства — вёску Бабры на Віцебшчыне. У 1999 годзе ў дзень сканчэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі ён выкінуў вазок гною ля будынка ягонай адміністрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG