Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УГНАЕНЬНІ НА ЭКСПАРТ ЗАЛЕЖВАЮЦЦА Ў БЕЛАРУСКІХ ПАРТАХ


Казімер Яноўскі, Гомель

Ужо больш як два месяцы дабіраецца з Мазыру ў марскі порт Нікалаеў цеплаход “Надзея” з баржай. Агулам яны вязуць паўтары тысячы тон салігорскіх калійных угнаеньняў. Цеплаход зараз знаходзіцца ў Херсоне, дзе з прычыны адсутнасьці грошай беларускія рачнікі ня могуць вырашыць пытаньне ўтылізацыі побытавых адкідаў.

Між тым, заўтра ў Мазырскі рачны порт з Салігорску прыходзіць чарговы эшалён з трыма тысячамі тон калійных угнаеньняў. Вось што распавёў пра схему перавозкі ўгнаеньняў на экспарт праз порт Мазыр начальнік аддзелу зьнешніх паставак “Беларуськалія” Алег Гнядзько:

(Гнядзько: ) “Не зусім яна нас задавальняе. Чаму? Таму што павялічваецца ў параўнаньні з чыгуначным транспартам тэрмін перавозкі тавару ад “Беларуськалія” да порту Нікалаеў”.

Беларускія рачнікі абавязаныя сёлета даставіць ва ўкраінскі марскі порт 70 тысяч тон угнаеньняў. Пра гэта ішла гаворка ў красавіку ў Мазыры падчас наведваньня рачнога порту Аляксандрам Лукашэнкам. Рэальна ўдалося за два з паловай месяца завезьці на экспарт толькі 13 тысяч тон калійных угнаеньняў.

Прычыну дырэктар дэпартамэнту беларускага воднага транспарту Браніслаў Гавароўскі бачыць у няўрэгуляванасьці беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў у пытаньнях абслугоўваньня флёту на тэрыторыі Ўкраіны.

(Гавароўскі: ) “Гэта пытаньні скасаваньня платы за шлюзаваньне нашых буксіраў. Гэта пытаньні паглыбленьня рэк Прыпяці й Дняпра на тэрыторыі Ўкраіны, устаноўка навігацыйнага абсталяваньня, а таксама адкрыцьцё пункту мытнага афармленьня ў порце Кіеў”, — кажа дырэктар дэпартамэнту спадар Гавароўскі.

Самі рачнікі, у прыватнасьці, намесьнік начальніка беларускага рачнога параходзтва Сяргей Шавілкоў лічыць, што сёлетняя навігацыя ўжо праваленая. Калі была вялікая вада, флёт стаяў. Цяпер на беларускім участку ракі Прыпяць баржы можна загружаць толькі напалову. Вада ўпала. З-за адсутнасьці грошай фарватэр ня чысьціцца ўжо амаль дзесяць гадоў. Апроч таго, рачнікі ня могуць купіць нават паліва, каб наладзіць рэгулярную перавозку ўгнаеньняў. Даўгі параходзтва на сёньня дасягнулі агулам паўмільярда рублёў.
XS
SM
MD
LG