Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА КАРЫСТАНЬНЕ БІБЛІЯТЭЧНАЙ ЛІТАРАТУРАЙ ПРЫЙДЗЕЦЦА ПЛАЦІЦЬ


Ігар Карней, Менск

Кантынгент наведнікаў грамадзкіх бібліятэк — найперш студэнты, пэнсіянэры ды іншыя катэгорыі насельніцтва, якія ня могуць сабе дазволіць занадта часта наведваць кніжныя крамы. Таму адмысловы загад пра перавод сфэры сацкультбыту на максымальнае самазабесьпячэньне ўспрыняты са зьдзіўленьнем нават у асяродку саміх супрацоўнікаў гэтай галіны.

Каб пачытаць адно выданьне, цяпер трэба заплаціць ад 200 да 500 рублёў за асобнік у залежнасьці ад паліграфічнага выкананьня — выходзіць, паход у бібліятэку для сельскага жыхара цяпер параўнальны з наведваньнем крамы. Чаму ўрэшце аддасьць перавагу нават заўзяты чытач — цалкам зразумела.

Ідэя перавесьці бібліятэкі на камэрцыйныя рэйкі належыць чыноўнікам Міністэрства культуры, якое ёсьць непасрэдным куратарам гэтай сфэры. У міністэрстве спасылаюцца на адсутнасьць бюджэтнага фінансаваньня, а на заробленыя такім чынам грошы, маўляў, кожная бібліятэка зможа аднавіць свае сьціплыя і ў абсалютнай бальшыні маральна састарэлыя фонды.

У гарадах, дзе колькасьць абанэнтаў куды большая і гвалтоўны пераход на неўласьцівую дагэтуль форму дачыненьняў можа выклікаць пэўны супраціў, камэрцыялізацыя бібліятэк ідзе не такімі шпаркімі тэмпамі. Распавядае загадчыца бібліятэкі аршанскай вучэльні чыгуначнікаў Ларыса Кліноўская:

(Кліноўская: ) “У гарадзкой бібліятэцы ёсьць платны аддзел. Там літаратура, якую любіць народ: у яркіх вокладках, пераважна дэтэктывы. Бібліятэкі цяпер прымушаюць займацца камэрцыяй. З кожным чытачом падпісваецца дамова, тыя пакідаюць пэўную суму на некалькі дзён і пашпарт. Кніжкі даюць на мінімальны тэрмін. Літаратура, на мой погляд, самае “сьмецьце”. Пятнаццаць тамоў нейкай сэрыі выдаецца, дык людзі ўжо на сярэдзіне ня памятаюць, пра што было напачатку. Нічога цікавага для чалавека, які думае. Але бібліятэкі маюць права зарабляць грошы, і таму такі від паслугаў паступова пашыраецца. Гэта вырашана на дзяржаўным узроўні, і нашыя галіновыя часопісы ўвесь час пішуць, што бібліятэкі павінны вучыцца зарабляць самастойна”.

Ніхто з адмыслоўцаў ня можа згадаць прэцэдэнт, каб дзесьці ў сьвеце публічныя бібліятэкі бралі грошы з чытачоў. У скрайнім выпадку можа брацца задатак, калі справа тычыцца дарагіх фаліянтаў ці эксклюзіўных альбо старадаўніх выданьняў. Але адсутнасьць нават мінімальнага фінансаваньня, неабходнага для жыцьцядзейнасьці грамадзкіх бібліятэк у Беларусі, вымушае мясцовыя ўлады ісьці на рызыкоўныя экспэрымэнты.
XS
SM
MD
LG