Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У БЕЛАРУСЬ З АФІЦЫЙНЫМ ВІЗЫТАМ ПРЫБЫЎ ГЕНЭРАЛЬНЫ ДЫРЭКТАР ЮНЭСКА КАІТЫРА МАЦУУРЫ


Ганна Соусь, Менск

Кіраўнік ЮНЭСКА прыехаў у Менск сёньня ўвечары. У першы дзень свайго візыту ў Беларусі Каітыра Мацууры адкрывае Нацыянальны цэнтар інфармацыі й дакумэнтацыі ЮНЭСКА ў Нацыянальнай бібліятэцы й сустракаецца зь віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Дражыным.

Гэта трэці візыт кіраўніка ЮНЭСКА за апошнія адзінаццаць гадоў. Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Таварыства беларускай мовы з гэтай нагоды даслалі ліст Аляксандру Лукашэнку з прапановай стварыць Беларускі Нацыянальны ўнівэрсытэт. Публічна зьвярнуцца з гэтым да Лукашэнкі яны зьбіраюцца заўтра ў Мірскім замку, дзе спадар Мацууры будзе ўручаць пасьведчаньне аб уключэньні гэтага помніка ў сьпіс Усясьветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЭСКА.

Гаворыць старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Вольга Іпатава:

(Іпатава: ) “Гэтая ідэя высьпявала вельмі даўно, і яна павінна была быць, нягледзячы ні на чые візыты. Магчыма, Мірскі замак, мая радзіма, паўзьдзейнічае ўсёй сваёй энэргетыкай на вырашэньне гэтай праблемы, якая вырашаецца ў любой цывілізаванай дзяржаве як першаступенная”.

Думку Вольгі Іпатавай працягвае старшыня ТБМ Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Мы прапануем у год уручэньня Мірскаму замку гэтага дыплёма, каб у верасьні ў Дзень беларускага пісьменства і друку ў Міры Лукашэнка падпісаў дэкрэт аб стварэньні Беларускага Нацыянальнага ўнівэрсытэту”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці спадзеяцеся Вы, што гэты зварот будзе мець нейкі плён?”

(Трусаў: ) “Я лічу, што 50 на 50. Улічваючы сёньняшнія адносіны з Расеяй, улічваючы выступ Лукашэнкі на парадзе, заклік бараніць родную мову, які ён зрабіў на днях у сувязі зь юбілеем Купалы. Тым больш, што мне казалі некаторыя прыхільнікі гэтай ідэі з адміністрацыі прэзыдэнта, што ён яшчэ летась у кастрычніку быў ня супраць гэта зрабіць, але на яго ціснула моцнае прамаскоўскае антыбеларускае лёбі. Будзем спадзявацца, што ён сасьпее да верасьня. Добра, што гэта адразу пасьля сьвяткаваньня юбілею Янкі Купалы. Нацыянальны ўздым ёсьць. Таму шанцы ў нас на ўнівэрсытэт да верасьня ёсьць”.

Варта дадаць, што да візыту кіраўніка ЮНЭСКА ў Беларусь прымеркаваны й яшчэ адзін зварот ад прадстаўнікоў грамадзкасьці — Сьвятланы Алексіевіч, Станіслава Шушкевіча, Валерыя Дранчука, Радзіма Гарэцкага ды іншых. Яны прапануюць, каб ЮНЭСКА ўнесла Белавескую пушчу ў свой адмысловы Сьпіс усясьветнай спадчыны, якая знаходзіцца пад пагрозай.

Апроч візыту ў Мірскі замак, заўтра Генэральны дырэктар ЮНЭСКА сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, возьме ўдзел у міжнародным сымпозыюме “Разнастайнасьць моваў і культураў у кантэксьце глябалізацыі”, а таксама наведае Нацыянальны мастацкі музэй, дзе адкрыецца выстава твораў Марка Шагала.
XS
SM
MD
LG