Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ РАСКОЛ У БЕЛАРУСКАЙ АЎТАКЕФАЛЬНАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЕ?


Сяргей Абламейка, Прага

Сталыя слухачы “Сымбаля Веры”, магчыма, памятаюць выпуск перадачы, які прагучаў у эфіры пры канцы траўня. Тэкст гэтай перадачы зьмешчаны і на нашай старонцы ў інтэрнэце. У тым выпуску гаворка ішла пра тое, што епіскап Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы Аляксандар Салагуб прыняў у сваю юрысдыкцыю парафіі і сьвятароў так званай Беларускай Народнай Праваслаўнай царквы начале з айцом Янам Спасюком з паселішча Пагранічны пад Горадняй. 21 чэрвеня ў Таронта памёр першагіерарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы мітрапаліт Мікалай Мацукевіч. А за 6 дзён да сьмерці, 15 чэрвеня, мітрапаліт Мікалай даслаў на Радыё Свабода ліст, у якім паведамляў, што ён адлучыў епіскапа Аляксандра Салагуба ад царквы за самавольнае прысваеньне ўлады. Вось тэкст гэтага ліста.

“БАПЦ, БА(Н)ПЦ і А. Салагуб.
Выясьненьне.

У інтэрвію Беларускай праграме Радыё Свабода 25 траўня 2002 году епіскап Аляксандар Салагуб, адлучаны 26 студзеня 2002 году ад Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы за бяспраўнае прысваеньне ўлады, быў прадстаўлены як “намесьнік першагіерарха БАПЦ мітрапаліта Мікалая”. У сваіх выказваньнях А. Салагуб пацьвердзіў такое непраўдзівае прадстаўленьне яго, выступіўшы ў ролі гіерарха БАПЦ. У інтэрвію ён сказаў: “Айцец Ян Спасюк маім указам быў прызначаны кіраўніком справамі БАПЦ у Беларусі з шырокімі паўнамоцтвамі”.

Да нядаўняга часу а. Ян Спасюк быў у гэтак званай Беларускай Аўтакефальнай (Народнай) Праваслаўнай царкве “епіскапа” Эгідыюша Рыжага, а цяпер, як сказаў Салагуб, “у сакавіку сёлета я прыняў пад свой архірэйскі амафор былыя парафіі так званай Беларускай Народнай Праваслаўнай царквы”.

Ідэя аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай царквы мае за сабой доўгую гісторыю, увянчаную самаахвярнай працай папярэднікаў, сярод якіх былі й мучанікі. Сьветлую ідэю аўтакефаліі павінен падтрымліваць кожны сьведамы беларус як на Бацькаўшчыне, гэтак і ў дыяспары. Увасабленьнем гэтай ідэі на чужыне сталася большь за 50 гадоў таму Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная царква. Шмат хто з нашых суродзічаў бачыць, як маскоўскае праваслаўе выядае культуру й душу беларусаў. Аўтакефалія – гэта ратунак ад нішчэньня беларушчыны, ад русыфікацыі. Але ж ідэю аўтакефаліі трэба праводзіць у жыцьцё сур’ёзна і на цьвёрдым грунце. Трэба, каб пад будынкам адноўленай БАПЦ у Беларусі была гістарычная глеба і кананічная пераемнасьць.

Аляксандар Салагуб вольны рабіць тое, што ён хоча, але пасьля ягонага адлучэньня ад БАПЦ ня мае ніякіх падставаў выступаць у ролі ейнага гіерарха. І робяць памылку тыя, хто яго ў такой ролі прадстаўляе.

Мітрапаліт Мікалай,
Першы Гіерарх БАПЦ,
15 чэрвеня 2002 года”.

Сытуацыя, як бачым, вельмі сур’ёзная. Яна ня толькі яшчэ больш ускладняе і заблытвае становішча ў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царкве, але робіць праблематычнай і новую юрысдыкцыю айца Яна Спасюка і ягоных паплечнікаў у Беларусі. БАПЦ і так ужо на сёньня падзеленая на прыхільнікаў мітрапаліта Мікалая Мацукевіч і мітрапаліта Ізяслава Бруцкага. А тут яшчэ і новыя падзеі вакол епіскапа Аляксандра Салагуба. Што ж будзе далей? З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да аднаго з самых паважаных дзеячоў беларускай эміграцыі ў ЗША доктара Янкі Запрудніка, які зьяўляецца вернікам БАПЦ і пры жыцьці мітрапаліта Мікалая Мацукевіча падтрымліваў яго юрысдыкцыю. Вось нашая гутарка:

(Абламейка: ) “Спадар Запруднік, якую сёньня функцыю ў БАПЦ выконвае Аляксандар Салагуб?”

(Запруднік: ) “У БАПЦ Аляксандар Салагуб на сёньняшні дзень не выконвае ніякай функцыі, таму што не так даўно ён быў адлучаны ад БАПЦ, пасьля таго як ён пачаў выяўляць прысваеньне ўлады незаконным парадкам. Пры жыцьці мітрапаліта Мікалая ён сябе абвесьціў галавой БАПЦ у Злучаных Штатах, некаторыя выказваньні пра ўладыку мітрапаліта былі абсалютна не на месцы, і выглядала, што ягоны ўдзел у БАПЦ будзе ўводзіць закалот, што гэта чалавек, які проста ня здольны ацэньваць свайго рэальнага палажэньня ў БАПЦ і ў беларускім грамадзтве”.

(Абламейка: ) “Аляксандар Салагуб правёў 1-2 чэрвеня Сабор з удзелам дэлегацыі зь Беларусі. Як у БАПЦ сёньня ацэньваюць гэты Сабор?”

(Запруднік: ) “Ацаніць гэты Сабор даволі цяжка, бо пра яго абсалютна нічога ня ведама. Ведама толькі, што прыяжджаў айцец Спасюк і быццам бы яшчэ нехта, але называць гэта саборам – я ня ведаю, ці можна, ці ёсьць аснова, таму што Сабор за сабой павінен мець нейкія рэальныя прыходы, а нам ня ведама, якія рэальныя прыходы ёсьць за гэтымі людзьмі, што бралі ўдзел у саборы. Яны там кажуць, што на Беларусі ёсьць быццам бы 70 прыходаў, але ня ведаю, наколькі гэта праўда. Нам здаецца гэта неверагодным – такая заява. А пра Сабор нічога ня ведама. І калі ён адбыўся, дык ён ніякага дачыненьня да БАПЦ ня мае. Гэта асобная група людзей, якія робяць сваю асобную справу”.

(Абламейка: ) “Якое становішча ў БАПЦ зараз, якія крокі актыў БАПЦ зрабіў пасьля сьмерці мітрапаліта Мікалая? Якая будучыня БАПЦ?”

(Запруднік: ) “Цяпер, як я разумею, робяцца крокі, каб ужыцьцёвіць тое, чаго ўвесь час хацеў нябожчык мітрапаліт Мікалай – гэта значыцца, аб’яднаньня БАПЦ, якая існавала як дзьве асобныя юрысдыкцыі, царкоўныя адзінкі. Гэта значыць, вярнуцца да таго стану, які быў – каб БАПЦ стала адной царквой. Пасьля сьмерці мітрапаліта Мікалая застаўся мітрапаліт Ізяслаў, і калі да гэтага аб’яднаньня дойдзе, дык БАПЦ вернецца да свайго – гэта значыцца, адзінства ў сэнсе арганізацыйным”.

Як бачым, доктар Янка Запруднік сьцьвярджае, што епіскап Аляксандар Салагуб і група людзей, якія яго падрымліваюць, знаходзяцца па-за межамі БАПЦ, не прадстаўляюць яе і вольныя рабіць тое, што ім хочацца. Самі ж прыхільнікі мітрапаліта Мікалая Мацукевіча сёньня, як вы чулі, робяць захады, каб аб’яднацца з прыхільнікамі мітрапаліта Ізяслава Бруцкага і ў такі спосаб аб’яднаць дзьве часткі некалі адзінае царквы. Гэты раскол трывае ўжо каля 20 год. Ну а што думае сам адлучаны мітрапалітам Мікалаем ад царквы епіскап Аляксандар Салагуб. Вось што ён сказаў мне па тэлефоне зь Нью-Ёрку.

(Абламейка: ) “Епіскап Аляксандар, толькі што я прачытаў вам тэкст ліста, які атрымала Беларуская служба Радыё Свабода. Што вы можаце сказаць на гэты конт?”

(Салагуб: ) “Я хачу адзначыць, што так званае адлучэньне мяне ад БАПЦ ня ёсьць правамоцным, бо было прынятае з парушэньнем Статуту БАПЦ. Рада БАПЦ ня мела ніякіх паўнамоцтваў пазбаўляць мяне архірэйскага пасаду ці звальняць з БАПЦ. Згодна з нашым дзейным Статутам супраць епіскапа БАПЦ захады могуць быць прынятыя толькі Саборам епіскапаў БАПЦ. З гэтага трэба выходзіць, бо гэта базуецца на праваслаўных канонах, згодна якіх толькі 12 епіскапаў, якія прызначаныя Саборам епіскапаў судзьдзямі, могуць вырашаць лёс епіскапа. Сабор епіскапаў БАПЦ не прымаў ніякага рашэньня супраць мяне, таму я і надалей зьяўляюся дзеючым епіскапам БАПЦ”.

(Абламейка: ) “У лісьце, які даслаў у Беларускую службу Радыё Свабода незадоўга да сьмерці мітрапаліт Мікалай, сьцьвярджалася што айцец Ян Спасюк належаў да царквы Эгідыюша Рыжага, а цяпер вы яго прынялі пад сваю юрысдыкцыю. Якая сытуацыя з гэтым зараз?”

(Салагуб: ) “Справа ў тым, што сам нябожчык мітрапаліт Мікалай без майго ведама сустракаўся у 2001 годзе ў Таронта з айцом Янам Спасюком. Яны падпісалі пагадненьне аб прыняцьці парафій былой Беларускай Народнай Праваслаўнай царквы ў юрысдыкцыю мітрапаліта Мікалая. І толькі ўжо ў 2002 годзе мітрапаліт Мікалай падпісаў указ аб пазбаўленьні айца Яна Спасюка сьвятарскага сану. Але трэба сказаць, што згодна з нашым Статутам пазбаўленьне сану сьвятара таксама можа быць зробленае толькі Саборам епіскапаў. Нябожчык мітрапаліт Мікалай са мной гэтую справу не абмяркоўваў, мы разам, як Сабор епіскапаў, не падпісвалі такую пастанову, таму я лічу, што айцец Ян Спасюк працягвае быць сьвятаром, і калі ён і яго паплечнікі зьвярнуліся да мяне, я вырашыў прыняць іх у сваю юрысдыкцыю, каб тыя сьвятары і парафіі былі пад кананічным амафорам”.

(Абламейка: ) “Епіскап Аляксандар, якая сытуацыя ёсьць зараз, якія крокі вы будзеце рабіць далей?”

(Салагуб: ) “1 і 2 чэрвеня сёлета ў Гайлэнд-Парку ў Нью-Джэрзі адбыўся надзвычайны Сабор БАПЦ. Гэта быў першы пасьля другой сусьветнай вайны Сабор БАПЦ, на якім прысутнічалі дэлегаты зь Беларусі – прыехала вялікая дэлегацыя 8 чалавек на чале з айцом Янам Спасюком. Гэты Сабор прыняў важныя пастановы аб будучыні нашай царквы – мы зьвярнуліся да Канстантынопальскага патрыярха з просьбай прыняць нас у царкоўна-кананічную лучнасьць. Хачу сказаць, што сярод дэлегатаў зь Беларусі былі як сьвятары, так і сьвецкія асобы. І адзін зь вядомых у Беларусі праваабаронцаў, старшыня гарадзенскай філіі Беларускага Гельсынскага камітэту спадар Аляксандар Антанюк стаў і новым сакратаром кансысторыі БАПЦ. Гэта гаворыць аб тым, што зараз асноўны ўпор у сваёй дзейнасьці я, як новы мітрапаліт, і новае кіраўніцтва нашай царквы будзем рабіць для царкоўзнага будаўніцтва менавіта на Бацькаўшчыне”.

Як вы чулі, епіскап Аляксандар Салагуб сьцьвярджае, што Рада БАПЦ паводле статуту БАПЦ была неправамоцная вырашаць пытаньне аб адлучэньні ад царквы епіскапа. Праўда тут не зусім зразумела, як ставіцца да рашэньня самога мітрапаліта Мікалая аб адлучэньні епіскапа Салагуба: з аднаго боку ён – гэта не сабор, а зь іншага боку, усё ж кіраўнік царквы... Епіскап Аляксандар Салагуб не зьбіраецца прызнаваць рашэньне Рады БАПЦ і называе сябе новым мітрапалітам. 1-2 чэрвеня ён правёў з удзелам сваіх прыхільнікаў надзвычайны сабор, на які прыяжджала дэлегацыя зь Беларусі, і зьбіраецца цэнтар сваёй дзейнасьці пераносіць ў Беларусь.

А тым, як будуць разгортвацца падзеі ў БАПЦ, мы будзем інфармаваць сваіх слухачоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG