Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА СЭСІІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСМБЛЕІ АБСЭ Ў БЭРЛІНЕ АБМЯРКОЎВАЕЦЦА БЕЛАРУСКАЕ ПЫТАНЬНЕ


Вольга Караткевіч, Бэрлін

Першым было пытаньне прадстаўніцтва так званага нацыянальнага сходу ў Асамблеі. Сталы камітэт складаецца з кіраўнікоў дэлегацыяў, у паседжаньнях таксама бяруць удзел кіраўнікі камісіяў. Дэлегацыя так званага нацыянальнага сходу атрымала запрашэньне Сакратарыяту, аналягічнае запрашэньне ў дэлегацыі беларускай апазыцыі.

Кіраўнік апошняй Анатоль Лябедзька паведаміў, што прадстаўнікі нацыянальнага сходу прыехалі ў Бэрлін перакананыя, што атрымаюць статус прадстаўнікоў Беларусі ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Для іх нават былі падрыхтаваныя бэджы чырвонага колеру – гэта бэджы ўдзельнікаў, але там пазначана – умоўна. Беларуская апазыцыя мае бэджы зялёнага колеру, гэта значыць, статус назіральніка. Кіраўнік афіцыйнай дэлегацыі Ўладзімер Канаплёў нават узяў з сабой сына – звычайна гэта практыкуецца, мець асобаў, якія суправаджаюць дэлегатаў, і для іх ёсьць асобная праграма і, натуральна, асобны бюджэт. Калі б Сталы камітэт не распачаў дыскусію пра беларускае прадстаўніцтва, то дэ-факта дэпутаты нацыянальнага сходу былі б удзельнікамі, а не назіральнікамі на бэрлінскай сэсіі. Пасьля вельмі вострай дыскусіі і двайнога галасаваньня гэтае пытаньне перанесенае на зіму, Сталы камітэт наступным разам будзе засядаць у лютым у Вене, і там зноў будзе ўзьнятае пытаньне прадстаўніцтва нацыянальнага сходу.

Сьведкі сёньняшняй сустрэчы сказалі мне, што выступ Канаплёва быў вельмі эмацыйным. Канаплёў наракаў на несправядлівасьць у стаўленьні Эўропы да нацыянальнага сходу Беларусі. Рэзка адмоўнай была рэакцыя дэпутаткі з Латвіі Дэмакавай, якая ў свой час была зь візытам у Беларусі ў складзе дэлегацыі адмысловай групы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, а вось кіраўніца гэтай групы Ута Цапф выказалася ў падтрымку нацыянальнага сходу. Натуральна, супраць прызнаньня нацыянальнага сходу была дэлегацыя ЗША, а таксама іншых краінаў, Славаччыны, напрыклад.

Я ўбачыла тут лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча. Перад тым, як прыехаць у Бэрлін, я чытала прэс-рэліз гэтай партыі – яны казалі, што Гайдукевіч быў адмыслова запрошаны Адрыянам Севярынам, хаця Анатоль Лябедзька мне гаворыць, што гэта ня так, я пастараюся гэта пазьней высьвятліць. Таксама ў сёньняшніх дэбатах удзельнічае Валянціна Палевікова, а Ўладзімер Нісьцюк ня здолеў прыехаць з прычыны сямейных абставінаў. Нацыянальны сход, апроч Ўладзімера Канаплёва, прадстаўляе Аляксандар Красуцкі – гэта тыя, каго я бачыла.

Пытаньне Беларусі гучала на адкрыцьці, і Ута Цапф, кіраўніца рабочай групы ў справах Беларусі, карыстаючыся з магчымасьці, задала адкрытае пытаньне ў прысутнасьці ўсіх парлямэнтароў да дзейнага Старшыні АБСЭ, міністра замежных справаў Партугаліі Антоніў Мартыньша да Круша. Яна сказала, што місія АБСЭ ў Беларусі фактычна мёртвая, і спыталася, што робіць АБСЭ для таго, каб зьмяніць гэтую сытуацыю. Яна літаральна пералічыла ўсе пункты наступу на місію АБСЭ, асобна сказала пра сытуацыю вакол амбасадара Віка, а спадарыня Дэмакава ўнесла дадатковы пункт у рэзалюцыю па Беларусі – заклікаць беларускія ўлады аднавіць візы супрацоўнікам Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ.

Калі ў папярэдніх рэзалюцыях АБСЭ заўсёды зьвяртала ўвагу на парушэньні правоў чалавека, то ў гэтым годзе рэзалюцыя аб Беларусі падрыхтаваная амэрыканцам, прадстаўніком ЗША ў АБСЭ Стэні Гоерам, і ўпершыню ў гэтай рэзалюцыі ёсьць пункты пра гандаль зброяй і пра датычнасьць беларускіх уладаў да зьнікненьня вядомых апазыцыйных дзеячаў.
XS
SM
MD
LG