Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЬТЭРНАТЫЎНЫ ЛЕТНІК У ШЧОРСАХ


Севярын Квяткоўскі, Шчорсы

Шторанак стары чыгуначны звон ХІХ стагодзьдзя будзіць насельнікаў намётаў. Іхная задача — спарадкаваць будынак колішняй славутай бібліятэкі Храптовічаў у Шчорсах. Ідэю летніка тлумачыць кіраўнічка “Гісторыкі” Ірына Кашталян:

(Кашталян: ) “Ідэя ў чарговай каардынацыі не абыякавых да гісторыі людзей, спроба наладзіць кантакт зь мясцовым насельніцтвам, вярнуць да жыцьця гэты помнік гісторыі”.

У летніку бяруць удзел дзеці й юнакі з усёй Беларусі, разам каля сямідзесяці чалавек. Адпачынак і праца арганізаваныя паводле скаўцкіх прынцыпаў: нельга паліць, ужываць сьпіртовыя напоі, лаяцца і сьмеціць. Сярод абавязкаў — настойлівае пажаданьне паслугоўвацца беларускай мовай. Зрэшты, гэтыя пункты артыкуляваныя на выпадак далучэньня чужых людзей.

Калі сябры “Гісторыкі” пераважна студэнты, дык школьнікі належаць да менскіх скаўтаў, якіх ачольвае спадарыня Людміла, паводле прафэсіі — выхавацелька пачатковых клясаў:

(Людміла: ) “Чамусьці ў нас не хапае ініцыятыўных маладых дюдзей, якія б па-за школай займаліся выхаваньнем нашых беларусаў сапраўдных”.

У летнік у Шчорсах дзеля выхаваньня сапраўдных беларусаў прыехалі старэйшыя скаўты зь Вялейкі. Яны ладзяць зь дзецьмі скаўцкія гульні. Кажа Аляксей:

(Аляксей: ) “Усе гэтыя гульні скіраваныя на тое, каб стварыць групу, каб у гэтай групе быў узаемны давер, вылучыўся нейкі лідэр, каб група магла працаваць разам”.

Гутару з самым малодшым жыхаром летніка:

(Карэспандэнт: ) “Як цябе завуць?”

(Хлопчык: ) “Вітаўт”.

(Карэспандэнт: ) “А што ты тут будзеш рабіць?”

(Хлопчык: ) “Адпачываць”.

Старэйшыя ўдзельнікі летніку працуюць па пяць–шэсьць гадзінаў, а адпачываюць на беразе Нёману, ля вогнішча з гітарай. У адукацыйна-забаўляльнай праграме летніка заплянаванае запрашэньне прафэсійных беларускіх бардаў, а таксама заахвочваньне вясковых школьнікаў, для якіх прыезд гасьцей стаўся сапраўднай падзеяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG